Аснову гаспадарчага жыцця беларусаў складала земляробства, якое ў штодзённым жыцці арганічна спалучалася з жывёлагадоўляй і шматлікімі промысламі і рамёствамі.

Земляробства Структура земляробства на працягу многіх стагоддзяў істотна не мянялася. Асноўнай збожжавай культурай было азімае жыта. У другой палове ХІХ ст. пад жыта была адведзена палова ўсіх пасяўных плошчаў. Другое месца заўсёды займаў авёс. Ён шырока выкарыстоўваўся ў народным харчаванні, а таксама ішоў на корм для коней. Сярод збожжавых культур ячмень займаў трэцяе месца. З яго рабілі крупы і піва. Пшаніца ў Беларусі не мела шырокага распаўсюджання. Яе сеялі на невялікай плошчы, у асноўным у памешчыцкіх гаспадарках. З пшанічнай мукі выпякалі розныя вырабы: пірог, святочны каравай, пернікі і інш. Проса, грэчка і гарох таксама займалі невялікія зямельныя ўчасткі. Кукурузу пачалі вырошчваць у Беларусі ў ХVIII ст. Яе зерне выкарыстоўвалі як харчовы прадукт, а сцеблі ішлі на корм жывёле.

З тэхнічных культур самымі старажытнымі ў Беларусі з’яўляюцца лён і каноплі. Яны выкарыстоўваліся для вырабу адзення, мяшкоў, вяровак і інш. Насенне ільну і канапель ішло на выраб алею. Сланечнік, радзімай якога з’яўляецца Паўднёвая Амерыка, у Беларусі распаўсюджваецца ў ХІХ ст. як агародная культура. У Еўропу ён быў завезены ў ХVІІІ ст. як дэкаратыўная расліна, але неўзабаве былі адкрыты яго карысныя ўласцівасці. Спачатку семкі ўжывалі як ласунак, а ў ХІХ ст. са сланечніку сталі вырабляць алей.

Бульбу пачалі вырошчваць на Гродзеншчыне пры Аўгусце ІІІ (1736—1763). Аднак шырокае распаўсюджанне гэта культура атрымала ў другой палове ХІХ ст., яна стала «другім хлебам» для беларусаў. Бульбу выкарыстоўвалі на корм жывёле, яе ужывалі і як сыравіну для вінакурэння. Яна знайшла шырокае прымяненне ў народнай кулінарыі. Прыкладна ў гэты ж час, што і бульбу, пачалі вырошчваць буракі. Іх ужывалі ў ежу, выкарыстоўвалі на корм жывёле і як сыравіну для вырабу цукру.

Сярод агародных культур найбольш старажытныя ў Беларусі — капуста, агуркі, цыбуля, морква. Памідоры і перац з’яўляюцца толькі з сярэдзіны ХІХ ст. Як і памідоры, з Паўднёвай Амерыкі да нас прыйшлі гарбузы і табака.

З даўніх часоў беларусы вырошчвалі фруктовыя дрэвы — яблыні, грушы, слівы, а таксама пладова-ягадныя: парэчкі, агрэст, шыпшыну, маліны і інш. Іх часцей за ўсё садзілі каля дома, на краі сядзібы. Асабліва дагледжанымі садамі славіліся шляхецкія маёнткі.

У другой палове ХІХ ст. важнае месца ў севазваротах набылі кармавыя травы, асабліва канюшына і цімафееўка, што ў значнай ступені палепшыла кармавую базу жывёлагадоўлі. На тэрыторыі Беларусі былі вядомы некалькі асноўных сістэм земляробства: падсечна-агнявая (падсечная, лядная); абложная (лясная аблога, ялавіна); трохполле; шматполле.

Кожная з гэтых сістэм мела свае прыватныя варыянты і мясцовыя асаблівасці.

У сярэдзіне ХІХ — пачатку ХХ ст. у сістэме севазвароту панавала трохполле. Уся апрацоўваемая зямля дзялілася на тры ўчасткі (поле): адзін засявалі азімымі культурамі, другі — яравымі (авёс, ячмень, пшаніца, грэчка, проса), а трэці заставаўся свабодным і называўся «папар». На наступны год свабоднае поле («папар») засявалі азімымі, а той участак, што быў пад азімымі, засявалі яравымі, а яравое поле пакідалі пад папарам. Для трохпольнай сістэмы земляробства была абавязковай змена азімых культур яравымі і наяўнасць «папару». Трохполле давала магчымасць узнавіць урадлівасць глебы, але яно не ўплывала на атрыманне вялікіх ўраджаяў. Акрамя таго, кожны год не выкарыстоўвалася трэць абрабляемай зямлі. Асобныя памешчыцкія гаспадаркі пачалі пераходзіць да шматпольнай сістэмы земляробства, пры якой апрацоўваемая зямля дзялілася на тры, чатыры, пяць, шэсць і нават болей участкаў, прычым ніводны з іх не заставаўся свабодным. Шматпольная сістэма заснавана на пастаянным чаргаванні розных сельскагаспадарчых культур.

У ХІХ ст. у асобных раёнах Беларусі (напрыклад, на Палессі) сустракалася найбольш старажытная падсечная сістэма земляробства. Падсека на Палессі спалучалася з лясной аблогай (ялавінай). Пры абложнай сістэме ўся ворыўная зямля дзялілася на 4—6 палёў, два з якіх засейваліся азімымі і яравымі, а астатнія «адпачывалі» некалькі гадоў. Для земляробства найбольш прыдатнай была сярэдняя паласа Беларусі, асабліва лесавыя раўніны Панямоння, цэнтральнай Беларусі і левабярэжжа Дняпра. Ворыўныя землі ў Панямонні ў сярэдзіне ХІХ ст. складалі палову ўсіх сельскагаспадарчых угоддзяў. Тут у сістэме земляробства пераважала трохполле. Ураджай складаў сам-пяць — сам-сем, гэта значыць, што атрыманы ўраджай у 3—5 разоў пераўзыходзіў насеннае збожжа.

Меншае развіццё земляробства атрымала ў паўночнай частцы Беларусі і на Палессі. Прыродна-кліматычныя ўмовы ў Падзвінні абмяжоўвалі магчымасці хлебаробства. Тут у гаспадарцы важную ролю адыгрываў лён, якога па колькасці пасеваў у гэтым рэгіёне было прыкметна больш, чым на астатняй тэрыторыі Беларусі. Наяўнасць вялікай колькасці азёр дазваляла мясцовым жыхарам займацца таксама рыбалоўствам. На Палессі земляробства было прыстасавана да мясцовых экалагічных умоў. Вялікая тэрыторыя Прыпяцкага Палесся была слаба асвоена пад земляробства. Тут значную плошчу складалі забалочаныя масівы, лясныя сервітуты, няўдобіцы. У гэтым рэгіёне шырока прымянялася лясная падсека і аблога. Пад ворыва выкарыстоўваліся адносна невялікія ўчасткі, якія ў выглядзе астраўкоў былі раскіданы сярод неабсяжных балот і лясоў. На Палессі сярод заняткаў істотнае значэнне мелі жывёлагадоўля і паляўніцтва. Спецыфічным заняткам для вузкай катэгорыі насельніцтва, пераважна для жанчын, было зельніцтва.

У Беларусі палявыя работы праводзіліся на працягу шасці-сямі месяцаў — з сярэдзіны красавіка да сярэдзіны кастрычніка. За гэты перыяд патрэбна было апрацаваць глебу для пасеву, пасеяць і сабраць ураджай.

Прылады працы

Саха

Са старажытных часоў і да ХХ ст. для апрацоўкі зямлі беларусы выкарыстоўвалі традыцыйную земляробчую прыладу — саху, якую селянін мог зрабіць сам. У асноўным яе рабілі з дрэва і толькі некаторыя часткі — з жалеза (напрыклад, сашнік, якім рыхлілі зямлю). Сахой добра было апрацоўваць зямельныя ўчасткі ў лясной паласе, на якіх было шмат карэнняў, пнёў і камення. Сахой можна было лёгка манеўраваць, таму што яна неглыбока ўзворвала глебу.

На тэрыторыі Беларусі было распаўсюджана некалькі тыпаў сохаў: палеская і з перакладной паліцай. Часта ў межах аднаго павета сохі маглі адрознівацца сваёй канструкцыяй, формай сашнікаў, расохі, пастаноўкай паліцы і інш.

Палеская саха бытавала ў паўднёва-заходняй Беларусі. Левы сашнік у ёй ставілі пад тупым вуглом у адносінах да правага. Сашнікі ў ёй былі злучаны такім чынам, каб пласт зямлі адкідваўся ўправа, як пры ворыве плугам.

Саха другога тыпу — з перакладной паліцай — была распаўсюджана ў паўночна-ўсходняй Беларусі. Яе яшчэ называюць «віцебскай». У ёй сашнікі былі пастаўлены паралельна адзін аднаму і на адным узроўні. Для адвалу зямлі каля сашнікоў мацавалі лапатку, яе можна было перакладваць з аднаго сашніка на другі, каб адхінаць ворыўны пласт налева ці направа, што значна павышала манеўранасць такой сахі на вузкіх доўгіх загонах і ва ўмовах цераспалосіцы. Гэта лапатка (драўляная ці металічная) называлася паліцай, перакладной паліцай ці перакладкай.

На Магілёўшчыне саха мела некаторыя асаблівасці. Тут паліцу ў час ворыва не перакладвалі. Яна была надзейна замацавана каля левага сашніка, што давала магчымасць больш грунтоўнай апрацоўкі поля.

Асноўны недахоп сахі быў у тым, што ёй немагчыма было ажыццяўляць глыбокае ворыва, яна не пераварочвала пласт зямлі, што перашкаджала лепшаму выкарыстанню глебы, барацьбе з пустазеллем.

Плуг

З развіццём кустарнай і фабрычнай прамысловасці ў паслярэформенны перыяд саху пачаў выцясняць плуг. Канчаткова плуг замяніў саху ў 20-я гг. ХХ ст. На тэрыторыі Беларусі зямлю апрацоўвалі з дапамогай рабочай жывёлы — валоў і коней. Валы былі больш прыдатныя для ўзорвання глебы палескай сахой і ў якасці цяглавай сілы выкарыстоўваліся ў паўднёва-заходняй частцы Беларусі. У паўночна-ўсходняй Беларусі, дзе аралі сахой з перакладной паліцай, цяглавай сілай былі коні.

Барана

Пасля ўзорвання глебу рыхлілі баронамі, у Беларусі вядома некалькі іх тыпаў. Найбольш старажытная барана, якая звязана з падсечнай сістэмай земляробства, называлася вершаліна. Яе рабілі з галіны моцнага дрэва, сукі яго, адсечаныя на адлегласці 50—60 см, утваралі завостраныя зубы. За апрацаваны канец вершаліны мацавалі пастронкі, якімі запрагалі каня ці вала.

Даволі шырока была распаўсюджана прымітыўная барана — смык, якая прымянялася пераважна на толькі што распрацаваных месцах, дзе з-за мноства пнёў і карэнняў нельга была араць сахой. Смыкам у асобных месцах карысталіся і на распрацаваных палях для рыхлення глебы. Смык рабілі з расколатых на дзве часткі некалькіх яловых ствалоў, якія былі звязаны такім чынам, каб гладкая іх паверхня была наверсе, а падрэзаныя і завостраныя сукі — унізе. Даўжыня сучкоў-зубоў не пераўзыходзіла 40—50 см, што дазваляла ім без асаблівых цяжкасцей пераскокваць праз пні. Часткі расколатых ствалоў звязвалі віткамі з лазы, бярозы, дубу. Для таго каб смык быў больш трывалым, яго змацоўвалі папярэчынамі.

Найбольш распаўсюджанай у ХІХ ст. была плеценая, ці вязаная барана. Яе рабілі з дубовых прутоў з заціснутымі паміж імі (з дапамогай кольцаў) дубовымі зубамі, якіх, як правіла, было 25. У пачатку ХХ ст. драўляныя плеценыя бароны пачалі выходзіць з ужывання. На змену ім прыйшла рамная барана з жалезнымі зубамі. Яна была больш распаўсюджана ў паўночна-ўсходняй частцы Беларусі. Рамная, ці брусковая барана мела прамавугольную форму і складалася з моцных (звычайна бярозавых) брускоў. У іх рабілі адтуліны, у якія забівалі дубовыя ці бярозавыя, а пазней жалезныя зубы.

Сявалка Многія культуры, асабліва збожжавыя, сеялі ўручную з дапамогай спецыяльных прыстасаванняў — «сявалак». Іх яшчэ называлі «сеўняй», «сеўнікам», «сявенькай», «лукошкам», «касцом». У Беларусі былі распаўсюджаны сявалкі двух тыпаў — саламяныя і лубяныя. Першымі карысталіся ў паўднёва-заходняй, заходняй, цэнтральнай і паўночнай частках Беларусі. Аснову іх рабілі з тонкіх лазовых пруткоў. Лубяная сявалка была распаўсюджана пераважна на Магілёўшчыне і ўсходняй частцы Міншчыны. У якасці матэрыялу для яе вырабу выкарыстоўвалі кару ліпы, вяза, тонкія сасновыя дранкі і інш. На паўднёвым захадзе Беларусі, у прыватнасці на Гродзеншчыне, часам сеялі з мяшка ці фартуха.

Сеялка Сеялкі сталі распаўсюджваца толькі ў першай палове ХІХ ст., і першапачаткова — у гаспадарках памешчыкаў. Нават заможныя сяляне ў пачатку ХХ ст. выкарыстоўвалі іх рэдка.

Серп

Усе збожжавыя культуры ў Беларусі ўбіралі з дапамогай сярпа. Серп з’яўляецца старажытнейшай прыладай жніва амаль ва ўсіх земляробчых народаў свету. Ён мае кароткую драўляную ручку і зазубраную рэжучую паверхню, таму працавалі сярпом сагнуўшыся. Сярпы былі паўкруглай (сферычнай) і падоўжанай (авальнай) формы, прычым сярпы першага тыпу прымяняліся часцей.

Каса

Авёс, ячмень, грэчку, гарох убіралі таксама касой. Пры ўборцы збожжавых касой да ляза звычайнай касы прымацоўвалі грабелькі, зробленыя з дрэва, лазовых пруткоў. Каса складвалася з доўгай драўлянай палкі («касаўё», «касс’ё», «касільна»), металічнай часткі («ляза») і драўлянай ручкі («душка», «вязок»), якую мацавалі пасярэдзіне «касавішча». Металічнае лязо мацавалася да касавішча з дапамогай жалезнага колца («рэхва», «банька»). На тэрыторыі Беларусі ў ХІХ ст. былі распаўсюджаны косы з доўгім касавішчам. Іх рабілі ў Вілейцы і называлі '«літоўкамі». Частку кос прывозілі з Аўстрыі («аўстрыйкі»).

Цэп

Прыладай для малацьбы служыў цэп. Ім малацілі жыта, авёс, ячмень, проса і грэчку. Цэп уяўляў сабой доўгую (1,5—2 м), гладка абчэсаную палку — «цапільна», да якой з дапамогай вяровачнага ці раменнага путца прывязвалася карацейшая палка — «біч», «бічук» (50—70 см).

Ток