Бражуольскі дагавор — дагавор між Ягайлам і Тэўтонскім Ордэнам, падпісаны 6 ліпеня 1382 года ў замку Бражуоле каля Трокаў.
Перадумовы 12 чэрвеня 1382 года віленчукі на чале з гандляром Ганулам, скарыстаўшыся адсутнасцю Кейстута (ваяваў з Карыбутам) і Вітаўта (быў у Троках), адкрылі вароты горада войску Ягайлы. Вітаўт сабраў у Троках войска і паспрабаваў адваяваць Вільню, але беспаспяхова. Ягайла са Скіргайлам пачалі наступ на Трокі. Крыжакі, з якімі Ягайла меў пагадненне, рухаліся ад Коўна.
Падпісанне 6 ліпеня ў замку Бражуоле (каля Трокаў) Ягайла і прадстаўнікі Тэўтонскага Ордэна заключылі кароткае перамір'е (да 8 жніўня), паводле якога крыжакі абяцалі не ўступаць у пагадненні з Кейстутам. Апошняя ўмова сведчыць, што кіраўнікі Тэўтонскага Ордэна не лічылі сябе звязанымі ранейшымі дамоўленасцямі і маглі падтрымаць любы з бакоў у расколатай міжусобіцай Літве.
Наступствы Перад пагрозай супольнага ўдару з боку Ягайлы і крыжакоў Вітаўт быў змушаны адступаць у Гародню. Трокі здаліся 20 ліпеня. Між тым Кейстут сабраў сваіх прыхільнікаў у Жмудзі, Вітаўт у Гародні, а яго брат Любарт наняў войскі ў Галіцка-Валынскім княстве. 3 жніўня 1382 года войскі Кейстута і Ягайлы сустрэліся ля Трокаў, але бітва так і не пачалася. Абодва бакі пагадзіліся на перамовы. Аднак па прыбыцці ў Ягайлаў лагер Кейстут і Вітаўт былі арыштаваныя і кінутыя ў турму ў Крэве, а іх войска абяззброенае. Праз 5 дзён пасля ўвязнення, 15 жніўня, Кейстут быў знойдзены мёртвым. Вітаўту пазней удалося ўцячы.
Катэгорыя:Міжнародныя дагаворы Тэўтонскага ордэна Катэгорыя:Міжнародныя дагаворы Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:1382 Катэгорыя:Міжнародныя дагаворы XIV стагоддзя