Ідэльфонс, у праваслаўі Ксенафонт Антонавіч Гаворскі (1812, Навагрудскі павет Гродзенскай губерні — , ) — расійскі і беларускі археолаг, гісторык, выдавец. Член-карэспандэнт Імператарскага рускага археалагічнага таварыства.

Біяграфія Паходзіў з сям’і ўніяцкага святара.

У 1830 годзе скончыў Жыровіцкую (Літоўскую) духоўную семінарыю. Адпраўлены ўніяцкім мітрапалітам Іосіфам Сямашкам на навучанне ў Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт, пасля ў 1831 годзе паступіў у Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмію, скончыў яе ў 1835 годзе са ступенню кандыдатаВыпускники Санкт-Петербургской (с 1914 — Петроградской) духовной академии 1814—1894, 1896—1918 гг..

Пасля навучання вярнуўся ў Беларусь. У 1836 годзе ажаніўся са шляхцянкай-каталічкай Юдытай Францішкаўнай РыдзеўскайНацыянальны гістарычны архіў Беларусі. — Ф. 2820. Воп. 1. Спр. 6. — Кніга перадшлюбных экзаменаў Ушацкага касцёла Лепельскага павета за 1827—1842 гады. — Арк. 61 адв..

Каля 25 гадоў выкладаў у Полацкай духоўнай семінарыі сусветную і царкоўную гісторыю, яўрэйскую мову, кананічнае права і іншыя дысцыпліны. Горача падтрымліваў намеры скасавання ўніяцтва, у 1837 годзе даў пісьмовае абавязальніцтва далучыцца да праваслаўнай царквы. Пры пераходзе ў праваслаўе атрымаў імя Ксенафонт.

На пачатку педагагічнай кар’еры Гаворскага, былы пратэктар Сямашка ў сваіх нататках за 29 траўня 1837 года ахарактаразаваў яго: «Гаворскі выкладае царкоўнае красамоўства, біблейскія старажытнасці і яўрэйскую мову, з дастаткова пасрэднымі поспехамі — ён яшчэ слабы». У сваім дакладзе ў Сінод у 1860 годзе Сямашка таксама пісаў пра Гаворскага — «чалавек даволі пасрэдны»Семашко И. Записки Иосифа, митрополита Литовского, изданные Императорской Академией наук по завещанию автора : [в 3 т.]. — Санкт-Петербург : Типография Императорской Академии наук, 1883. — Т. 2. — С. 34, 44, 697..

З 1862 года жыў у Кіеве, з 1864 — у Вільні.

Памёр у 1871 годзе, пахаваны на Еўфрасіннеўскіх могілках у Вільні.

Навуковая дзейнасць

Ксенафонт Гаворскі — адзін з піянераў археалагічных даследаванняў на тэрыторыі Беларусі. У пачатку 50-х гадоў XIX стагоддзя ён займаўся археалагічнымі раскопкамі курганоў у наваколлях Полацка (Шпакоўшчына, Рудня, Балотаўка), на Ушаччыне каля мястэчка Селішча, па берагах р. Дрысы і ў іншых месцах. Па выніках раскопак быў апублікаваны шэраг артыкулаў. Першым у Беларусі падрабязна апісаў структуру курганных насыпаў, вызначыў час іх узнікнення, акцэнтаваў увагу на вывучэнні раўкоў. Надрукаваў апісанне археалагічных помнікаў наваколляў Полацка і народныя паданні пра іх.

Вёў рэгулярную перапіску з Імператарскім археалагічным таварыствам, пасылаў туды знаходкі. 20 сакавіка 1852 года К. А. Гаворскі быў абраны членам-карэспандэнтам Імператарскага рускага археалагічнага таварыства. Даследчык выяўляў і публікаваў актавыя матэрыялы, звязаныя з беларускай гісторыяй. Ім напісана праца «Историко-статистическое описание Полоцкой епархии» (1853), якая не была апублікаванаАлексеев, Л. В. Археология и краеведение Беларуси XVI в. — 30-е годы ХХ века. — Мн.: Беларуская навука, 1996. — С. 90—93.

К. А. Гаворскі займаўся таксама даследаваннем царкоўнай гісторыі Беларусі. Аўтар прац на гэту тэму. Апублікаваў шмат важных дакументаў па гісторыі Беларусі, арыгіналы якіх пазней загінулі. Даследаваў гісторыю праваслаўных храмаў.

Выдавецкая дзейнасць

У грамадскай і навуковай дзейнасці стаяў на рэакцыйных пазіцыях, усхваляў палітыку царызму ў Паўночна-Заходнім краі. Адзін з пачынальнікаў заходнерусізму.

У 1857—1858 — рэдактар неафіцыйнай часткі «Витебских губернских ведомостей», дзе таксама друкаваліся яго даследаванні па гісторыі і выяўленыя ім актавыя матэрыялы.

Потым Ксенафонт Антонавіч перасяліўся ў Кіеў, дзе 1 ліпеня 1862 года пачаў выдаваць часопіс «Вестник Юго-Западной и Западной России». У часопісе адстойваліся дзяржаўныя ідэі, падтрымлівалася дзяржаўная палітыка. Самая вялікая ўвага надавалася барацьбе з паланізацыяй і каталіцкім празелітызмам у заходне-рускіх абласцях.

Пасля пераезду ў Вільню стаў заснавальнікам і рэдактарам часопіса «Вестник Западной России», які працягваў традыцыі папярэдняга выдання: асуджаў Паўстанне 1863—1864 гадоў і ўхваляў палітыку М. М. Мураўёва.

Грамадска-палітычныя погляды Вакол часопіса «Вестник Западной России» склалася супольнасць навукоўцаў, журналістаў і пісьменнікаў, заклапочаных праблемай захавання цэласнасці рускага народа і супрацьстаяння паланізацыі і сепаратызму. Пасля гэта грамадска-палітычная плынь была названа «заходнерусізмам».

К. А. Гаворскі прасочваў польскі ўплыў і ў дзейнасці ўкраінафілаў, якія прапагандавалі стварэнне асобнай ад рускай літаратурнай украінскай мовы. У лісце дзеячу Якаву Галавацкаму ён пісаў: «У нас у Кіеве толькі цяпер не больш за пяць упартых хахламанаў з прыродных маларосаў, а то (іншыя) усё палякі, больш за ўсіх завіхаліся аб распаўсюдзе маларасійскіх кніжонак. Яны самі, пераапрануўшыся ў скруткі, швэндаліся па вёсках і раскідвалі гэтыя кніжонкі; дакладна пранырлівы лях пачуў у гэтай справе для сябе пажыву, калі адважыўся на такія подзвігі».

Крыніцы

Літаратура

Матвейчык Д. Ч. Паўстанне 1863—1864 гадоў на старонках часопіса «Веснік Заходняй Расіі» // Беларускі гістарычны часопіс. — 2016. — № 5. — С. 18-27.

Спасылкі Біяграфія ў Рускім біяграфічным слоўніку т.4 С. 435.

Катэгорыя:Археолагі Беларусі Катэгорыя:Археолагі Расіі Катэгорыя:Выдаўцы Расійскай імперыі Катэгорыя:Гісторыкі Беларусі Катэгорыя:Гісторыкі Расіі Катэгорыя:Заходнерусізм