Першы Кантынентальны Кангрэс — з’езд дэлегатаў 12 калоній (акрамя Джорджыі, Канадскіх калоній, Багамскіх астравоў і некаторых іншых уладанняў Кароны, якія атрымалі запрашэнне на Кангрэс, але рашылі не адпраўляць дэлегатаўПазней Джорджыя адправіла дэлегатаў на 2-і Кантынентальны Кангрэс) Вялікабрытаніі, які пачаў паседжанне 5 верасня 1774 г. у Карпентэрз-Холе ў Філадэльфіі, Пенсільванія пасля ўвядзення Брытанскім урадам невыносных законаў. Мэта апошніх была, сярод іншага, прымусіць улады горада Бостана i калоніі Масачусэтс пакараць удзельнікаў акцыі «Бостанскае чаяпіцце».
На Кангрэс прыехала 56 дэлегатаў. Кожная калонія паслала не менш за 2-х прадстаўнікоў; больш усяго дэлегатаў прыслалі калоніі Нью Ёрк (9 чал.), Пенсільванія (8 чал.) і Вірджынія (6 чал.). Яны абмеркавалі рад пытанняў, сярод якіх быў байкот англійскіх тавараў як адказ на невыносныя законы, таксама былі разгледжаны парушэнні правоў каланістаў з боку брытанскай каланіяльнай адміністрацыі; каралю Георгу III ад імя Кангрэсу была зроблена заява аб неабходнасці справядлівага ўрэгулявання ўзніклых праблем і адмены непапулярных заканадаўчых актаў супраць каланістаў.
У выпадку ігнаравання прапановаў 1-га Кангрэсу меркавалася скліканне Другога Кантынентальнага Кангрэсу. 2-і Кангрэс пачаў працаваць у маі 1775 г.
Праца Кангрэсу і яе вынікі
1-ы Кангрэс працаваў з 5 верасня па 26 кастрычніка 1774 г. Спачатку старшынёй паседжанняў быў Пейтан Рэндальф, а з 22 па 26 кастрычніка — Генры Мідлтан. Сакратаром Кангрэсу быў абраны Чарлз ТомсанRisjord, Norman K. (2002). Jefferson’s America, 1760—1815. Rowman & Littlefield. p. 114.
Сярод дэлегатаў Кангрэсу не было адзінай думкі наконт будучыні калоній. Напрыклад, Патрык Генры выступаў за стварэнне незалежнага ад Брытаніі ўрада, а некаторыя іншыя дэлегаты прапанавалі кампрамісныя варыянты ўрэгулявання адносін з метраполіяйGreene, Evarts Boutell (1922). The Foundations of American Nationality. American Book Company. p. 434. З аднаго боку было вырашана аб’явіць байкот англійскім таварам з 1 снежня 1774 г. і фарміраваць атрады апалчэнцаў для абароны калоній ад магчымых рэпрэсій метраполіі, з другога дэлегаты Кангрэсу рабілі спробы дамовіцца з каралём, што сведчыла аб жаданні большасці з іх пазбегнуць грамадзянскай вайны і канчатковага аддзялення калоній ад Брытаніі. Байкот брытанскіх тавараў прынёс некаторую шкоду эканоміцы метраполіі, але не дасягнуў сваёй мэты — дабіцца адмены невыносных законаў. Але вынікам паседжання Першага Кангрэсу стала таксама рашэнне склікаць Другі Кантынентальны Кангрэс, які аб’явіў сябе рэвалюцыйным урадам калоній у час паўстання і даў назву парламенту ЗША.
Спіс дэлегатаў ад кожнай калоніі
Нью Гэмпшыр: Натэніэл Фолсам, Джон Саліван; Масачусэтс: Джон Адамс, Самюэль Адамс, Томас Кушынг, Роберт Пейн; Род Айлэнд: Стывен Хопкінс, Самюэль Уорд; Канэктыкут: Сілас Дін, Эліфалет Дайер, Роджэр Шэрман; Нью-Ёрк: Джэймс Дуэйн, Джон Джэй, Філіп Лівінгстан, Айзек Лоў, Саймон Берэм, Джон Харынг, Генры Уішэр, Уільям Флойд, Джон Алсап; Нью-Джэрсі: Стывен Крэйн, Джон дэ Харт, Джэймс Кінслі, Уільям Лівінгстан, Рычард Сміт; Пенсільванія: Эдвард Бідл, Джон Дыкінсан, Джозеф Галоўэй, Чарлз Хамфрыз, Томас Міфін, Джон Мортан, Самюэль Роўдз, Джордж Рос; Дэлавэр: Томас МакКін, Джордж Рыд, Сізар Родні; Мерылэнд: Самюэль Чэйз, Роберт Гоўлдзбара, Томас Джонсан, Уільям Пака, Мэт’ю Цілгмэн; Вірджынія: Рычард Бланд, Бенджамін Харысан, Патрык Генры, Патрык Генры Лі, Эдмунд Пендлтан; Джордж Вашынгтон; Паўночная Караліна: Рычард Касвэл, Джозеф Хьюэс, Уільям Хупер; Паўднёвая Караліна: Крыстафер Гадздэн, Томас Лінч малодшы, Генры Мідлтан, Эдвард Рутледж, Джон Рутледж.
Літаратура Андрэй Берастоўскі. Гісторыя ЗША ў апавяданнях і дакументах. Мінск: выдавец А. М. Вараксін, 2019. — 176 с. ISBN 978-985-7220-59-5
Дакументы Кангрэсу Full text of Journals of the Continental Congress, 1774—1789 (Пратаколы паседжанняў Кантынентальнага Кангрэсу на англ. мове) Papers of the Continental Congress (Digitized Original Documents) (Дакументы Кантынентальнага Кангрэсу, алічбаваныя тэксты арыгінальных дакументаў)
Катэгорыя:Гісторыя ЗША