Ро́дэрых фон Э́ркерт (таксама вядомы як Родрыг Фёдаравіч Эркерт, Родэрых д'Эркерт; ; , Кульм — , Берлін) — нямецкі і расійскі ваенны дзеяч (генерал-лейтэнант), картограф, этнограф і статыстык. Аўтар прац па гісторыі, этнаграфіі і дэмаграфіі заходніх губерняў Расійскай імперыі (у тым ліку беларускіх зямель) і Каўказа.
Біяграфія Нарадзіўся 15 снежня 1821 года ў горадзе Кульм у Прусіі (сучасны горад Хелмна ў Польшчы) у дваранскай сям'і. Атрымаў спецыяльную адукацыю ў галіне геадэзіі і інжынерыі як ваенны картограф. Да 1850 года служыў афіцэрам у прускай арміі. Пазней працягнуў ваенную кар'еру ў Расіі, куды быў пераведзены па асабістай рэкамендацыі прускага караля Фрыдрыха Вільгельма IV.
Ваенная служба ў Расійскай імперыі пачалася для яго ў Маскоўскім палку. У пачатку 1860-х гадоў быў накіраваны ў Паўночна-Заходні край, дзе камандаваў 5-й стралковай брыгадай. Ваенная служба не перашкаджала яго навуковым інтарэсам, якія ахоплівалі этнічныя даследаванні, лінгвістыку, статыстыку і картаграфію. У красавіку 1860 года ён стаў сапраўдным сябрам Рускага геаграфічнага таварыства (РГТ), а таксама з'яўляўся членам Ваенна-тапаграфічнага дэпо — адной з вядучых картаграфічных устаноў імперыі. Гэта давала яму доступ да ўрадавых архіўных матэрыялаў і статыстычных даных.
У 1880-я гады праходзіў службу на Каўказе, даслужыўшыся да звання генерал-лейтэнанта. Пасля выхаду ў адстаўку ў 1894 годзе пакінуў Расію і пераехаў жыць у Берлін, дзе далучыўся да Берлінскага геаграфічнага таварыства і цалкам прысвяціў свой час навуковай рабоце.
Памёр 12 снежня 1900 года ў Берліне.
Навуковая дзейнасць
Этнаграфічнае мадэляванне заходніх губерняў
Вясной 1863 года на фоне нацыянальна-вызваленчага паўстання Родэрых фон Эркерт апублікаваў на французскай мове «Этнаграфічны атлас правінцый, цалкам або часткова населеных палякамі» (). Пазней у тым жа годзе атлас быў перавыдадзены на рускай мове пад іншай назвай — «Этнаграфічны атлас заходнерускіх губерняў і суседніх абласцей». У 1864 годзе ў якасці тэкставага дадатку да атласа выйшла кніга «Погляд на гісторыю і этнаграфію заходніх губерняў Расіі».
Абодва выданні мелі выразную палітычную афарбоўку. Французскае выданне было разлічана на еўрапейскага чытача і мела на мэце абвергнуць аргументы польскіх эмігрантаў аб тым, што Паўночна-Заходні край з’яўляецца выключна польскім. У ім аўтар імкнуўся паказаць, што палякі не з’яўляюцца дамінуючай этнічнай групай на гэтых тэрыторыях, штучна павялічваючы плошчу рассялення беларусаў і ўкраінцаў. Рускае выданне, наадварот, было арыентавана на ўнутраную расійскую аўдыторыю і мела на мэце прадэманстраваць расійскім уладам маштаб «польскай пагрозы», каб абгрунтаваць неабходнасць жорсткай палітыкі дэпаланізацыі і русіфікацыі.
Метадалогія і канфесійны крытэрый Галоўным метадалагічным прынцыпам Р. фон Эркерта пры вызначэнні этнічнай прыналежнасці насельніцтва стала веравызнанне, а не мова. Ён прама заяўляў, што нішто ў заходніх губернях не вызначае рысаў, якія аддзяляюць рускую народнасць ад польскай, так выразна, як рознае веравызнанне. Такім чынам, усіх рыма-каталікоў Заходняга края аўтар аўтаматычна залічваў да палякаў, а ўсіх праваслаўных — да рускіх.
Такое атаясамліванне прывяло да таго, што значная колькасць беларускіх сялян і дробнай шляхты каталіцкага веравызнання апынулася ў атласе ў ліку палякаў. Аўтар катэгарычна адмаўляў існаванне «каталіцкага беларуса», сцвярджаючы, што мясцовы прасталюдзін называе сваю мову простай, а сябе — рускім ці літвінам, але ніколі не беларусам. Беларусаў ён лічыў толькі адным з адгалінаванняў рускага народа і на сваёй карце аб'яднаў велікарусаў, беларусаў і ўкраінцаў у адзінае «славянскае племя».
Этнаграфічны падзел беларусаў Нягледзячы на аб’яднанне ўсходніх славян, унутры іх Р. фон Эркерт вылучыў асобныя рэгіянальныя групы беларусаў. Этнічная тэрыторыя была падзелена ім на тры часткі. Да першай ён аднёс так званых «сапраўдных беларусаў» (усходнюю групу), якія насялялі Віцебскую (без Дынабургскага, Рэжыцкага і Люцынскага паветаў), Магілёўскую, усходнюю частку Мінскай і заходнюю частку Смаленскай губерняў. Другую групу склалі «чарнарусы», якія жылі ў заходняй частцы Мінскай і паўночнай частцы Гродзенскай губерняў. Трэцяя група — «падляшане» — насяляла заходнюю частку Гродзенскай губерні і лічылася даследчыкам найбольш апалячанай часткай беларусаў.
Дэмаркацыйная лінія паміж беларусамі і «літвінамі», пад якімі разумеліся ўласна літоўцы, была праведзена ім прыблізна па лініі Ліда — Ашмяны — Смаргонь. Паўднёвыя тэрыторыі — Пружаны, Кобрын, Брэст і правабярэжжа Прыпяці (Заходняе Палессе) — Р. фон Эркерт аднёс да ўкраінскіх этнічных тэрыторый, што пасля неаднаразова аспрэчвалася беларускімі даследчыкамі, у прыватнасці М. В. Доўнар-Запольскім.
Крытыка сучаснікаў Метадалогія і высновы Р. фон Эркерта выклікалі вострую крытыку з боку іншых даследчыкаў. Ваенны статыстык і ўраджэнец Гродзеншчыны П. В. Баброўскі асудзіў выкарыстанне выключна канфесійнага крытэрыю, даказваючы, што галоўным фактарам размежавання народаў з'яўляецца родная мова і традыцыйная культура. Ён адзначаў, што шматлікія сяляне-каталікі размаўляюць па-беларуску і не могуць быць прылічаны да палякаў. Даследчык С. В. Шалковіч звярнуў увагу на штучнасць тэрміна «чарнарусы», адзначыўшы, што такога племені ў рэчаіснасці не існуе, а назва сустракаецца выключна ў польскай літаратуры. Сучасныя даследчыкі ацэньваюць працы Эркерта як псеўданавуковыя і прапагандысцкія, створаныя для абгрунтавання імперскай геапалітыкі.
Каўказазнаўства Пазней Р. фон Эркерт стаў адным з пачынальнікаў еўрапейскага каўказазнаўства. Удзельнічаў у складанні манументальнай працы «Этнаграфічнае апісанне народаў Расіі» (1857) пад рэдакцыяй Г.-Т. Паўлі. У сваёй фундаментальнай кнізе «Мовы каўказскай расы» (; 1895) ён апублікаваў першыя ў еўрапейскім мовазнаўстве матэрыялы па некаторых дагестанскіх мовах, у тым ліку па цахурскай і карацінскай.
Працы Erckert R. von. Carte éthnografique de l’Empire de Russie, Kiepert, Berlin, 1862. Erckert R. von. Atlas Ethnographique des provinces habitées en totalité ou en partie par des Polonais. — St. Pétersbourg, 1863. Эркерт Р. Ф. Этнографический атлас Западно-Русских губерний и соседних областей. — Санкт-Петербург, 1863. Эркерт Р. Ф. Взгляд на историю и этнографию западных губерний России: (с атласом). — Санкт-Петербург, 1864. Erckert R. von. Der Ursprung der Kosaken, vorzüglich nach neuesten russischen Quellen. — Berlin, 1882. Erckert R. von. Der Kaukasus und seine Völker. — Leipzig, 1887. Erckert R. von. Die Sprachen des kaukasischen Stammes. — Wien, 1895. Erckert R. von. Wanderungen und Siedelungen der germanischen Stämme in Mitteleuropa. — Berlin, 1901.
Крыніцы
Літаратура
Westpreussen-Jahrbuch, Bd. 35-38, S. 114, 1985 Globus: illustrierte Zeitschrift für Länder- und Völkerkunde, Bd. 79, S. 67, 1901
Спасылкі Взгляд на историю и этнографию западных губерний России (Санкт-Пецярбург, 1864) у фондах Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі.
Катэгорыя:Нарадзіліся 15 снежня Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1821 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Хелмна Катэгорыя:Памерлі 12 снежня Катэгорыя:Памерлі ў 1900 годзе Катэгорыя:Памерлі ў Берліне Катэгорыя:Генерал-лейтэнанты (Расійская імперыя) Катэгорыя:Этнографы Расіі Катэгорыя:Картографы Расіі Катэгорыя:Этнографы Беларусі Катэгорыя:Каўказазнаўцы Катэгорыя:Члены Рускага геаграфічнага таварыства