Арсе́н Во́сіпавіч Турцэ́віч ( або 1848, Мінская губерня — пасля 1915) — беларускі і расійскі гісторык, археограф, педагог.

Біяграфія Паходжанне і раннія гады Паходзіў з вядомага праваслаўна-ўніяцкага роду Турцэвічаў, прадстаўнікі якога здаўна служылі святарамі на Рэчыччыне. Нарадзіўся ў сям'і святара Іосіфа (Восіпа) Сіманавіча Турцэвіча (каля 1819—1893), які быў у свой час благачынным, і яго жонкі. Даводзіўся стрыечным братам вядомаму філолагу-антыказнаўцу і прафесару Івану Турцэвічу.

У даведачнай літаратуры традыцыйна пазначаецца, што ён нарадзіўся 19 мая 1849 года ў вёсцы Старыя Хракавічы ў сям'і святара Харкавіцкай Мікалаеўскай царквы. Аднак сучасныя даследчыкі, такія як А. Петухоў, абапіраючыся на паслужны спіс яго бацькі, сцвярджаюць, што ў 1848—1849 гадах Іосіф Турцэвіч служыў у прыходзе вёскі Дзяражычы Лоеўскага благачыння (цяпер Лоеўскі раён), што робіць гэты населены пункт найбольш імаверным месцам нараджэння будучага гісторыка.

Адукацыя і педагагічная дзейнасць Скончыў 4 класы Мінскага духоўнага вучылішча, з якога перайшоў у Мазырскую гімназію, дзе скончыў таксама 4 класы ў 1868 годзе. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Пецярбургскім універсітэце, які паспяхова скончыў у 1872 годзе са ступенню кандыдата.

Пасля ўніверсітэта 19 верасня 1872 года быў прызначаны на пасаду настаўніка гісторыі ў Шавельскую гімназію Ковенскай губерні (цяпер Шаўляй, Літва). Адпрацаваўшы там каля шасці гадоў, перабраўся ў Вільню. З 16 верасня 1878 года пачаў выкладаць айчынную гісторыю і геаграфію ў Віленскай рымска-каталіцкай духоўнай семінарыі. Пазней сумяшчаў гэтую працу з выкладаннем у іншых навучальных установах горада, у тым ліку ў Віленскім Марыінскім жаночым вучылішчы і 1-й Віленскай гімназіі.

Яго педагагічны аўтарытэт быў вельмі высокім: з 21 жніўня 1880 года Арсен Турцэвіч уваходзіў у склад выпрабавальнага камітэта пры Віленскай навучальнай акрузе, дзе адказваў за прыём іспытаў па гісторыі і геаграфіі. Разам з тым Арсен Восіпавіч падтрымліваў цесныя сувязі са сваімі сваякамі, часта ліставаўся са сваім стрыечным братам, прафесарам Іванам Турцэвічам, запрашаў яго на сямейныя ўрачыстасці на Гомельшчыну.

Навуковая і археаграфічная дзейнасць З 21 сакавіка 1901 года з'яўляўся пастаянным членам Віленскай археаграфічнай камісіі.

У рамках камісіі ён выканаў вялікую працу па сістэматызацыі і публікацыі гістарычных крыніц. Дзякуючы яго дзейнасці былі апублікаваны 35-ы і 38-ы тамы фундаментальнага збору «Акты Віленскай археаграфічнай камісіі». Да гэтых тамоў Арсен Турцэвіч напісаў грунтоўныя навуковыя прадмовы і выступіў у ролі непасрэднага складальніка.

Асаблівай заслугай Арсеня Турцэвіча з'яўляецца тое, што ён стаў першым сярод мясцовых жыхароў аўтарам падручнікаў па гісторыі для сярэдніх навучальных устаноў усёй Віленскай навучальнай акругі. Таксама ён склаў першую хрэстаматыю па айчыннай гісторыі. Яго вучэбныя дапаможнікі карысталіся вялікай папулярнасцю, неаднаразова перавыдаваліся (напрыклад, падручнік па рускай гісторыі вытрымаў 13 выданняў да 1911 года), мелі грыфы Міністэрства народнай асветы і ўсе неабходныя цэнзурныя дазволы. Даследаваў становішча беларускага сялянства ў часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

Дакладная дата смерці вучонага невядомая. Звесткі пра яго губляюцца пасля акупацыі Вільні нямецкімі войскамі ў 1915 годзе ў час Першай сусветнай вайны.

Бібліяграфія Хрестоматия по истории Западной России: учеб. пособие для учеников ст. классов сред. учеб. заведений / сост. А. О. Турцевич. — Вильна : тип. А. Г. Сыркина, 1892. — 776 с. Русская история (в связи с историей Великого княжества литовского): курс 3 кл. гимназий и реал. уч-щ / А. О. Турцевич. — Вильна : тип. А. Г. Сыркина, 1894. — 147 с. (13-е выд. — 1911). Краткий учебник русской истории / А. О. Турцевич. — Вильна : тип. А. Г. Сыркина, 1913. — 7-е изд. — 86 с. Русские крестьяне под владычеством Литвы и Польши (1911).

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія Беларусі: дапаможнік / В. А. Белазаровіч; пад агульн. рэдў. І. П. Крэня, А. М. Нечухрына. — Гродна: ГрДУ, 2006. — С. 153. — 346 с. — ISBN 985-417-858-7

Катэгорыя:Нарадзіліся 19 мая Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1849 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1848 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Рэчыцкім павеце (Расійская імперыя) Катэгорыя:Памерлі ў XX стагоддзі Катэгорыя:Члены Віленскай археаграфічнай камісіі Катэгорыя:Археографы Беларусі Катэгорыя:Гісторыкі Расійскай імперыі Катэгорыя:Гісторыкі Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Гісторыкі Беларусі Катэгорыя:Педагогі Расійскай імперыі Катэгорыя:Выпускнікі СПбДУ