Іва́н Фёдаравіч Шпіле́ўскі () — гісторык-краязнавец.
Біяграфія З 1912 года служыў матросам у Кранштаце, з 1914 — старшы радыётэлеграфіст лінкора «Імператар Павел I». Пасля Лютаўскай рэвалюцыі (1917) агітатар, супрацоўнік газеты «Волна», член суднавага камітэта. Пасля Кастрычніцкага перавароту (1917) член Ваенна-марскога рэвалюцыйнага камітэта, удзельнік задушэння антыбальшавіцкага выступлення Керанскага — Краснова. Уваходзіў у атрад бронецягніка, высланага на дапамогу паўстаўшым рабочым Масквы, пасля ў петраградскі зводны атрад маракоў, накіраваны на Дон для барацьбы з каледзіншчынай. З 1918 года зноў у Петраградзе — камісар і член Савета камісараў Балтыйскага флоту, са жніўня 1919 года — камісар Кранштацкага раёна службы сувязі Балтыйскага флоту, удзельнік баёў супраць войск Юдзеніча. З 1921 года — камісар Цэнтру службы сувязі штабу Марскіх сіл РСФСР.
З 1922 года ў БССР — старшыня Койданаўскага райвыканкама, з 1925 — інспектар лясоў Полацкай акругі. У 1930-я гады навуковы супрацоўнік, кіраўнік спраў АН БССР, сакратар Цэнтральнага бюро краязнаўства. Загінуў у канцы чэрвеня 1941 года падчас бамбёжкі санітарнага цягніка, у якім эвакуіраваўся на ўсход.
Друкаваўся ў часопісах «Красный флот», «Наш край» і інш. Аўтар успамінаў «Братва» (1929).
Творы Сінхраністычная табліца падзей паўстаньня на Беларусі, Літве і Польшчы ў 1830—1831 гг. // Наш край. 1929. № 10. (Разам з Л. А. Бабровічам.) Мястэчка Койданава. (Гістарычныя весткі). Менск, 1929. 42 с. (Разам з Л. А. Бабровічам.) Экспэдыцыі Акадэміі навук у 1931 г. // Савецкая краіна. 1931. № 5. Гістарычны нарыс Дзяржыншчыны (б. Койданаўшчыны). Менск, 1932. 109 с. (Разам з Л. А. Бабровічам.) Беларуская Акадэмія навук на парозе другой пяцігодкі: (Гістарычны нарыс). Менск, 1933. 111 с. (Разам з Л. А. Бабровічам.) Беларуская акадэмія навук да ХV-годдзя БССР. Гістарычны нарыс. Мінск. 1934. 143 с.
Літаратура Бядуля З. З краязнаўчага блякнота пісьменьніка // Наш край. 1930. № 1. Балтийские моряки в борьбе за власть Советов в 1919 г. — Ленинград, 1974. Валахановіч А. І., Карніловіч Э. А. Шпілеўскі Іван Фёдаравіч // Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Дзяржынскага раёна. — Мінск, 2004. — С. 128. Карніловіч Э. Шпілеўскі Іван Фёдаравіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах. Т. 6. Кн. II. — Мінск, 2003. — С. 229. Саламевіч Я. Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў (ХVI-ХХ стст.). — Мінск, 1983. — С. 63, 204.
Катэгорыя:Гісторыкі Беларусі Катэгорыя:Краязнаўцы Беларусі