Турухтан, баталён (Philomachus pugnax) — птушка атрада сеўцападобных.

Апісанне Даўжыня цела самца 28-33 см, самкі 22-27 см, размах крылаў самца 54-59 см, самкі 48-52 см. У шлюбным уборы палавы дымарфізм праяўляецца ў багатым, вельмі зменлівым апярэнні самца. Самка меншая. Самец у негнездавы час падобны да самкі, але з меншай колькасцю плямак, грудзі крэмавыя, аднатонныя. У палёце «каржакаваты» сілуэт, рысунак на крылах i дзве белыя плямы на паясніцы. Голас вельмі рэдка ціхае «как»; самка каля гнязда, калі аблятае набліжаючагася ворага, ціха мармыча «ум-ум».

Пашырэнне Сустракаецца ў Вялікабрытаніі, Францыі, Галандыі, Германіі, Даніі і Польшчы. Арэал закрыты ад Скандынавіі праз паўночна-ўсходнюю Еўропу і Азію да Берынгава праліва. Лакальна сустракаецца на поўдні да возера Байкал.

Насяляе вялікія вільготныя лугі з невялічкімі пагоркамі, літараль каля ўзбярэжжа, дэльты, балоты з невялікімі азёрамі, сустракаецца ў тундры. У паслягнездавы перыяд таксама трапляецца на сухіх травяністых тэрыторыях, палях, сухім дне часовых вадацёкаў, узбярэжжы прэснаводных вадаёмаў і рэк, заліваемыя вадой тэрыторыях і балотах. Значна больш рэдкі на марскіх узбярэжжах.

Пералёты від. Месцы зімовак: Заходняя Еўропа (Галандыя, Германія, Францыя, Вялікабрытанія), Міжземнамор’е, Месапатамія, Паўднёвая і Паўднёва-Усходняя Азія (з Індыяй уключна), Афрыка на поўдзень ад Сахары.

На тэрыторыі Беларусі нешматлікі на гнездаванні пералётны від. У значна большай колькасці сустракаецца пад час транзітных міграцый; так 17.4.2017 на Тураўскім лузе ў пойме Прыпяці было адзначана 120 тысяч турухтанаў, што стала іх самым вялікім міграцыйным скопішчам пад час веснавога пралёту ў Еўропеptushki.org .

Асаблівасці біялогіі Корміцца пераважна насякомымі і іх лічынкамі, а таксама чарвямі, малюскамі і насеннем дзікіх і культурных раслін.

Гняздо ў даволі глыбокай ямцы ў сухім месцы пад прыкрыццем высокіх наземных раслін. Высцілка больш багатая, чым у кнігаўкі, з травы, лісця, сцёблаў і моху.

Яйкі звычайна 4 (радзей 2-3), грушападобныя да авальных, з больш вострым вузейшым канцом, чым у случка, і больш вузкія, чым у кнігаўкі. Жаўтавата-зялёныя або светла-зялёныя да аліўкавых, з карычнева-шэрымі глыбокімі і карычняватымі да цёмна-карычневых паверхневымі плямамі.

Літаратура

Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000. — 540 с.: іл. — ISBN 83-01-13187-X.

Спасылкі

Катэгорыя:Бакасавыя Катэгорыя:Птушкі Еўразіі Катэгорыя:Жывёлы, апісаныя ў 1758 годзе Катэгорыя:Птушкі на марках