Свята-Міхайлаўскі кафедральны сабор (першапачаткова Касцёл Святога Іосіфа) — праваслаўная царква ў г. Ліда на вул. Савецкай, помнік архітэктуры класіцызму. Занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння. З'яляецца рэдкім прыкладам царквы-ратонды ў каталіцкім дойлідстве.

Гісторыя

Касцёл Святога Іосіфа пры лідскім кляштары піяраў пабудаваны ў 1797—1825 гадах. На будаўніцтва храма 5000 рублёў ахвяраваў Павел I. Кляштар зачынены ў 1832 годзе. Касцёл у 1842 годзе гарэў, у 1863 годзе перароблены на праваслаўную царкву Міхаіла Архангела, пасля Вялікай Айчыннай вайны ў 1960-я гг. будынак быў абсталяваны пад планетарый. У 1971 г. знесена мураваная брама.

Архітэктура

Мураваны храм-ратонда накрыты паўсферычным купалам, завершаны васьмігранным ліхтаром. Да асноўнага круглага ў плане аб'ёму прылягаюць больш нізкія прамавугольныя ў плане аб'ёмы: прытвор з чатырохкалонным порцікам на галоўным фасадзе і двухпавярховая сакрысція па восі ўсход-захад, невялікія рызаліты з поўдня і воўначы. У дэкоры фасадаў выкарыстаны дарычны ордар. Порцік і рызаліты ўвянчаны трохвугольнымі франтонамі. Вокны прамавугольныя. Унутры па перыметры залы размешчаны 8 пар дарычных калон. Побач з касцёлам размешчаны мураваныя аднапавярховы корпус кляштара і аднаярусная званіца.

Літаратура Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. — Мінск, 1993. — С. 263—264. Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін, З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мн., БелЭн, 2007. — С. 226—227.

Спасылкі

Катэгорыя:Колішнія касцёлы Гродзенскай вобласці Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Лідскага раёна Катэгорыя:Саборы Беларусі Катэгорыя:Храмы Ліды Катэгорыя:Колішнія кляштары Беларусі Катэгорыя:З’явіліся ў 1825 годзе Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі класіцызм Катэгорыя:Храмы Лідскай епархіі Катэгорыя:1825 год у Беларусі Катэгорыя:Савецкая вуліца (Ліда)