Акім Міхайлавіч Шаўчэнка () — беларускі мастак-жывапісец.

Біяграфія Нарадзіўся 28 лістапада (11 снежня) 1902 года ў в. Карма Гомельскага павета Магілёўскай губерні.

Скончыўшы ў 15 гадоў мясцовую школу, паступіў вучыцца ў настаўніцкую семінарыю ў Гомелі. Паралельна займаўся ў студыі выяўленчага мастацтва ў мастака-акварэліста і графіка Сяргея Іванавіча Грамыкі, выпускніка Кіеўскага мастацкага вучылішча, вучня вядомага ўкраінскага педагога Фёдара Крычэўскага. Увосень 1920 года стаў наведваць мастацкую студыю імя Міхаіла Урубеля ў Клубе чыгуначнікаў. Выкладаў там мастак Афанасій Сцяпанавіч Сазонаў, а адным з вучняў быў будучы вядомы беларускі жывапісец Георгій Ніскі. У 1921 годзе паступіў у Гомельскае педагагічнае вучылішча. Усвядоміўшы, што асноўным прызначэннем з’яўляецца выяўленчае мастацтва, з’ехаў вучыцца ў Маскву, у УМАТЭМАЙС, а затым — у ленінградскі Інстытут пралетарскага выяўленчага мастацтва. Выкладчыкамі яго былі Сяргей Герасімаў, Аляксандр Дрэвін, Давід Штэрэнберг.

З’яўляўся ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, быў узнагароджаны ордэнамі за баявыя заслугі.

З 1945 года жыў і працаваў у г. Мінску.

Выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы (1947—1959). Сярод яго вучняў мастакі Міхаіл Андрэевіч Савіцкі, Май Вольфавіч Данцыг, Георгій Георгіевіч Паплаўскі, Віктар Аляксандравіч Грамыка , Васіль Пятровіч Шаранговіч, Леанід Дударэнка і іншыя.

З 1940 года — сябра Саюза мастакоў БССР.

Памёр 12 снежня 1980 года ў Мінску.

Творчасць

Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу. Быў аўтарам цыкла фігуратыўных палотнаў пра Янку Купалу і Якуба Коласа, шэрагу партрэтаў сучаснікаў, пейзажаў, нацюрмортаў. Яго твор «Плытагоны», напісаны ў 1932 годзе, быў прызнаны адным з лепшых сярод прадстаўленых у рамках Першай Дэкады беларускага мастацтва і літаратуры ў Маскве ў 1940 годзе.

Творчая спадчына мастака захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, фондзе Беларускага саюза мастакоў.

Вядомыя творы «Вяжуць снапы» «Тынкоўшчыцы» «На торфараспрацоўках» «Лес — будоўлям» «Горад абнаўляецца» «У саўгасе „Брылёва“» «У Дзень Перамогі» «Вячэрні Мінск» «Аб гераічным мінулым»

Памяць

У 2002 годзе, да 100-годдзя з дня нараджэння мастака, РУП «Белпошта» выпусціла памятны канверт з партрэтам Акіма Шаўчэнкі на фоне яго твора «Плытагоны» (1932). Мастак канверта — Г. Долбік. Тыраж — 98900 асобнікаўБеларускія капэрты, 2002 год.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі Минский художник Шевченко Аким Михайлович // Киевский клуб коллекционеров «Соцреализм»

Катэгорыя:Мастакі Беларусі Катэгорыя:Мастакі СССР Катэгорыя:Мастакі XX стагоддзя Катэгорыя:Члены Саюза мастакоў БССР Катэгорыя:Удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны Катэгорыя:Людзі на паштовых канвертах