Ілля Паўлавіч Мазурук (, Брэст-Літоўск — , Масква) — савецкі палярны лётчык, Герой Савецкага Саюза (1937), генерал-маёр авіяцыі (1946). Заслужаны палярны лётчык (1937).

Біяграфія І. П. Мазурук нарадзіўся ў горадзе Брэст-Літоўск Гродзенскай губерні (цяпер горад Брэст у Беларусі). З 1915 г. жыў у горадзе Льгоў (цяпер у Курскай вобласці Расіі), дзе скончыў пачатковую школу. У 1919—1920 гг. працаваў на чыгуначнай станцыі Льгоў. У 1923—1924 гг. працаваў у Ліпецку, у 1926—1927 гг. намеснік загадныка агітацыйна-прапагандыстскім аддзелам Арлоўскага гаркама партыі. У Чырвонай Арміі з 1927 года. У 1928 г. скончыў Ленінградскую ваенна-тэарэтычную школу ВПС, у 1929 г. — Барысаглебскую ваенную авіяцыйную школу лётчыкаў і быў дэмабілізаваны. У 1930—1938 гг. І. П. Мазурук камандзір атрада Грамадзянскага паветранага флоту і Упраўлення Паўночнага марскога шляху. Асабліва вызначыўся ў якасці камандзіра самалёта ТБ-3 падчас высадкі першай дрэйфуючай палярнай станцыі «Паўночны полюс-1» у 1937 годзе. У 1938—1941 гг. начальнік палярнай авіяцыі. У 1939 г. І. П. Мазурук скончыў Курсы ўдасканалення каманднага саставу пры Ваенна-паветранай акадэміі імя М. Я. Жукоўскага. Падчас савецка-фінляндскай вайны ў снежні 1939 — сакавіку 1940 г. у якасці камандзіра асобнай эскадрыллі начных бамбардзіроўшчыкаў, на самалёце ТБ-3 зрабіў некалькі баявых вылетаў. З 1943 г. камандзір авіядывізіі і намеснік начальніка трасы Аляска — Сібір па дастаўцы самалётаў у СССР па ленд-лізу з ЗША. Пасля вайны зноў на пасадзе начальніка Упраўлення Паўночнага марскога шляху і адначасова начальнік Упраўлення Палярнай авіяцыі. У 1947—1953 гг. І. П. Мазурук намеснік начальніка НДІ Грамадзянскага паветранага флоту. З лістапада 1949 года — начальнік лётнай інспекцыі — намеснік начальніка Упраўлення Палярнай авіяцыі.

З лютага 1953 г. генерал-маёр І. П. Мазурук у запасе. У 1955—1956 гг. узначальваў лётны атрад 1-й савецкай Антарктычнай экспедыцыі. Здзейсніў 254 палёты на дрэйфуючыя станцыі «Паўночны полюс». У студзені 1956 года І. П. Мазурук першым у свеце здзейсніў пасадку самалёта Ан-2 на вяршыню айсберга ў Антарктыдзе.

Жыў у Маскве. Памёр 2 студзеня 1989 г. Пахаваны на Траекураўскіх могілках.

Узнагароды Медаль «Залатая Зорка» 2 ордэны Леніна 3 ордэны Чырвонага Сцяга 3 ордэны Айчыннай вайны 1-й ступені 2 ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга 3 ордэны Чырвонай Зоркі медалі узнагароды замежных дзяржаў імянная зброя

Бібліяграфія Памятка пилоту для полётов в северных и таёжных условиях — М., 1949; Лётчики-испытатели Аэрофлота — М., 1991 (сумесна з А. А. Лебедзевым); Над Арктикой и Антарктикой — М., 1991 (сумесна з А. А. Лебедзевым).

Памяць Імем Героя названы вуліцы ў Ліпецку, Брэсце, пасёлку Сеймчан у Магаданскай вобласці. У Беларусі ў 2006 годзе выпушчаны паштовы канверт, прысвечаны І. П. Мазуруку.

Літаратура

Спасылкі

Валерий Михайлов Арктическая одиссея лётчика Мазурука

Катэгорыя:Лётчыкі Вялікай Айчыннай вайны Катэгорыя:Удзельнікі савецка-фінскай вайны Катэгорыя:Палярныя даследаванні Катэгорыя:Дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР 2-га склікання