Валянціна Дзмітрыеўна Якімовіч, па нараджэнні Куцанкова, да 1976 года Малахоўская (нар. 27 лістапада 1949, Касцюкоўка, Гомельскі раён) — беларуская фалькларыстка, грамадская дзяячка ў ЗША.

Біяграфія Скончыла архітэктурны факультэт БПІ (1973). Пасля вучобы засталася ў Мінску. Працавала архітэктарам, вядучым інжынерам-канструктарам, настаўніцай жывапісу, чарчэння і народнага мастацтва ў Беларускім гуманітарна-культурным цэнтры, педагогам-выхавальнікам у Мастацкім вучылішчы імя Глебава, актрысай мінскага драматычнага тэатра «Дзе-Я?», старшым навуковым супрацоўнікам сектара этнаграфіі Інстытута мастацтвазнаўства АН БССР.

З 1987 года належала да моладзевага аб’яднання «Талака», з 1989 года — сябра БНФ, а таксама Таварыства беларускай мовы і Беларускага саюза фалькларыстаў і фальклорнага гурта «Дзянніца».

Народны майстар па вырабе нацыянальных беларускіх строяў. Аўтар шэрагу культуралагічных артыкулаў і публікацый фальклорнага і этнаграфічнага характару.

Друкавалася ў часопісе «Мастацтва», газетах «Культура», «Чырвоная змена» ў Мінску, у бюлетэні «Весткі й Паведамленьні», газеце «Беларус» і альманаху «Беларус» у Нью-Ёрку. З 1987 года ладзіць традыцыйныя беларускія святы.

З канца 1998 года жыве ў ЗША, бярэ ўдзел у дзейнасці Беларуска-амерыканскага задзіночання, жыцці беларускай грамады ў Амерыцы. Сакратар згуртавання «Пагоня».

Аўтар успамінаў пра паэта Анатоля Сыса.

Літаратура

Катэгорыя:Імігравалі ў ЗША з Беларусі Катэгорыя:Фалькларысты Беларусі Катэгорыя:Архітэктары Беларусі