Рака трох вешчуноў (ням. Dreikönigsschrein) — самы вялікі рэлікварый Заходняй Еўропы, агульнапрызнаны шэдэўр сярэднявечнага латарынгскага мастацтва. Створаны ў 1181—1225 гг. для захоўвання ў Кёльнскім саборы мошчаў трох каралёў, якія, паводле падання, прыходзілі з дарункамі пакланіцца Хрысту.

У 344 г. медыяланскі біскуп Еўсторгій прывёз з Канстанцінопаля мошчы трох каралёў. Праз восем стагоддзяў, у 1164 г., Мілан быў узяты і спустошаны войскамі імператара Фрыдрыха Барбаросы. Ён завалодаў царкоўнымі святынямі і перадаў іх у дар свайму вернаму саюзніку — кёльнскаму архібіскупу Райнальду фон Даселю.

У Сярэднявеччы такі дар меў не толькі духоўнае значэнне: мошчы святых прыцягвалі ў тыя ці іншыя храмы натоўпы паломнікаў і, адпаведна, грашовыя патокі. Біскуп Райнальд з трыумфам прывёз мошчы ў Кёльн, і з тых часоў яны лічацца галоўнай хрысціянскай святыняй горада.

Мікалай Вердэнскі, знакаміты на ўсю Еўропу залатар, пачаў працу над патройным рэлікварыем у 1181 годзе. Кожны з трох каралёў пахаваны ў асобным саркафагу. У цэлым пірамідальная канструкцыя (два саркафагі ўнізе і адзін над імі) нагадвае базіліку. Яе шырыня 110 см, вышыня 153 см, даўжыня 220 см.

Па сценках саркафага рассаджаны 74 рэльефныя фігуры з пазалочанага срэбра, якія адлюстроўваюць прарокаў (унізе) і апосталаў (уверсе), а таксама сцэны з жыцця Хрыста. Адлюстраваны і Райнальд, архібіскуп кёльнскі. Для ўпрыгожвання рэлікварыя было выкарыстана не менш за тысячу каштоўных каменняў і жамчужын, у тым ліку антычныя камеі і гемы.

У дэтэктыўнай літаратуры У рамане Умберта Эка «Баўдаліна» (2000) дарэнне мошчаў вешчуноў Кёльну прадстаўлена як містыфікацыя галоўнага героя. У Джэймса Ролінса ў рамане «Касці вешчуноў» (2005) унутры святыні апыняюцца не мошчы, а аднаатамнае золата, якое якабы ўмелі здабываць вешчуны. Расследаваннем крадзяжу рэлікварыя заняты героі дэтэктыва Эндру Грылі «Біскуп і тры каралі» (1998).

Літаратура

O. Von Falke, Meister Nikolaus von Verdun und der Dreikönigenschrein, Zeitschrift für christliche Kunst, 18, 1905, p. 161—174. O. Von Falke, Der Dreikönigenschrein des Nikolaus von Verdun im Kölner Domschatz, Mönchengladbach, 1911. F. Witte, Der Goldene Schrein, Köln, 1928, p. 64. J. Braun, Der Dreikönigenschrein jetzt und einst, Stimmen der Zeit, CXV, 1929, p. 130.

Катэгорыя:Рэлікварыі Катэгорыя:Раманскае мастацтва Катэгорыя:Славутасці Кёльна Катэгорыя:Хрысціянскія рэліквіі