Янка Журба, сапр.: Іван Якаўлевіч Івашын (, в. Купніна, Лепельскі павет, цяпер у межах Чашнік — , ) — беларускі паэт.

Біяграфічныя звесткі Нарадзіўся ў сялянскай сям’і, у сям’і было 12 чалавек. Скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю (1902). Настаўнічаў на Віцебшчыне ў пачатковых школах. Пасля заканчэння Глухаўскага настаўніцкага інстытута (1906—1909, Чарнігаўская губерня) працаваў выкладчыкам рускай мовы і літаратуры ў старэйшых класах гарадскіх і пачатковых вучылішчаў Украіны, Беларусі, Расіі, у навукова-педагагічнай камісіі Наркамасветы БССР (1921—1922), інспектарам Бабруйскага, затым Калінінскага (Клімавічы) акруговых аддзелаў народнай асветы (1923—1927), выкладчыкам у Чэрыкаўскай сямігадовай школе, у Магілёўскім медыцынскім вучылішчы (1927—1934).

У 1934 пераехаў у Мінск, працаваў у Інстытуце мовазнаўства АН БССР. З-за хваробы вачэй быў змушаны ў 1937 пакінуць працу. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1939 года.

З 1941 і пасля вайны жыў у Чашніцкім раёне, быў настаўнікам спеваў у пачатковых класах. Апошнія гады жыцця правёў у вёсцы Слабада пад Полацкам і ў Полацку ў сваякоў і манашак зачыненага Свята-Еўфрасінеўскага манастыра. У апошнія гады цярпеў вялікую нястачу і жыў у доме састарэлых у Полацку.

Пахаваны на Ксавер’еўскіх могілках у Полацку.

Творчасць Дэбютаваў этнаграфічнымі нарысамі ў 1902 (газета «Витебские губернские ведомости»). Па-беларуску пачаў пісаць у час навучання ў Глухаўскім інстытуце, першы беларускі верш «На беразе Дзвіны» быў надрукаваны ў 1909 (газета «Наша ніва»). У дакастрычніцкай паэзіі Янкі Журбы выразна выявілася сацыяльная накіраванасць, аптымістычны погляд на свет, жаданне ператварэнняў. У паслярэвалюцыйны час друкуецца з 1921 у газеце «Савецкая Беларусь», з 1922 — у часопісе «Полымя» і інш. Аўтар зборнікаў паэзіі «Заранкі» (Мінск, 1924), «Ясныя шляхі» (1959), «Вершы» (1970), «Роднае» (1980), «Мая песня» (1984) і кніжак вершаў для дзяцей «Ластаўкі» (1950), «Сонечная раніца» (1955), «Светлыя дні» (1959). У 1950 выйшлі Выбраныя творы.

Літаратура

Спасылкі

ЖУРБА Янка

Катэгорыя:Паэты Беларусі Катэгорыя:Члены Саюза пісьменнікаў СССР Катэгорыя:Беларускамоўныя паэты Катэгорыя:Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя:Перакладчыкі з рускай мовы Катэгорыя:Перакладчыкі на беларускую мову Катэгорыя:Бабруйская філія Маладняка Катэгорыя:Выпускнікі Глухіўскага нацыянальнага педагагічнага ўніверсітэта імя Аляксандра Даўжэнкі