Адміністрацы́йны падзе́л ВКЛ — комплекс палітычных захадаў, якія вызначалі палітыка-адміністрацыйнае размеркаванне тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага яго ўладамі падчас усяго існавання дзяржавы між XIII і XVIII стст.

Гісторыя Палітыка ўнутранага падзелу ВКЛ у адміністрацыйных мэтах азначылася ў першыя гады існавання дзяржавы ў XIII ст., на перыяд чаго прыпадаюць першыя крыніцы пра існаванне ў дзяржаве такіх адміністрацыйных тэрыторый як княства і воласцьМ. К. Чупрыс. Адміністрацыйны падзел на тэрыторыі Беларусі ў XVI ст..

Утварэнне Адміністрацыйна-тэрытарыяльная структура ВКЛ змянялася з пачаткам пашырэння яго тэрыторыі пры першых князёх літоўскіх. Так, ужо ў часы княжання Войшалка былі аб'яднаныя Навагародская, Пінская, Полацкая і Віцебская землі, захопленыя Нальшчаны і Дзяволтва. У 1307 годзе пры Віценю было далучана Полацкае княства, з 1320-х па 1330-я гады (Гедзімін) ВКЛ атрымала кантроль над Віцебскай, Турава-Пінскай, Брэсцкай землямі, а таксама Менскім княствам. Ужо пры Гедзіміне яго сыны атрымалі кантроль над рознымі часткамі дзяржавы: так, у спадчыну Манівіду засталіся Кернаў і Слонім, Карыяту — часткі Панямоння ўключна з Навагрудкам, Альгерду — Крэва і рэгіён Беразіны, Кейстуту — амаль увесь захад сучаснае Беларусі (Трокі, Брэсцкая, Гродзенская землі), Нарымонту — Пінская зямля; рэгіён Вільні, якая на той час ужо атрымала статус сталіцы, атрымаў Яўнут.

Пасля прыходу на велікакняжацкі пасад Альгерда ў ВКЛ фактычна аформіўся падзел на дзве часткі, калі заходняй часткай ВКЛ стаў кіраваць адзін з братоў Альгерда, Кейстут. З іншага боку, пры панаванні Альгерда ў складзе ВКЛ апынуліся беларускае Падняпроўе, Бранскае княства, крыху пазней — Мазырская і Брагінская воласці, а таксама землі сучаснай Украіны: Падолле, Валынь і Чарнігава-Северская зямля, яшчэ трохі пазней былі далучаны Смаленскае княства і Жамойць. У гэтыя перыяды існавання ВКЛ у краіне збольшага захоўвалася сістэма падзелу на ўнутраныя княжацкія ўладанні.

Змены ў структуры Пры Вітаўце з канца XIV — пачатку XV стст. княжацкія пасады былі скасаваны ў Віцебску, Ноўгарадзе-Северскім, Полацку, Кіеве, Падоллі, Валыні, замест чаго былі ўведзены пасады намеснікаў. Як мяркуецца, гэтыя мерапрыемствы былі ажыццёўлены з мэтай цэнтралізацыі ўлады, аднак у цэлым сістэма мясцовага кіравання захавала сваю традыцыйнасць. У гэты час намеснікі таксама былі прызначаны Ягайлам у Вільні і некаторых іншых гарадох. У 1398 годзе паводле Салінскага дагавора ВКЛ страціла Жамойць на карысць Тэўтонскага ордэна, праз шэсць год у склад ВКЛ было канчаткова далучанае Смаленскае княства. Між тым, праз год пасля паразы Тэўтонскага Ордэна (Грунвальдская бітва) Жамойць перайшла ў пажыццёвае ўладанне Вітаўта, што было пацверджана Мельнскім мірам у 1422 годзе, калі крыжакі саступілі рэгіён ВКЛ па смерці Вітаўта. У 1427 годзе Вітаўтам былі падначалены Цвярское, Разанскай княствы і г.зв. Вярхоўскія княствы. У 1413 годзе Гарадзельскай уніяй быў уведзены інстытут ваяводаў, якія атрымалі рэгіянальную ўладу ў першых новаўтвораных ваяводствах — Віленскім і Троцкім. Віленскаму ваяводзе сталі падпарадкоўвацца Наваградак, а таксама некалькі княстваў — Слуцкае, Клецкае і Мсціслаўскае. У Троцкае ваяводства, у сваю чаргу, уваходзілі практычна ўсе заходнія і цэнтральныя часткі сучаснае Беларусі.

Гэты інстытут захоўваўся да самога канца існавання ВКЛ пад канец XVIII ст.

У 1471 годзе Кіеўскае княства набыло статус ваяводства. У часы кіравання Казіміра IV адбыўся прэцэдэнт спробы ўсталявання мясцовага княства, калі мсціслаўскі князь Юрый Лугвенавіч паспрабаваў стварыць уласнае княства, спрабуючы далучыць да Мсціслава Віцебск і Полацк. Пры наступным князі ВКЛ, Аляксандру, распачалася серыя з некалькіх войнаў з Маскоўскай дзяржавай, пры якіх ВКЛ паслядоўна страціла спачатку Вяземскае княства і некалькі з Вярхоўскіх княстваў (1492—1494 гг.), рэгіёны Чарнігава, Старадуба, Гомеля; Бельскае, Таропецкае і, часткова, Мсціслаўскае княства, а ў 1514 годзе пры яго браце Жыгімонце I, быў страчаны Смаленск. Тым не менш, у 1535 годзе ў склад ВКЛ былі вернуты такія гарады як Гомель і Любеч. У гэтым жа стагоддзі пачаўся працэс утварэння новых ваяводстваў, якія ствараліся шляхам пераўтварэння ўдзельнага княства (або зямлі) у ваяводства альбо дзякуючы вылучэнню пэўнай тэрыторыі з тэрыторыі іншага ваяводства. Першым спосабам у 1504 і 1508 былі ўтвораны Полацкае і Смаленскае ваяводствы адпаведна, другім — Новагародскае (1507, з Віленскага) і Падляшскае (1513, з Троцкага)..

Рэформа Жыгімонта Аўгуста

З 1548 года трон атрымлівае Жыгімонт Аўгуст, падчас кіравання якога ў 1565—1566 гадах уводзіліся сістэмы павятовых соймікаў і судоў, у выніку чаго адміністрацыйна-тэрытарыяльная структура наблізілася да досведу суседняй Польшчы, а ў практыку краіны ўводзіліся межы паветаў. Павет уяўляў сабой адміністрацыйную тэрыторыю, якая структурна ўваходзіла ў склад ваяводства. Былі ўтвораныя новыя ваяводствы — Берасцейскае, Мсціслаўскае, Менскае, Валынскае і Брацлаўскае. Быў упарадкаваны падзел ваяводстваў на паветы: у выніку рэформы ў складзе Віленскага ваяводства былі зацверджаны Ашмянскі, Браслаўскі, Віленскі, Вількамірскі і Лідскі паветы; у складзе Троцкага — Гарадзенскі, Ковенскі, Троцкі і Упіцкі; Новагародскага — Ваўкавыскі, Новагародскі, Слонімскі; Падляшскага — Бельскі, Дарагічынскі, Мельніцкі; Кіеўскага — Кіеўскі і Мазырскі; Віцебскага — Аршанскі і Віцебскі; Берасцейскага — Берасцейскі і Пінскі; Менскага — Менскі і Рэчыцкі, Валынскага — Крамянецкі, Луцкі, Уладзімірскі; Брацлаўскага — Брацлаўскі, Вінніцкі і Звянігарадскі. Асобна вылучаліся Полацкае і Мсціслаўскае ваяводствы, што не мелі паветаў у сваім складзе, а таксама Новагародскае, якое апрача паветаў захавала ў якасці асобнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі Слуцкае княства. Такім чынам, тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага стала размеркаванай паміж 13 адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі першага ўзроўню і 30 адзінкамі другога.

Люблінская унія Па зацвярджэнні Люблінскай уніі і ўтварэнні федэрацыі між ВКЛ і Польшчай эліты апошняй дамагліся ўваходжання ў склад Кароны Падляшша і ваяводстваў на тэрыторыі сучаснай Украіны. У выніку гэтага ВКЛ страціла Падляшскае, Валынскае, Кіеўскае і Брацлаўскае ваяводствы, колькасць літоўскіх ваяводстваў скарацілася да дзевяці, адпаведных паветаў — да 22. Адначасова з гэтым Кіеўскае ваяводства перайшло ў склад Польшчы ў няпоўным складзе з прычыны пераходу Мазырскага павета ў склад Менскага ваяводства. Разам з гэтым паводле палажэнняў уніі ўтварыўся польска-літоўскі кандамініум — Інфлянты, які займаў некаторыя тэрыторыі сучасных Эстоніі і Латвіі. Падчас складання Уніі і на пазнейшых вальных соймах статус рэгіёна аспрэчваўся прадстаўнікамі ВКЛ, якія жадалі бачыць Інфлянты як частку ВКЛ. Статус тэрыторыі аспрэчваўся на вальных соймах 1582 і 1585 гадоў, але нарэшце ў 1589 годзе статус тэрыторыі як сумеснага ўладання (кандамініуму) між Літвой і Польшчай быў пацверджаны.

У адміністрацыйна-тэрытарыяльнай структуры ВКЛ захоўваліся пасады ваяводаў ваяводстваў, якія дэ-факта страчваліся дзяржавай. Так, у перыяд страты княствам Смаленшчыны між 1514 і 1611 гадамі фармальна існавала Смаленскае ваяводства. Пазней ваяводства было падзеленае на два паветы — Смаленскі і Старадубскі, соймікі якіх працягвалі працу нават пасля канчатковага пераходу рэгіёна ў склад Расіі ў 1654 годзе.

У 1793 годзе, пасля Другога падзелу Рэчы Паспалітай статус ваяводства быў нададзены Гродзенскаму і Браслаўскаму паветам. У гэты ж год ліквідаваны Менскае, Мсціслаўскае, Віцебскае, Полацкае і Смаленскае ваяводствы, тэрыторыі якіх поўнасцю або ў вялікай меры перайшлі ў склад Расіі праз Першы падзел Рэчы Паспалітай. Астатнія ваяводствы былі скасаваны па Трэцім падзеле краіны.

Сімволіка Ваяводства ВКЛ як правіла мела ўласны герб і харугву (штандар). Звычайна на штандары і гербе размяшчалася выява Пагоні, якая мела статус афіцыйнай сімволікі дзяржавы, аднак з гэта заканамернасці існавалі пэўныя выключэнні.

Гл. таксама Ваяводы брацлаўскія Ваяводы валынскія Ваяводы віленскія Ваяводы віцебскія Ваяводы інфлянцкія Ваяводы кіеўскія Ваяводы наваградскія Ваяводы менскія Ваяводы мсціслаўскія Ваяводы падляшскія Ваяводы полацкія Ваяводы смаленскія Старосты жамойцкія

Катэгорыя:Гістарычная геаграфія Беларусі