А́канне — заканамернасць ужывання галосных гукаў, якая заключаецца ў выкарыстанні гука [а] у ненаціскным становішчы пасля цвёрдых зычных на месцы націскных галосных [о], [э] (кол — калы́, цэ́гла — цагля́ны).
Паходжанне Прычыны і час узнікнення акання ва ўсходніх славян у лінгвістычнай навуцы асвятляюцца неадназначна. Паводле Р. І. Аванесава, аканне ўзнікла ў канцы XII — пачатку XIII стагоддзяў і звязана са змяненнем былога націску і рэдукцыяй націскных галосных.
Некаторыя лічаць, што аканне з’явілася адносна позна, не раней XIV стагоддзя. Найбольш старажытныя выпадкі змешвання літар о і а на пісьме ў ненаціскных складах адносяцца да гэтага часу і зафіксаваны ў помніках маскоўскага паходжання.
Існуе меркаванне (яно ўзыходзіць да Аляксея Шахматава) пра больш раннія з’яўленні акання. Згодна з ім, аканне ўзнікае яшчэ ў некаторых гаворках праславянскай мовы з прычыны страты даўготнага проціпастаўлення ў сістэме вакалізму. Прычына позняга адлюстравання акання на пісьме ў гэтым выпадку тлумачыцца адсутнасцю старажытных помнікаў, напісаных на тэрыторыі распаўсюджвання гэтай з’явы.
Распаўсюджванне Аканне з’яўляецца нормай у беларускай (перадаецца і на пісьме) і рускай літаратурных мовах, а таксама ўласціва беларускім мясцовым гаворкам асноўнага масіву (за выключэннем мазырскай групы), паўднёварускім, частцы сярэднярускіх гаворак; ненарматыўнае ў паўночных дыялектах украінскай мовы.
Аканне супрацьпастаўляюць оканню — адрозніванню [о] і [а] ва ўсіх пазіцыях; оканне характэрна для мазырскай групы гаворак, гаворак паўночнарускіх дыялектаў. У балгарскай мове акаючымі з’яўляюцца радопскія гаворкі (смалянскія і златаградскія), прычым у гаворках вёсак Ціхаміраў і Трыград аканне выяўляецца ўва ўсіх ненаціскных складах, а не толькі ў пераднаціскных. Аканне існуе таксама ў некаторых дыялектах славенскай мовы.
Тыпы Адрозніваюць аканне пасля цвёрдых зычных і аканне пасля мяккіх (яканне) зычных.
Поўнае аканне ахоплівае ўсе ненаціскныя пазіцыі. Пры няпоўным аканні (гаворкі паўднёва-заходняга дыялекту беларускай мовы) адбываецца пераход галосных [о], [э] у [а] у пераднаціскных, а таксама ў закрытых паслянаціскных складах і не адбываецца ў канцавых адкрытых (чарну́шка, але чо́рно; ба́цько, ке́пско).
Дысімілятыўнае аканне (віцебская і ўсходнемагілёўская групы гаворак) заключаецца ў з’яўленні гука [а] у першым пераднаціскным складзе пасля цвёрдых зычных пры наяўнасці пад націскам любога гука, акрамя [а], і невыразнага гука [ъ] або [ы] пры наяўнасці пад націскам гука [а]. Падобныя гукі адзначаюцца і ў іншых ненаціскных складах, за выключэннем канцавога адкрытага складу: шчако́й — шчыка́, траве́ — трыва́, бъръда́, аднак мно́га, го́ра.
Пры недысімілятыўным (моцным) аканні (полацкая група гаворак, сярэднебеларускія гаворкі, паўднёва-заходні дыялект беларускай мовы, беларуская літаратурная мова) у словах і іх формах у адпаведнасці з галоснымі [о], [э] пад націскам у ненаціскным становішчы вымаўляецца гук [а]: во́ды — вада́, цэ́ны — цана́, чалаве́к, гавары́ў.
Гл. таксама Дыялекты беларускай мовы
Літаратура
Катэгорыя:Беларуская фанетыка