Дзве душы — аповесць Максіма Гарэцкага. Твор апавядае пра лёс памешчыка Ігната Абдзіраловіча. Твор зрабіў вялікі ўплыў на беларускую філасофію. У прыватнасці Ігнат Канчэўскі, пры напісанні праграмнага эсэ беларускай філасофіі «Адвечным шляхам» узяў як псеўданім прозвішча галоўнага героя «Дзвюх душ» — Ігнат Абдзіраловіч.
Сюжэт У 1890 годзе пан Абдзіраловіч вяртаецца з балю, каб пабачыць свайго сына Ігналіка. У лесе разбойнікі нападаюць на памешчыка і забіваюць яго жонку. Узятая ў двор памешчыка да яго сына Малання мяняе панскае дзіця сваім. Прапаршчык Ігнат захварэў на фронце. Яго адпраўляюць лячыцца ў Маскву, пасля — на Каўказ, дзе Ігнат знаёміцца з дачкою купца Макасеева Аляю і з князем Гальшанскім. Князь на беларускім сходзе казаў, што ў беларусаў няма класавай барацьбы. Ігнат Абдзіраловіч абурыўся гэтым, падкрэсліў існаванне антаганізму класаў на тэрыторыі Беларусі, чым перацягнуў сход на свой бок. Затым Ігнат ад’язджае ў Беларусь, дзе некаторы час жыве ў настаўніка Мікалая. На мітынгу Абдзіраловіч спаткаў Сухавея, які сваімі прамовамі пытаўся прабудзіць нацыянальную свядомасць беларусаў, аднак бальшавік Гаршчок схіляе народ на свой бок. Васіль, які з’яўляецца сапраўдным панскім сынам, жыве ў Маскве, працуе на фабрыцы. Разам з Гаршчком ён б’ецца на баку бальшавікоў. Ігната захопліваюць бальшавікі, аднак яго ратуе Васіль. Белагвардзеец Гарэшка пад прозвішчам Гарэліка працуе разам з бальшавікамі і душыць сялянскія паўстанні, каб дыскрэдытаваць савецкую ўладу. Тым часам Мікалай і Сухавей арыштаваны. Настаўніца Іра бароніць іх. Ігнат і Васіль спрабуюць выратаваць беларускіх дзеячаў ад расстрэлу. Гарэлік меў задачу пераправіць архімандрыта за мяжу, аднак Гаршчок здзекаваўся над манахамі ў падвале. Гарэлік забівае Гаршчка і ўцякае за мяжу. Савет урачыста хавае Гаршчка.
Водгукі У рэцэнзіі, апублікаванай у часопісе «Рунь», адзначаецца, што твор чытаецца лёгка, хоць аўтар і ўжывае шмат магілёўскіх дыялектызмаў.
У рэцэнзіі на кнігу Антон Луцкевіч адзначае, што аналізуючы і абрысоўваючы Ігната Абдзіраловіча, аўтар твора не раскрывае вобраз Васіля. Галоўны герой не мае пад сабой грунту, на які ён мог бы стаць. Вайна і хвароба з’яўляюцца прычынамі, якія характарызуюць няздольнасць галоўнага героя зрабіць жыццёвы выбар. Рэцэнзент крытыкуе аўтара за празмернае ўжыванне дыялектызмаў. Антон Луцкевіч адзначае, што, нягледзячы на ўсе недахопы, аповесць цікавая і варта ўвагіА. Л. «Дзьве душы» М. Гарэцкага // Зборнік «Нашай Нівы» за 1920 год. — С. 41—44..
Значэнне аповесці Твор з’явіўся на самым пачатку станаўлення нацыянальнай класікі і станоўча паўплываў на яе далейшае развіццёБазык, Наталія. Матыў канфліктнай свядомасці ў аповесці Максіма Гарэцкага «Дзве душы» // Białorutenistyka Białostocka. — 2014. — Tom 6. — S. 348—349.. Максім Гарэцкі меў мужнасць сказаць праўду аб рэвалюцыі і сутнасці бальшавізму. Вобразы Гарэшкі і Гаршчка далёкія ад грамадскіх інтарэсаў і тым больш інтарэсаў беларускага адраджэння. Менавіта вобразы бальшавікоў сталі прычынай замоўчвання твора на працягу многіх дзесяцігоддзяў.
Пераклады на іншыя мовы
Аповесць перакладзена на нямецкую мову. У 2014 годзе выдавецтва «Гугольц» апублікавала кнігу «Zwei Seelen» у перакладзе Норберта Рандаў разам з сястрой Гундулай і Уладзімірам Чапегам, на якую нямецкія сродкі масавай інфармацыі адгукнуліся рэцэнзіямі.
У 2024 годзе англійскі пераклад аповесці, зроблены Воляй Яноўскай, апублікаваны ў Канадзе выдавецтвам Grunwald Publishing.
Уплыў на культуру Твор зрабіў вялікі ўплыў на беларускую філасофію. Ігнат Канчэўскі падпісаў эсэ «Адвечным шляхам» прозвішчам галоўнага героя аповесці — Ігнат АбдзіраловічБазык, Наталія. Матыў канфліктнай свядомасці ў аповесці Максіма Гарэцкага «Дзве душы» // Białorutenistyka Białostocka. — 2014. — Tom 6. — S. 348..
У красавіку 2016 года ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адбылася прэм’ера спектакля «Дзве душы» паводле аповесці Максіма Гарэцкага ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна, аўтарамі інсцэніроўкі аповесці з’яўляюцца Максім Клімковіч і Уладзіслаў Ахроменка.
Літаратура Базык, Наталія. Матыў канфліктнай свядомасці ў аповесці Максіма Гарэцкага «Дзве душы» // Białorutenistyka Białostocka. — 2014. — Tom 6. — S. 343—350.
Дзве душы // Гарэцкі М. Творы: Дзве душы: Аповесць. Апавяданні. Жартаўлівы Пісарэвіч: П’еса. Літаратурная крытыка і публіцыстыка. Лісты. — : Маст. літ., 1990. — С. 5—106, 526—529. — 629 с. — ISBN 5-340-00580-1.
Спасылкі
Катэгорыя:Літаратурныя творы на беларускай мове Катэгорыя:Беларуская літаратура XX стагоддзя Катэгорыя:Творы Максіма Гарэцкага Катэгорыя:Аповесці Катэгорыя:Кнігі 1919 года