Старажытнарымскія гульні () — грамадскія святкаванні ў Старажытным Рыме, у склад якіх уваходзілі атлетычныя спаборніцтвы, гонкі калясніц, кулачны і звярыны баі, сцэнічнае разыгрыванне бітваў (у тым ліку марскіх), тэатральныя пастаноўкі і конкурсы музыкантаў-выканаўцаў. Падобна да грэчаскіх агонаў, гульні ў рымлян цесна суадносіліся з рэлігійным культам; нягледзячы на агульны заняпад рэлігійнасці ў эпоху росквіту рымскай дзяржавы, іх колькасць павялічвалася, а абсталяванне рабілася багацейшым.

Гладыятарскія баі адбываліся паводле свайго ўласнага календару спаборніцтваў (Munera), але ўключаліся ў праграму гульняў пры імператары Калігуле.

Характарыстыка Грамадскія гульні (ludi publici) падзяляліся на: перыядычныя (ludi stati), тыя, што праводзіліся па зароку (ludi votivi), надзвычайныя (ludi extraordinari)

Па свайму роду (складу і месцу выканання) падзяляліся на цыркавыя (circenses), увядзенне якіх прыпісвалася яшчэ Ромулу, гладыятарскія (gladiatorii) і тэатральныя (scaenici). Першыя знаходзіліся ў заведванні эдылаў, якія ладзілі іх за свае сродкі і стараліся пераўзысці адзін аднаго з мэтай заслужыць прыхільнасць натоўпу. Яны адкрываліся ўрачыстай працэсіяй, якая абыходзіла цырк, пасля чаго пачыналіся спаборніцтвы, якія складаліся з бегу, гонак калясніц, кулачнага бою і сцэнічных бітваў, нават марскіх. Гладыятарскія баі праводзіліся ў амфітэатры, тэатральныя ў тэатры.

Важнейшыя з рымскіх грамадскіх гульняў (ludi publici):

Рымскія гульні (Ludi Romani), ці Вялікія гульні (Ludi Magni) — старажытнейшыя і галоўныя грамадскія рымскія святкаванні, якія адбываліся штогод (з перарывамі) у верасні пачынаючы з 494 г. да н.э. (згодна са сведчаннем Ціта Лівія) да другой паловы IV ст. н.э. Згодна з Секстам Пампеем Фестам, святкаванні прысвячаліся Юпітэру. «Гістарычнай» падставай было адзначэнне гадавіны перамогі рымлян каля Рэгільскага возера (Дыянісій Галікарнаскі і Цыцэрон). Ужо ў старажытнейшыя часы на іх выдаткоўвалася вялікія сумы (500 мін срэбра штогод). Менавіта падчас Рымскіх гульняў была пастаўлена першая рымская п’еса (Лівія Андраніка на ўзор грэчаскай трагедыі); Апалінарыі (Ludi Appolinares) — заснаваныя падчас 2-й Пунічнай вайны (212 г. да н.э.). адбываліся 5 ліпеня ў Circus maximus; Капіталійскія гульні (Ludi Capitolini) — у гонар Юпітэра, пасля выгнання галаў; Флараліі (Ludi Florales ці Floralia) — вясенняе свята, у пазнейшыя часы адрозніваліся разбэшчанасцю; Мегалезіі (Ludi Megalenses) — у гонар вялікай маці багоў, з нагоды перанясення ў 204 годзе яе сімвала, чорнага каменя, з фрыгійскага Песінунта ў Рым; Плебейскія гульні (Ludi Plebeii) — заснаваныя ў рэспубліканскі час, адбываліся ў Фламініевым цырку; Стагадовыя (эпахальныя) гульні (Ludi Saeculares) — адбываліся прыблізна раз у сто год. Былі заснаваны консулам Валерыем Паплікалай і адбываліся кожны раз пасля папярэдняй даведкі ў Сівіліных кнігах, такім чынам, паміж дзвюма гульнямі магло мінуць і больш за сто год, напрыклад, 110. Свята працягвалася 3 дні і 3 ночы, прычым дазваляліся свабодныя адносіны паміж паламі, так што Аўгуст (падчас гульняў 17 г. да н.э.) дазволіў моладзі абодвух палоў удзельнічаць у гульнях толькі пад наглядам старэйшых. Святкаванням папярэднічала абвяшчэнне аб іх набліжэнні вяшчальнікамі па ўсёй Італіі. Яны пачыналіся урачыстай помпай і ахвярамі; ночы праходзілі ў спевах, танцах і тэатральных прадстаўленнях. Заканчваліся гульні спяваннем «Стагадовай песні» (Carmen Saeculare), напісанай Гарацыем па імператарскаму загаду ў 17 г. да н.э. Згодна з надпісам на мармуровай таблічцы (захавалася), упершыню яе выконваў хор з 27 юнакоў і 27 дзяўчат. Аўгусталіі (Ludi Augustales) — тры розныя святы ў гонар імператара Аўгуста: першае святкавалася ў дзень яго нараджэння, другое ў дзень паспяховага вяртання з падарожжа па Усходу, трэцяе было заснавана ў яго гонар ужо пасля яго смерці, як Divus Augustus.

Гл. таксама Гульня Наўмахія Цырк (Старажытны Рым) Вялікі цырк Гонкі калясніц Калізей

Літаратура Bernstein F. Ludi Publici. Untersuchungen zur Entstehung und Entwicklung der öffentlichen Spiele im Republikanischen Rom. Stuttgart: Steiner, 1998. ISBN 3515073019

Спасылкі

Игры // Реальный словарь классических древностей (1885), с. 785—788 Игры // Сімпосій, сайт аб антычнай літаратуры, антычнай гісторыі і людзях антычнасці. Старажытны Рым: Публічныя мерапрыемствы

Катэгорыя:Спорт у Старажытным Рыме