Вайско́ва-дыпламаты́чная мі́сія БНР у Ла́твіі і Эсто́ніі — дыпламатычна-консульская і ваенная ўстанова Беларускай Народнай Рэспублікі ў балтыйскіх краінах у 1919—1921 гадах.

Гісторыя стварэння і структура Місія была накіравана ў верасні 1919 года Радай Народных Міністраў на чале з Антонам Луцкевічам. Яна была створана на аснове консульства БНР у Рызе. Кіраўніком установы быў прызначаны Канстанцін Езавітаў, вайсковым радцам — Павел Вент, сакратаром — Янка Чарапук. Надзвычайным прадстаўніком БНР у прыбалтыйскіх краінах і каардынатарам ваенна-дыпламатычнай працы ў рэгіёне з’яўляўся Клаўдзій Дуж-Душэўскі.

На пачатку кастрычніка 1919 года ў Рызе быў афіцыйна адкрыты аддзел місіі, які адносіўся да дзвюх краін — Латвіі і Эстоніі. У той жа час у фінскім Тамерфорсе (Тамперэ) пачаў працу рэгістрацыйна-пашпартны аддзел. У снежні 1919 года пры місіі былі дадаткова створаны рэгістрацыйна-пашпартныя аддзелы ў Рэвелі (Таліне) і Лібаве (Ліепаі). Таксама ўстанова мела свае ўласнае Беларускае прэс-бюро. У пачатку 1920 года ініцыятывай Канстанціна Езавітава ў Рызе створана беларуская арганізацыя «Бацькаўшчына».

Мэты і дыпламатычная дзейнасць Місіі даручалася весці дыпламатычна-консульскую працу і дамагацца міжнароднага прызнання БНР. Сярод палітычных задач былі ўсталяванне кантактаў з місіямі дзяржаў Антанты (у першую чаргу Вялікабрытаніі і Францыі), а таксама наладжванне сувязей з Паўночна-Заходнім урадам Расіі на чале з генералам Мікалаем Юдзенічам і ўрадамі балтыйскіх краін.

Дыпламаты БНР актыўна змагаліся за паўнапраўны ўдзел беларускай дэлегацыі ў Канферэнцыі балтыйскіх дзяржаў (Entente Cordiale) у Тарту і іншых рэгіянальных форумах, дзе прасоўвалі ідэі ўваходжання Беларусі ў Балтыйскі саюз. Гэта давала магчымасць для ваеннага супрацоўніцтва з краінамі Балтыі з мэтай стварэння буфернай зоны паміж Савецкай Расіяй і Прыбалтыкай — тэрыторыі для вайсковага і палітычнага будаўніцтва незалежнай Беларусі.

Ваенна-арганізацыйная праца Адной з найважнейшых задач місіі з’яўлялася фарміраванне ўласных узброеных сіл і партызанскіх атрадаў для падтрымкі «зялёнага» руху на Віцебшчыне. Плацдармам для фарміравання беларускай арміі разглядалася ў першую чаргу паўночна-заходняя тэрыторыя былой Віцебскай губерні — Латгалія з гарадамі Дзвінск і Рэжыца, якія ўвосень 1919 года заставаліся пад кантролем Чырвонай арміі.

Вызваленне Латгаліі ад бальшавікоў з поўначы сіламі латвійскай альбо эстонскай арміі стрымлівалася праз іх удзел у ліквідацыі наступу арміі Бярмондта-Авалава на Рыгу і падтрымку аперацыі «Белы меч» Паўночна-Заходняй арміі па вызваленні Петраграда. У сваю чаргу польскія войскі спыніліся на подступах да Дзвінска праз фактычнае перамір’е паміж Польшчай і Савецкай Расіяй у Мікашэвічах.

5 лістапада 1919 года ўрад БНР дазволіў беларускім дыпламатычным прадстаўніцтвам у Латвіі набіраць беларусаў у асобныя атрады ў складзе латвійскага войска. У лістападзе 1919 года кіраўнік місіі Канстанцін Езавітаў дамовіўся пра пераход на беларускую службу атрада Станіслава Булак-Балаховіча, які дзейнічаў на паўночным ускрайку былой Віцебскай губерні. Місія ажыццяўляла палітычнае і арганізацыйнае кіраўніцтва гэтым Асобным атрадам войск БНР, яго фінансавае забеспячэнне было вырашана дагаворам з Эстоніяй: эстонскі ўрад утрымліваў беларускую вайсковую адзінку да заключэння мірнага дагавора з Савецкай Расіяй.

Спыненне дзейнасці Нягледзячы на лакальныя поспехі, дыпламатычныя стасункі з Латвіяй развіваліся не лепшым чынам для БНР. Латвійскі ўрад так і не дазволіў праводзіць мабілізацыю ў беларускае войска, не прыняў атрад Балаховіча пад сваё камандаванне, а паміж Латвіяй і Беларуссю заставаліся нявырашаныя тэрытарыяльныя праблемы. Вайскова-дыпламатычная місія БНР не мела поспеху і ў перамовах з Антантай: брытанскія дыпламаты слаба арыентаваліся ў этнічнай сітуацыі ва Усходняй Еўропе, і Рада БНР так і не дамаглася ад саюзнікаў рэальнай вайсковай дапамогі, а пагатоў прызнання сваёй незалежнасці дэ-юрэ.

У выніку дыпламатычнага ціску Савецкай Расіі на ўрад Латвіі напярэдадні падпісання Рыжскага мірнага дагавора дзейнасць місіі 1 лютага 1921 года спынена.

Рапарты і дакументацыя Вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (Фонд 325, вопіс 1, справа 59).

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Беларуская Народная Рэспубліка Катэгорыя:Беларуска-латвійскія адносіны Катэгорыя:Беларуска-эстонскія адносіны Катэгорыя:Беларусы ў Латвіі Катэгорыя:Беларусы ў Эстоніі Катэгорыя:З’явіліся ў 1919 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1921 годзе