Эла́м (саманазва: 𒁹𒄬𒆷𒁶𒋾, Халтамці) — старажытная краіна на тэрыторыі сучаснага паўднёва-заходняга Ірана, на ўсход ад ракі Тыгр. Існавала як дзяржава ў 3 тысячагоддзі да н. э. — 639 да н. э.

Геаграфічна Элам падзяляўся на раўнінную і горную часткі. Галоўным культурным і адміністрацыйным цэнтрам з’яўляўся горад Сузы ў раўніннай частцы. Асноўнае насельніцтва складалі эламіты — народ, які размаўляў на ізаляванай мове. З 3 тысячагоддзя да н. э. яны ўжывалі некалькі форм пісьма, у тым ліку клінапіс. У пазнейшы перыяд у дзяржаўным справаводстве шырока выкарыстоўвалася акадская мова.

Элам меў шчыльныя сувязі з суседняй Месапатаміяй. Яны ўскладняліся частымі ваеннымі канфліктамі. У выніку Элам заваёўваўся Акадам, трэцяй дынастыяй Ура і Асірыяй, аднак зноў адраджаўся. Эламіты знішчылі трэцюю дынастыю Ура і дынастыю касітаў у Вавілоне. Супрацьстаянне Элама і Асірыі скончылася ліквідацыяй эламскай дзяржавы ў 639 г. да н. э. Пазней Элам быў падзелены паміж Мідыяй і Вавілонам, склаў асобную частку дзяржавы Ахеменідаў.

Гістарычная геаграфія Назва Элам (клінапіс: 𒉏𒆠), або Эламту (𒉏𒈠𒆠) паходзіць з шумерскай і акадскай моў. Самі насельнікі Элама называлі сваю радзіму Халтамці (𒁹𒄬𒆷𒁶𒋾). Мяркуецца, што гэта можа значыць «краіна літасцівага бога». Яна складалася з 2 няроўных частак. Меншую займала раўнінная вобласць, што атрымала ў эліністычны перыяд назву Сузіяна паводле найбуйнейшага горада Сузы. Раўніна паступова падвышаецца з поўдня ад Персідскага заліва на поўнач да гор сучаснага Лурэстана і абрашаецца рэкамі Керхэ і Карун. У старажытнасці яны ўпадалі ў Персідскі заліў. Ландшафт старажытнай Сузіяны адлюстроўваўся на цыліндрычных пячатках як звілістыя вадацёкі, у якіх плавалі рыбы. На захадзе яна межавала з забалочанымі землямі ніжняй Месапатаміі і хуткаплынным Тыграм.

На поўначы і ўсходзе ад раўніны пачыналася горная частка. Мяркуюць, што менавіта яна першасна і звалася ЭламамPiotr Steinkeller, THE BIRTH OF ELAM IN HISTORY. У эламіцкіх надпісах вылучаліся горныя вобласці Аван, Сімашкі і Аншан, на тэрыторыі якіх у 3 тысячагоддзі да н. э. былі створаны дзяржаўныя фарміраванні. Горная частка Элама славілася сваімі багаццямі. Адтуль у Сузіяну і Месапатамію вывозілі лес, медзь, волава, іншыя металы, прыродны камень, коней. Межы ўплыву эламітаў у горным рэгіёне да канца не вызначаны. Яны маглі цягнуцца да Сіялка ў цэнтральнай частцы Іранскага плато.

Гісторыя

Перыядызацыя Гісторыю Элама прынята падзяляць на некалькі перыядаў: Протаэламскі, 3200 — 2675 гг. да н. э. Стары эламскі, 2675—1500 гг. да н. э. Сярэдні эламскі, 1500—1100 гг. да н. э. Новы эламскі, 1100—639 гг. да н. э.

Протаэламскі перыяд

Тэрыторыя Элама была населена ў каменным веку. Сельская гаспадарка і вытворчасць керамікі ўзніклі ў эпоху неаліта, каля 12 000 — 9 500 тысяч гадоў тамуNEOLITHIC AGE IN IRAN. Каля 4 395 г. да н. э. на раўніннай частцы было заснавана паселішча, што пазней ператварылася ў найбуйнейшы эламскі горад, вядомы як СузыSusa — World History Encyclopedia. Раскопкі гэтага паселішча паказалі, што да апошняй трэці 4 тысячагоддзя да н. э. мясцовыя керамічныя вырабы значна адрозніваліся ад тых, што знаходзяць у суседняй Месапатаміі. Аднак каля 5200 гадоў таму тут ужо адчуваўся ўплыў паўднёвай месапатамскай культуры Джэмдзет-НасрBRONZE AGE — Encyclopaedia Iranica. Прыкладна ў той жа час з’явіліся гліняныя таблеткі з піктаграфічным лінейным пісьмомThe Puzzle of Proto-Elamite.

Лінейнае пісьмо першасна фіксавала матэрыяльны дабрабыт раўнінных жыхароў. Вельмі часта запісы тычыліся свойскай жывёлы. Протаэламіты трымалі авечак, коз, радзей кароўJACOB L. DAHL, ANIMAL HUSBANDRY IN SUSA DURING THE PROTO-ELAMITE PERIOD. Важнасць жывёлагадоўлі была ў тым, што жывёла выступала не толькі як крыніца мяса, малака і воўны, але і як адзінка гандлёвых разлікаў. Відавочна, пашырэнне абмену і гандлю сталі прычынай таго, што ў 3 тысячагоддзі да н. э. горныя раёны на поўнач ад Сузіяны сталі цэнтрам вытворчасці медных сплаваў, у тым ліку бронзы. У протаэламскі перыяд плошча Сузаў дасягнула 11 га, што сведчыць пра рост прадукцыйнасці эканомікі, якая дазваляла існаваць гарадскім паселішчам, у большай ступені залежным ад рамяства і гандлю, чым ад сельскай гаспадаркі.

Стары эламскі перыяд

Першай вядомай узгадкай пра Элам у месапатамскіх крыніцах стала сведчанне пра паспяховае ўварванне ў гэту краіну з боку Энмебарагесі, прадстаўніка першай дынастыі Кіша. Мяркуецца, што гэта адбылося ў 2675 г. да н. э. Паміж 2600 г. да н. э. і 2550 г. да н. э. эламіты перамаглі і паланілі Балулу, апошняга валадара першай дынастыі Ура, але ў выніку былі выгнаны з Шумера дзякуючы валадару Кіша. Варта мець на ўвазе, што запісы пра гэтыя падзеі з’явіліся значна пазней у перыяд трэцяй дынастыі Ура і ў час існавання Вавілона былі ўнесены ў спіс шумерскіх валадароў. У варыянце спіса, складзенага ў 2 тысячагоддзі да н. э. і знойдзенага ў Сузах, прысутнічае запіс пра кіраванне ў Эламе старога перыяда дынастыі з АванаAWAN — Encyclopaedia Iranica. У ім пералічаны 12 імёнаў валадароў, аднак пра дзейнасць першых сямі нічога не вядома.

Болей падрабязныя звесткі пра Элам з’яўляюцца ў месапатамскіх крыніцах часоў Акадскай імперыі. У спісе ваенных трыумфаў Саргана I значыцца перамога над Эламам і здабыча, захопленая ў Аване. Сярод пераможаных ворагаў узгадваецца эламскі валадар Лух-ішан, які ў эламскім тэксце выступае як восьмы кіраўнік аванскай дынастыі Хішыпрашыні. Нягледзячы на перамогу, Сарган I далучыў да свайго тытула толькі фармулёўку «заступнік Элама». Сузы і Аван не пералічваліся сярод гарадоў, што ўвайшлі ў склад яго імперыі. Паспяховыя ваенныя кампаніі супраць Элама вялі яго пераемнікі Рымуш і Маніштушу. Тым не меней, акадскі валадар Нарам-Сін быў вымушаны заключыць з Эламам дагавор. Яго тэкст дайшоў да нашага часу на акадскай і эламскай мовах. Ён пачынаецца са згадвання імёнаў эламскіх багоў, некалькіх шумерскіх і акадскіх багоў. Неназваны ў дакуменце валадар Элама сцвярджае: «Вораг Нарам-Сіна — мой вораг, сябар Нарам-Сіна — мой сябар!» Некаторыя даследчыкі лічаць, што дагавор сведчыў аб падпарадкаваным стане Элама ў адносінах да Акада, але таксама выказваецца думка, што ён быў раўнапраўным. У ім зафіксаваны абмен пасланцамі і падарункамі.

Апошнім вядомым прадстаўніком Аванскай дынастыі стаў Пузур-Іншушынак. Дакладны час яго кіравання не вядомы. Некаторыя гісторыкі лічаць, што ён ўзвысіўся пры нашчадках Нарам-Сіна, але ў запісах трэцяй дынастыі Ура ён называецца як сучаснік Ур-Наму. У надпісах ранняга перыяду ён сціпла называў сябе энсі Сузаў і вайскаводам Авана, але на стэле пазнейшых гадоў кіравання ён ужо адзначаны як валадар усёй краіны і чатырох бакоў свету. Дзякуючы паспяховай ваеннай кампаніі Пузур-Іншушынак падначаліў сабе суседнія горныя вобласці. Валадар Сімашкі прызнаў яго вяршэнства. У гонар сваіх перамог ён пабудаваў храм у Сузах. Пузур-Іншушынак быў апошнім манархам Элама, пры якім выкарыстоўвалася лінейнае пісьмо.

Пасля знішчэння Акадскай імперыі гутыямі адносіны паміж Шумерам і Эламам былі складанымі. Гудэа, энсі Лагаша, паведамляў, што перамог Элам і Аван. На адной з яго цыліндрычных пячатак кажацца, што эламіты і жыхары Суз удзельнічалі ў пабудове храма ў ЛагашыPrice, I. M. The Topography of the Gudea Inscriptions // Journal of the American Oriental Society. Vol. 43, 1923. P. 41 — 48. Сярод абласцей, заваяваных Пузур-Іншушынакам, узгадвалася вобласць Кут, населеная гутыямі. Такім чынам, яго перамога магла садзейнічаць паўстанню Утухегаля і ўзвышэнню трэцяй дынастыі Ура. Яе другі прадстаўнік Шульгі падначаліў сабе Элам. Сузы былі пераўтвораны ў адзін з найважнейшых гарадоў агульнай шумерскай дзяржавы. Тут дзейнічалі законы Ур-Наму, выплочваліся штогадовыя правінцыйныя падаткі. Болей за тое, эламіты былі вымушаны служыць у шумерскім войску. Але ў горных ускраінах працягвала існаваць мясцовая ўлада. У прыватнасці, захавалася дынастыя Сімашкі, у якой усяго налічвалася 12 валадароў. Характэрна тое, што ў перыяд трэцяй дынастыі Ура яны прынялі шумерскі тытул вайскаводаў.

Падчас кіравання Ібі-Суэна, апошняга лугаля трэцяй дынастыі Ура, Элам паўстаў супраць шумераў. Ібі-Суэн здолеў адбіць у паўстанцаў Сузы, але яго поспехі былі перарваны прыроднай катастрофай на радзіме. Паміж 2022 г. да н. э. і 2018 г. да н. э. Тыгр і Еўфрат змянілі свае рэчышчы. У Шумеры пачаліся голад і распад дзяржавы. Ібі-Суэн захаваў уладу толькі ў УрыRichard Zettler, THE EMPIRE OF UR-NAMMU UNDER HIS DESCENDANTS. У 2004 г. да н. э. Кіндату, шосты прадстаўнік дынастыі Сімашкі, узначаліў кааліцыю горных народаў і ўзяў Ур у аблогуBiography of King of Ur Ibbi-Sin (2028—2004 a.с.) . Эламіты перакрылі канал, які злучаў горад з Еўфратам, што дапамагло ім скончыць аблогу перамогай. Ур быў разбураны. Ібі-Суэна і сакральную статую Сіна вывезлі ў Элам. Вызваленне Элама ад панавання трэцяй дынастыі Ура ўнесла змены ў тытул кіраўнікоў дынастыі Сімашкі. Індату-Іншушынак I, сын Кіндату, ужо называў сябе як сункір (манарх) Элама і Сімашкі.

Пасля заняпаду Ура галоўнымі праціўнікамі Элама ў Месапатаміі сталі лугалі Ісіна і Ларсы. Ішбіэра, заснавальнік першай дынастыі Ісіна, выгнаў войска Кіндату з Шумера, а пазней ён або яго сын Шуілішу вярнулі статую Сіна. Пераемнікі Кіндату былі вымушаны шукаць саюз з ЭшнунайYuhong, Wu. A political history of Eshnunna, Mari and Assyria during the early Old Babylonian period (from the end of Ur III to the death of ŠamŠi-Adad). — Changchun, 1994, дзе з пачатку 2 тысячагоддзя да н. э. кіравалі лугалі з эламскімі імёнамі. Тым не меней, у 1932—1906 гг. да н. э. дынастыя Сімашкі пацярпела паражэнне ад амарэйскай дынастыі Ларсы. Апошнім прадстаўніком дынастыі Сімашкі паводле эламскага спісу стаў Ідату II, які меў тытул толькі кіраўніка (энсі) Сузаў.

Да сярэдзіны XIX ст. да н. э. у Эламе адбылася змена кіравання, калі ўлада апынулася ў валадароў з першасным тытулам сукальмах. Звычайна іх вылучаюць у самастойную дынастыю, паколькі сувязь з папярэдняй дынастыяй Сімашкі не ясная. Першым яе прадстаўніком быў Эпарты, або ЭбаратKatrien De Graef, Susa in the Late 3’d Millennium: From a Mesopotamian Colony to an Independent State (MC 2f 10-f9S0), таму гэтую дынастыю часам называюць Эпартыдамі. Перад сваім імем Эпарты ставіў клінапісны знак «дэнгір», што значыла «бажаство» — незвычайны выпадак для Элама, дзе ў адрозненні ад Акада і Шумера валадары не абагаўляліся. Для ўзмацнення свайго стану ён ажаніўся з прынцэсай з Ісіна. Яго сын Шылхаха не меў прамых нашчадкаў і перадаў уладу нашчадкам сваёй сястры. У далейшым усе валадары дынастыі спасылаліся на свой род ад сястры Шылхахі.

Дынастыя сукальмах вяла актыўную палітыку ў дачыненні да Месапатаміі, аднак ёй прыйшлося сутыкнуцца з узвышэннем Вавілона. У 1764 г. да н. э. Хамурапі, валадар Вавілона, перамог кааліцыю Элама, Эшнуны і АсірыіHammurabi — Biography, Code, Importance, & Facts — Britannica, а ў 1763 г. да н. э. разбурыў Ларсу і паланіў Рым-Сіна, прадстаўніка апошняй дынастыі Ларсы, якая па меркаванню некаторых вучоных паходзіла з ЭламаLeon Legrain, ELAM. ISIN-LARSA. У канцы XVIII ст. да н. э. або ў пачатку XVII ст. да н. э. эламскі сукальмах Кутыр-Нахунтэ зрабіў спусташальнае нашэсце на Вавілонію, дзе зруйнаваў святыні Акада. Магчыма, менавіта яго ўзгадвае Кніга Быцця пад імем КедарлаамэрБыццё, 14:1, 4, 5, 9, 17, калі апавядае пра ўмяшанне эламітаў у вайну на Блізкім Усходзе. Саслабленне Вавілона садзейнічала яго заваяванню касітамі, якія пазней ператварыліся ў супернікаў Элама.

Сярэдні эламскі перыяд