Шу́бічы (, ) — вёска ў Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Шаняўскага сельсавета. Знаходзіцца за 5 км на захад ад Пружан, 17 км ад чыгуначнай станцыі Аранчыцы на лініі Баранавічы — Брэст. Насельніцтва — 89 жыхароў, 48 двароў (2005).

Геаграфія Даўней вёска з усіх бакоў была акружана лесам. Лес з поўначы (Камароўшчына), бярозавы гай з захаду (Казюмрынак) і сасновы бор з усходу захаваліся. З поўдню за ворнымі землямі і поплавам пачынаўся малады алешнік (Пагоня), за савецкім часам пасля меліярацыі пераўтвораны ў ворыва.

Гісторыя У 1563 — у Чахецкім вайтоўстве, належыць да Дабучынскага двару Кобрынскай эканоміі (Вялікае Княства Літоўскае).

За расійскім часам — вёска ў Міхайлаўскай воласці Пружанскага павета Гродзенскай губерні. На пачатку XX стагоддзя 224 жыхары; маёнтак Шубічы — 6 жыхароў.

За польскім часам — фальварак і вёска ў гміне Шані, а з 1926 года — у гміне Пружана Пружанскага павета Палескага ваяводства. У 1921 годзе 244 жыхары, 61 двор. У фальварку Шымана Бжэзінскага (Брызінскага) вырошчваліся бульба і агародніна; мелася 50 дойных кароў, коні, свінні; сыраварня.

З верасня 1939 года ў складзе БССР, з 15 студзеня 1940 — у Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці. Адразу па прыходзе Саветаў маёмасць Бжэзінскіх канфіскаваная. Перад вайной тры сыны Бжэзінскіх эмігравалі ў ЗША, а ўласнік маёнтку з жонкай і чацвертым сынам пераехалі ў Пружаны. Далейшы іх лёс невядомы. Панскі маёнтак быў аддадзены на кватэры ваенным, у клуні круцілі кіно.

Пасля вайны ў 1944 годзе ў Шубічах была адчынена пачатковая школа, якая размясцілася ў тым самым маёнтку Бжэзінскіх. У кастрычніку 1949 створаны калгас «Малады бальшавік», у 1950 далучаны да шанёўскага «Ленінскага шляху» (цяпер ААТ «Шані-аграпрадукт»).

Паводле перапісу 1959 у вёсцы 314 жыхароў, 85 двароў; у 1970 — 296 жыхароў; у 2003 — 94 жыхары, 49 двароў.

Транспарт Аўтамабільная дарога Пружаны — Шубічы — Клятное.

Вядомыя ўраджэнцы і жыхары Сяргей Бабрук — Герой Савецкага Саюза

Літаратура

Спасылкі

Надвор'е ў Шубічах

Катэгорыя:Шаняўскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Пружанскага раёна