Пласкаго́р’е — вялікі ўчастак горнага рэльефу з пераважна плоскімі або хвалістымі водападзельнымі паверхнямі. Пласкагор’і звычайна размешчаны вышэй за 500 м над узроўнем мора, іх абсалютная вышыня можа дасягаць 1000 м і больш.Андрыеўская З. Я., Галай І. П. Руска-беларускі фізіка-геаграфічны слоўнік. — Мн.: Народная асвета, 1994. — С. 227. — 367 с. — ISBN 985-03-0054-X.

Рэльеф У межах пласкагор’яў могуць знаходзіцца значныя ўпадзіны і ўзвышшы. Ускраінныя і прыдалінныя ўчасткі часта глыбока расчлянёныя цяснінамі і ярамі і могуць мець выгляд моцна эрадзіраваных гор.

У склад пласкагор’яў часта ўваходзяць высока размешчаныя плато. Некаторыя пласкагор’і ўтвараюць унутраныя часткі нагор’яў.

Да буйных пласкагор’яў Азіі належаць Сярэднесібірскае, Аравійскае і Дэканскае. Пласкагор’і шырока распаўсюджаны таксама ў Афрыцы, Амерыцы і Аўстраліі.

Утварэнне Пласкагор’і могуць фарміравацца ў выніку найноўшых тэктанічных рухаў, калі падымаюцца паверхні, раней выраўнаваныя дэнудацыяй. Такія паверхні могуць быць складзены дыслацыраванымі горнымі пародамі рознага складу і ўзросту.

У іншых выпадках пласкагор’і ўтвараюцца на гарызантальна залягаючых аднастайных паводле тыпу і ўзросту пародах, устойлівых да размыву. Магчыма таксама іх фарміраванне пры магутных вывяржэннях лавы, якая перакрывае няроўнасці старажытнага рэльефу.

Літаратура

Андрыеўская З. Я., Галай І. П. Руска-беларускі фізіка-геаграфічны слоўнік. — Мн.: Народная асвета, 1994. — 367 с. — ISBN 985-03-0054-X.

Катэгорыя:Формы рэльефу