Брыум Клінгрэфа (Bryum klinggraeffii) — від лістасцябловых імхоў сямейства брыевых.
Апісанне Сцябло даўжынёй 2—5 см, простае або галінастае. Лісце чаргаванае, жорсткае, яйкападобна-ланцэтнае, з адхіленымі краямі. Жылка выходзіць з верхавінкі ліста кароткім зубчастым вастрыём. Клеткі ліста падоўжана-рамбаідальныя, са слабапатоўшчанымі сценкамі. Каробачка на чырвонай ножцы, адвіслая, маленькая, ад яйкападобнай да адваротна-яйкападобнай, спелая — чырвоная. Перыстом двайны. Вечка пукатае, з вострай верхавінкай.
Пашырэнне Пашырэнне: Еўропа, Усходняя Азія, Паўночная і Паўднёвая Амерыка, Цэнтральная Афрыка. Ва Усходняй Еўропе трапляецца рэдка ў паўночна-заходніх яе раёнах, У Беларусі дакладна вядомы некалькі месц росту — Сапоцкінскі біялагічны заказнік, а таксама ў Вілейскім і Мядзельскім раёнах, у XIX стагоддзі адзначаўся для Белавежскай пушчы. Месцы росту: бетонныя апоры шлюзаў, тарфяныя берагі рэк. Трапляецца невялікімі рыхлымі дзярнінкамі, часцей сярод іншых відаў імхоў.
Асаблівасці біялогіі Двухдомны. Размнажаецца вегетатыўна — рызоіднымі ярка-малінавымі акруглымі шматклетачнымі вывадковымі целамі. Спараносіць летам.
Літаратура
Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. Мн.: БелЭн, 1993. ISBN 5-85700-095-5
Катэгорыя:Брыевыя (сямейства)