Гагач чырвонаваллёвы, гагара чырвонаваллёвая (Gavia stellata) — птушка сямейства гагаравых.
Апісанне Даўжыня цела 53-68 см, размах крылаў 100-116 см. У гнездавым апярэнні шыя спераду мае ржавы колер. У зімовым апярэнні падобны на чорнаваллёвага гагача, адрозніваецца па злёгку ўзнятай уверх дзюбе, а таксама дробнымі белаватымі плямкамі на спіне (увесь больш светлы, асабліва на галаве, адсутнічае рэзкая мяжа паміж верхам і бакамі).
Пашырэнне Арэал цыркумпалярны (вакол Паўночнага полюса). Насяляе невялікія вадаёмы ў тундры або лесатундры з зарослымі берагамі, менш звязаны з марскім узбярэжжам.
Пралётны від. Месца зімовак: еўрапейскае ўзбярэжжа Атлантыкі, Паўночнае мора, Балтыка, Чорнае мора, узбярэжжа Усходняй Азіі, заходняе і ўсходняе ўзбярэжжа Паўночнай Амерыкі. На Беларусі зрэдку і ў невялікай колькасці адзначаецца ў час міграцый.
Падвіды G. s. stellata — Еўропа, Ісландыя; G. s. squamata — Шпіцберген, Зямля Франца-Іосіфа, Мядзведжыя астравы.
Асаблівасці біялогіі Гняздо — ямка без высцілкі або з высцілкай з водных раслін, звычайна ў купіне травяністых раслін, не далей чым 0,5 м ад вады.
Яйкі (2) падоўжаныя, бура-аліўкавыя або зялёна-аліўкавыя з бура-чорнымі плямамі.
Літаратура Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000. — 540 с.: іл. — ISBN 83-01-13187-X
Катэгорыя:Гагарападобныя Катэгорыя:Жывёлы, апісаныя ў 1763 годзе