Ісу́с Хрысто́с, Е́зус Хры́стус (, , , ) — цэнтральная постаць хрысціянства, Богачалавек, большасць хрысціянскіх дэнамінацый лічыць Яго Бо́жым Сы́нам, у Якім спалучаны Боская (як Бог-Сын ён — другая асоба Тройцы) і чалавечая (народжаны ад Марыі) прыродыІсус Хрыстос // . Паводле Новага Запавету, добраахвотна прыняў пакутніцкую смерць, каб выкупіць людскія грахі. Адсюль розныя эпітэты і імёны Ісуса Хрыста — Збавіцель, Сын Чалавечы, Сын Божы і інш.
Хрысціянская царква лічыць Ісуса Хрыста заснавальнікам свайго веравызнання. Апісанне жыцця і вучэння Ісуса выкладзена ў тэкстах кананічных Евангелляў ад Мацвея, Марка, Лукі і Яна (а таксама ў шэрагу некананічных, сведчанні якіх не былі прынятыя афіцыйнай царквой). Паводле Бібліі, Ісус нарадзіўся ў палесцінскім горадзе Віфлееме ў часы валадарства рымскага імператара Аўгуста, ва ўзросце каля 30 гадоў сабраў вакол сябе 12 вучняў-апосталаў, з якімі хадзіў па Палесціне (у асноўным па Галілеі), прапаведуючы Сваё вучэннеJames D. G. Dunn, The Oral Gospel Tradition, Wm. B. Eerdmans Publishing, 2013. pp 290—291 і творачы цуды (уваскрэсенне памерлых, хаджэнне па вадзе, насычэнне тысяч людзей пяццю хлябамі, лячэнне псіхічнахворых і інш.). У Іерусаліме Яго вучань Іуда прадаў свайго настаўніка за 30 сярэбранікаў. Ісус быў асуджаны рымскім намеснікам Понціем Пілатам на пакаранне смерцю, распяты на крыжы і пахаваны. Аднак, як сцвярджаецца ў Бібліі, на трэці дзень Ён уваскрэс і ўзнёсся на неба. Многія з дэталей біяграфіі Хрыста лічацца прадказанымі ў Старым запавеце, дзякуючы чаму ствараецца сімвалічная пераемная сувязь паміж Старым і Новым Запаветамі.
Хрысціяне лічаць Ісуса доўгачаканым Месіяй Старога Запавету. Большасць хрысціян верыць, што Ісус быў зачаты ад Духа Святога, нарадзіўся ад Дзевы, тварыў цуды, заснаваў Царкву, памёр на крыжы ахвярна для дасягнення адкуплення, уваскрос з мёртвых і ўзнёсся на неба, адкуль Ён вернецца. Большасць хрысціян пакланяецца Ісусу як увасабленню Бога-Сына і Другой Асобы Святой Тройцы, некаторыя хрысціянскія групы цалкам або часткова аспрэчваюць трынітарызм як не біблейскае вучэнне.
У ісламе Ісус (звычайна транслітэруюцца як Іса) лічыцца адным з важных прарокаў Бога. Для мусульман Ісус прыносіць Пісанне, ён — прадукт беззаганнага зачацця, але не ахвяра распяцця. Іўдаізм адпрэчвае веру, што Ісус быў доўгачаканым Месіяй, сцвярджаючы, што Ён не выканаў месіянскіх прароцтваў у Танаху. Пісанне бахаяў амаль ніколі не спасылаецца на Ісуса як Месію, але называе яго Богаяўленнем. Некаторыя даследчыкі, асабліва ў XIX ст., адмаўлялі само існаванне Ісуса Хрыста, цяпер большасць вучоных прызнаюць гістарычнасць Хрыста.
Этымалогія імя Сучаснае імя «Ісус» з’яўляецца транслітарацыяй з шэрагу старадаўніх моў: з лацінскай Iesus, грэчаскай Ἰησοῦς (Iesous), з элінізаванай арамейскай (іўрыта) ישו (Yēšûă). У Каране імя Ісус падаецца як عيسى (Іса)Jennings.
Этымалогія імя Ісуса ў кантэксце Новага Запавету звычайна падаецца як «Гасподзь выратоўвае» ці «Яхве ёсць выратаванне». Імя Ісус шырока ўжывалася ў Іўдзеі ў час нараджэння Ісуса. У I ст. н. э. гісторык Іосіф Флавій называе па меншай меры 20 розных людзей з імем Ісус. Імя Ісус таксама выкарыстоўвалася за межамі Іўдзеі.
У Новым Запавеце, у Евангеллі паводле Лукі 1:26-33, Анёл Гаўрыіл паведамляе Марыі, што тая павінна даць свайму дзіцяці імя «Ісус», і ў Евангеллі паводле Мацвея 1:21 Анёл кажа Іосіфу, каб той назваў дзіця «Ісус». У Евангеллі паводле Мацвея 1:21 запісана: «Вы павінны даць яму імя Ісус, бо Ён уратуе людзей Сваіх ад грахоў іх».
Слова «Хрыстос» прыйшло ад грэчаскага Χριστός (Хрыстос), што азначае «памазаннік». Гэта слова — пераклад з яўрэйскага מָשִׁיחַ (Машыях), што транслітаруецца як «Месія». У версіі Септуагінты, напісанай больш за стагоддзе да нараджэння Ісуса, слова «Хрыстос» (Χριστός) ужывалася для перакладу яўрэйскага слова «Месія» (מָשִׁיחַ) на грэчаскую мову. У Евангеллі паводле Мацвея 16:16, апостал Пётр называе Ісуса Хрыстом («Ты Хрыстос»), гэта значыць, Месіем. Пасля напісання Новага Запавету слова «Хрыстос» стала выкарыстоўвацца як частка суцэльнага імя — «Ісус Хрыстос», хоць першапачаткова гэта быў тытул («Ісус Памазаннік»). У сваю чаргу, слова «хрысціянін» (што азначае «той, хто абавязаны вернасцю чалавеку Хрысту» ці проста «паслядоўнік Хрыста») выкарыстоўвалася ўжо з першага стагоддзя.
Крыніцы інфармацыі
Чатыры кананічныя Евангеллі (ад Матфея, ад Марка, ад Лукі і ад Яна) з’яўляюцца асноўнымі крыніцамі біяграфіі Ісуса. Іншыя часткі Новага Запавету, такія як лісты Паўла і Дзеянні апосталаў, таксама ўключаюць у сябе спасылкі на ключавыя эпізоды жыцця Ісуса.
Першым, як лічыцца, было напісана Евангелле ад Марка (каля 60-75 н.э.), затым Евангелле ад Матфея (65-85 н.э.) і Евангелле ад Лукі (65-95 г. н.э.), апошняе — Евангелле ад Яна (75-100 г. н.э.). Першыя тры Евангеллі вядомыя як Сінаптычныя Евангеллі, ад грэцкага σύν («агульны») і ὄψις (opsis «выгляд»), яны падобныя ў змесце, апавяданні, мове і структуры. На думку большасці даследчыкаў, Сінаптычныя Евангеллі з’яўляюцца асноўнымі крыніцамі гістарычнай інфармацыі пра Ісуса.
Некаторыя раннія хрысціянскія і гнастычная групы мелі ўласныя апісанні жыцця і вучэння Ісуса, якія не ўвайшлі ў Новы Запавет. Найбольш вядомыя з іх: Евангелле ад Фамы, Евангелле ад Пятра, Апакрыфічны ліст Якава, а таксама многія іншыя апокрыфы. Большасць навукоўцаў лічаць гэтыя творы напісанымі значна пазней і менш надзейнымі крыніцамі, чым кананічныя Евангеллі.
Жыццё Ісуса паводле апавядання Новага Запавету
Генеалогія і нараджэнне
Дадзеныя па генеалогіі і нараджэнні Ісуса ў Новым Запавеце запісаны толькі ў Евангеллі паводле Лукі і ў Евангеллі паводле Мацвея. Усе існуючыя дакументы па-за межамі Новага Запавету, якія з’яўляюцца больш ці менш сучаснымі з Ісусам і Евангеллямі, не праліваюць святло на іншыя біяграфічныя аспекты Яго жыцця; таму гэтыя два Евангеллі застаюцца асноўнымі крыніцамі інфармацыі аб генеалогіі і нараджэнні Хрыста.
У Мацвея радавод Ісуса пачынаецца ўжо з 1-га верша, у якім Ісус называецца «Сынам Давідавым», што паказвае на Яго Месіянскую годнасць; у той час як генеалогія ў Лукі прызвана паказаць Богасыноўства Ісуса і разглядаецца ў раздзеле 3, пасля Хрышчэння Ісуса (Лукі 3:22), калі голас з нябёсаў вызначае Ісуса як Сына Божага. Лука прасочвае радавод Ісуса праз Адама да Бога.
Божае нараджэнне з’яўляецца прыкметнай падзеяй у Евангеллі паводле Лукі. Ёй прысвечана больш за 10 % тэксту, што ў тры разы перавышае даўжыню апавядання пра Раство ў Евангеллі паводле Мацвея. Лука апавядае ў асноўным пра падзеі да нараджэння Ісуса і факусуе ўвагу на Марыі, у той час як Мацвей разглядае ў асноўным падзеі пасля нараджэння Ісуса і надае больш увагі Іосіфу. Па тэкстах Лукі і Мацвея, Ісус нарадзіўся, калі Іосіф і Марыя, яго нявеста, знаходзіліся ў Віфлееме. Абодва апавяданні падтрымліваюць дактрыну аб бязгрэшным зачацці, згодна з якой Ісус быў зачаты цудоўным чынам ва ўлонні маці ад Святога Духа, калі Яго маці была яшчэ нявінніцай.
У Евангеллі паводле Лукі 1:31-38 Марыя даведваецца ад архангела Гаўрыіла, што яна зачне і народзіць дзіця з імем Ісус праз дзеянне Святога Духа. Пасля сваіх заручын з Марыяй Іосіф турбуецца (Матф. 1:19-20), таму што Марыя цяжарная, але ў першым з трох сноў Іосіфа анёл запэўнівае яго не баяцца прыняць Марыю ў жонкі, таму што яе дзіця было зачата ад Духа Святога. Калі надышоў час нарадзіць, Марыя разам з Іосіфам былі вымушаны зрабіць вандроўку з Назарэта, бацькоўскага дома Іосіфа, у Віфлеем, каб зарэгістравацца падчас перапісу Квірынія, зробленага па загадзе імператара Аўгуста. Такім чынам споўнілася прароцтва, запісанае ў Міх. 5:2. У Лук. 2:1-7 апавядаецца, што Марыя, нарадзіўшы Ісуса і не знайшоўшы месца ў гасцініцы, памясціла нованароджанага ў яслях. Анел з’явіўся пастухам і паведаміў ім пра цудоўную падзею, а таксама накіраваў іх павіншаваць Дзіця (Лук. 2:22). Пасля прадстаўлення Ісуса ў храме Іосіф і Марыя вярнуліся дадому.
Мудрацы ці вешчуны, даведаўшыся пра нараджэнне Ісуса праз святло Віфлеемскай зоркі, прынеслі падарункі для нованароджанага Цара Іўдзейскага. Цар Ірад, які даведаўся пра нараджэнне Ісуса ад вешчуноў, загадаў забіць усіх немаўлят у Віфлееме. Але ў сне Анёл папярэдзіў Іосіфа, і той разам з сям’ёй уцёк у Егіпет, пасля смерці Ірада ўсе разам вярнуліся і пасяліліся ў Назарэце.
Маленства і прафесія
У абодвух Евангеллях пазначана, што дзяцінства Ісуса прайшло ў горадзе Назарэце ў Галілеі. Імя Іосіфа, мужа Марыі, прысутнічае ў апісаннях дзяцінства, але знікае ў далейшым. У Лк. 2:40-51 апісаны эпізод з дзяцінства Хрыста, калі Іосіф разам з Марыяй і Ісусам, калі таму было 12 год, выправіліся ў Іерусалім з нагоды свята. Паколькі ў горадзе было шмат пілігрымаў, то дзіця згубілася, бацькі толькі на трэці дзень змаглі адшукаць Ісуса ў храме, дзе Ён вучыў святароў, выклікаючы здзіўленне апошніх. Гэта адзіны выпадак з дзяцінства Ісуса, пра які паведамляецца ў Новым ЗапавецеБольшой библейский словарь; агулам жа пра дзяцінства Ісуса сказана вельмі сціпла: «А Дзіця расло і ўмацоўвалася Духам».
У Марка 6:3 Ісус названы тэктонам (), што ў перакладзе значыць «цясляр». Матф. 13:55 паведамляе, што Ён быў сынам тэктона. Слова «тэктон» традыцыйна перакладаецца як «цясляр», але можа азначаць вырабнікоў аб’ектаў з розных матэрыялаў, нават будаўнікоў.
Акрамя Новага Запавету, традыцыйна прафесію Ісуса звязваюць з дрэваапрацоўкай у традыцыях 1-га і 2-га стагоддзя; і Іўсцін Мучанік (пам. каля 165) пісаў, што Ісус рабіў ёрмы і плугі. У Евангеллях сказана, што Ісус добра ведаў ТоруДуриц К. Год, который изменил мир. Год смерти Христа, с. 109: мог чытаць, перафразоўваць і абмяркоўваць Пісанне, але не атрымаў традыцыйнага навучання ў кніжнікаў і фарысеяў, не прайшоў іх школы, не вывучаў багаслоўе і Закон.
Хрышчэнне і выпрабаванне
У Евангеллях аповеду пра Хрышчэнне Ісуса заўсёды папярэднічае інфармацыя пра Яна Хрысціцеля і яго служэнне. Ян прапаведаваў пакаянне для даравання грахоў і хрысціў людзей у раёне ракі Іардан. Спасылкі на служэнне Яна каля ракі Іардан сустракаюцца не толькі ў чатырох Евангеллях. У Дзеяннях 10:37-38 апостал Пётр паказвае, як служэнне Ісуса ішло пасля «хрышчэння, якое Ян прапаведаваў».
У той час Ян прадказваў (Лук. 3:16), што прыйдзе Хтосьці, хто «мацнейшы за мяне». Апостал Павел таксама паказвае гэта чаканне Яна ў Дзеяннях 19:4. У Матф. 3:14 Ян Хрысціцель, сустрэўшы Ісуса, кажа: «Гэта мне трэба, каб хрысціцца ў Цябе». Тым не менш, Ісус просіць Яна хрысціць Яго. Пасля таго як Ісус выходзіць з вады, неба адчыняецца, і голас з неба кажа: «Гэта Сын Мой улюблёны, Якога Я ўпадабаў Сабе». Святы Дух спускаецца на Ісуса ў выглядзе голуба (Матф. 3:13-17, Марк. 1:9-11, Лк. 3:21-23). У Ян. 1:29-33, зыход голуба падаецца як сведчанне Яна Хрысціцеля, які кажа, што не ведаў, што Ісус — Месія, пакуль не ўбачыў, як на Яго сыходзіць Святы Дух. Гэта адзін з двух выпадкаў у Евангеллях, дзе голас з неба называе Ісуса «Сынам», другі момант адносіцца да Праабражэння Ісуса.
Пасля хрышчэння сінаптычныя Евангеллі пераходзяць да апісання Спакусы Ісуса, калі Ісус 40 дзён знаходзіцца ў пустыні, а пасля перамагае трайную спакусу ад д’ябла словамі Пісання. У Ян. 1:35-37 змешчана апавяданне пра першую сустрэчу паміж Ісусам і двума Яго будучымі вучнямі, якія на той час былі вучнямі Яна Хрысціцеля. У тым аповедзе на наступны дзень Ян бачыць Ісуса зноў і называе яго Божым Ягнём, а тыя «два вучні пачулі, як ён гэта казаў, і пайшлі за Ісусам». Пра спакушэнне Ісуса сказана ў трох сінаптычных Евангеллях пасля Яго хрышчэння. Хрышчэнне і спакушэнне Ісуса служыць для падрыхтоўкі да Яго грамадскага служэння.
Пакліканне дванаццаці вучняў
Пасля першага цуду ў Кане Галілейскай Яго слухачы, пераважна галілейскія рыбакі, былі моцна ўсхваляваныя тым, што здарылася. Апостал Ян кажа, што менавіта з таго моманту вучні паверылі ў Ісуса. І калі Ён паклікаў іх следаваць за Ім, яны без ваганняў пакінулі свае сеці і з гэтага моманту цалкам належалі толькі Свайму Настаўніку.