І́па — рака ў Светлагорскім, Калінкавіцкім і Мазырскім раёнах Гомельскай вобласці Беларусі, левы прыток ракі Прыпяць.

Назва Назву Іпа ставяць у адзін шэраг з такімі рачнымі назвамі, як Іпуць (прыток Сажа) і Іпта (прыток Друці)В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 189.В. Жучкевич. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Минск, 1974. С. 147., пры гэтым назва Іпта выводзіцца ад *IputaK. Būga. Rinktiniai raštai. Vilnius, 1961. C. 623..

Усе гэтыя рэкі лакалізуюцца параўнальна недалёка адна ад адной на Падняпроўі (у трохвугольніку Гомель — Рагачоў — Калінкавічы), пры гэтым адна ад адной яны аддзяляюцца буйнымі рэкамі (Сож, Дняпро, Бярэзіна). Такая лакалізацыя дазваляе казаць пра рэгіянальнае гняздо гідронімаў з коранем Ip-, які мог пашырацца пашыральнікам -ut-.

Пашыральнік -ut- дастаткова вядомы ў балцкім (літоўскім) слова- і назваўтварэнні — у гідраніміі, напрыклад, такія літоўскія рачныя назвы, як Girgžduta, Noruta (-ut-a), Augutis, Degutis, Kirkutis, Narutis, Vilnutis (-ut-is), Beržutė, Galnutė (-ut-ė)P. Skardžius. Rinktiniai raštai. T. 1. Vilnius, 1996. C. 361—364.. Блізкі яму пашыральнік -et-, напрыклад, у гідроніме Снежаць (сустракаюцца на Падняпроўі, на Павоччы, на Падонні), ад Snaig-et-В. Н. Топоров. Балтийские следы на Верхнем Дону // Балто-славянские исследования 1988—1996. Москва, 1997. С. 322..

У неакадэмічных інтэрнэт-публікацыях нярэдка сцвярджаецца сувязь назвы Іпуць з літоўскім upė «рака». Але дагэтуль ні на балцкім, ні на шырэйшым індаеўрапейскім матэрыяле не засведчана кораня тыпу *ip- у значэнні «рака». З іншага боку, у балцкай гідраніміі — досыць шырокае фанетычнае вар’іраванне кораня са значэннем «цякучая вада, рака» — ab- (ap-) : ub- (up-), адсюль і гідронімы тыпу Абеста, Апісна, Убарць, Упа, што ўсе значаць «рака» або «рэчанька».

Магчыма, *ip- выкарыстоўвалася для называння «ракі» ў гаворцы падняпроўскіх балтаў, якая да нас не дайшла, апроч як у выглядзе паасобных гідронімаў. У такім выпадку гэта была б адна з лічаных адноўленых лексем, якія генетычна з’яўляюцца балцкімі, але не засведчаныя ў вядомых балцкіх мовахВ. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 176, 240—241..

Гідраграфія Даўжыня ракі 109 км. Плошча вадазбору 1010 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 5,9 м³/с. Агульнае падзенне ракі 29,7 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,3 ‰. Асноўны прыток: Віша (справа). Густата рачной сеткі 0,52 км/км².

Пачынаецца за 3 км на паўночны захад ад вёскі Сякерычы Светлагорскага раёна, цячэ па нізінах Гомельскага і Прыпяцкага Палесся, вусце за 4 км на паўднёвы захад ад вёскі Рудня Гарбавіцкая. Разводдзе з сярэдзіны сакавіка да першай дэкады мая. Замярзае ў канцы снежня, крыгалом у 2-й палове сакавіка. Даліна трапецападобная, у нізоўі скрынкападобная, шырыня яе 1,5—2 км. Схілы даліны спадзістыя і ўмерана стромкія, вышынёй да 2,5 м. Пойма нізкая, шырынёй 1—1,5 км. Рэчышча ад вытоку на працягу 95 км каналізаванае, шырыня яго 10—12 м. На вадазборы ракі густая сетка меліярацыйных каналаў і канаў.

Літаратура

Спасылкі Асноўныя характарыстыкі рачных басейнаў (з плошчай вадазбору ≥ 200 км²) Гомельскай вобласці / Даведнік «Водныя аб’екты Рэспублікі Беларусь» Агульная характарыстыка рачной сеткі Гомельскай вобласці (у разрэзе раёнаў) / Даведнік «Водныя аб’екты Рэспублікі Беларусь»

Катэгорыя:Рэкі Светлагорскага раёна Катэгорыя:Рэкі Калінкавіцкага раёна Катэгорыя:Рэкі Мазырскага раёна Катэгорыя:Прытокі Прыпяці