Мікратапаніміка (ад (мікрас) — малы, τόπος (топас) — мясціна, ὄνομα (онама) — імя) — кірунак тапанімікі, які вывучае мікратапонімы — назвы малых геаграфічных аб’ектаў: лясоў, лугоў, палёў, урочышчаў і інш. Мікратапаніміка даследуе паходжанне гэтых назваў, іх сэнсавае значэнне, развіццё, сучасны стан, вымаўленне і напісанне.
Сукупнасць мікратапонімаў на той ці іншай тэрыторыі называецца мікратапанімія. Мікратапонімы ў пэўнай ступені паўтараюць іншыя групы тапонімаў, і рэзкай мяжы, якая б аддзяляла мікратапанімію ад іншых геаграфічных назваў, няма. Таму мікратапаніміка перакрыжоўваецца з шэрагам іншых кірункаў тапанімікі: гідранімікай (даследуе назвы рэк і інш. водных аб’ектаў), урбанімікай (вывучае назвы ў населеных пунктах) і г. д.
Але ў мікратапонімаў існуюць і шмат адметнасцяў. Так, яны бліжэй да агульных імён, чым іншыя тапонімы, нярэдкая дублетнасць мікратапонімаў, іх граматычная і лексічная ўстойлівасць бываюць адноснымі. У ліку мікратапонімаў існуе вялікая колькасць складаных назваў, створаных з прычыны імкнення людзей як мага дакладна ахарактарызаваць называныя аб’екты.
Па колькасці адзінак мікратапанімія ў сотні разоў перавышае іншыя групы тапаніміі. У Беларусі мікратапанімія даследуецца з 1960-х гг. Мікратапонімы з’яўляюцца крыніцай для вывучэння мовы народа, яго геаграфіі, гісторыі, этнаграфіі. У іх захоўваюцца ўказанні на рассяленне і заняткі людзей у мінулым, пра былыя паселішчы, раслінны і жывёльны свет края.
Літаратура Адамовіч, Я. М. Мікратапаніміка / Я. М. Адамовіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. — Мінск, 1999. — Т. 5. — С. 139. Бібліяграфія па беларускай мікратапаніміцы // Philology.by [Электронны рэсурс]. — 2022. Маслюкоў, Т. В. Беларускiя мiкратапонiмы ў польскамоўных дакументах XVII ст. / Т. В. Маслюкоў // Беларусіка = Albaruthenica: праблемы міжнацыян., міжрэлігійн. і міжкультур. узаемадзеяння, дыялогу і сінтэзу [матэрыялы ІІ Міжнароднага кангрэса беларусістаў]. — Мінск : ННАЦ імя Ф. Скарыны, 1997. — Кн. 6 : Беларусь паміж Усходам і Захадам. Ч. 2 / рэд. Ул. Конан [і інш.]. — С. 170—171. ISBN 985-6419-04-2. Škofic, Jožica. Microtoponyms as an important part of Slovenian cultural heritage // Acta geographica Slovenica, 57—1, 2017, 141—152. DOI:10.3986/AGS.4670. Tort i Donada, Joan. 2023. Microtoponymy as a paradigm of cultural heritage – A case study of Catalan oronyms. Onoma 58, 37–54. DOI: 10.34158/ONOMA.58/2023/3.
Катэгорыя:Тапаніміка