Гарадзішча на Менцы, вядома таксама як Строчыцкае гарадзішча — архелагічны комплекс з гарадзішча і селішча IX — сярэдзіны XI ст. на рацэ Менцы (Мене) каля в. Гарадзішча, за 1,5 км на паўночны захад ад в. Строчыцы, Шчомысліцкага сельсавета Мінскага раёна.
Найвышэйшы ўздым эканамічнага і культурнага жыцця на помніку прыпадае на X — пачатак XI ст., выяўлены матэрыялы культуры штрыхаванай керамікі, банцараўскай, перыяду Русі, ВКЛ і новага часу. Селішча было населена прынамсі з V ст. Ёсць думка, што паселішча было цэнтрам воласці дрыгавічоў, мела назву Менск і да знішчэння ў 1067 годзе папярэднічала пазнейшаму аднайменнаму цэнтру ў вусці Нямігі — сучаснаму Мінску.
Агульная характэрыстыка Знаходзіцца за 16 км ад Мінска. Гарадзішча — шматслойнае, складанай канфігурацыі, на правым беразе прытока Пцічы рацэ Мене (Менцы) пры ўпадзенні ў яе ручая Дуная. Акружана валам, складаецца з двух частак — вузкага мысавага малога гарадзішча (з адной пляцоўкай) і вялікага (амаль квадратнай формы з верхняй і ніжняй пляцоўкамі, з розніцай ўзроўняў паміж імі ў 8-9 м). З польнага боку дугападобны роў, вал дасягае вышыні 8 м.
У 1967 годзе гарадзішча пашкоджана праз спробу мясцовых ўладаў, паводле Г. В. Штыхава, прыстасаваць археалагічны помнік пад стадыён — пляцоўка была разраўняна бульдозерамі, валы звонку падрэзаны і г.д.
Селішча знаходзіцца на палях і тэрыторыі вёскі Гарадзішча ўздоўж ручая Дуная і ракі Мены да ўпадзення яе ў Пціч. Агульная плошча селішча каля 40 га.
Гісторыя даследаванняў Упершыню ўвагу на паселішча звярнуў у сярэдзіне XIX ст. П. М. Шпілеўскі, заўважыўшы, што гэтае гарадзішча калісьці было горадам альбо замкам. У 1930 г. паселішча было абследавана А. Рынейскім, які зрабіў тапаграфічнае апісанне помніка і апублікаваў яго план. На аснове сабранага керамічнага матэрыяла ён датаваў гарадзішча XII—XV стст. У Інстытуце гісторыі НАН Беларусі захоўваецца кераміка з гарадзішча, памечаная 1935 годам. Магчыма ў гэты час невялікія раскопкі былі праведзены А. М. Ляўданскім і А. Д. Каваленям, але справаздача пра вынікі даследаванняў не захавалася.
Першыя значныя раскопкі на гарадзішчы былі праведзены ў 1954 годзе А. Р. Мітрафанавым разам са студэнтамі гістарычнага факультэта БДУ. Але гэтыя матэрыялы не былі апублікаваныя і часткова былі страчаны. А. Р. Мітрафанавым было зроблена два раскопы — адзін плошчай 60 м.кв. у цэнтры малога гарадзішча (раскоп I) і адзін плошчай каля 100 м.кв. у паўднёвай частцы вялікага гарадзішча паблізу прарэзу вала (раскоп II). А. Р. Мітрафанаў ахарактаразаваў гарадзішча як феадальны замак і датаваў яго XII—XIII стст.
У 1963, 1964, 1967 і 1968 гг. раскопкі на гарадзішчы былі працягнуты экспедыцыяй БДУ пад кіраўніцтвам Э. М. Загарульскага. У 1963 г. была даследавана плошча ў 100 м.кв на малым гарадзішчы (раскоп III). У 1964 г. раскопкі вяліся на селішчы на паўднёвы ўсход ад вялікага гарадзішча, дзе была даследавана плошча ў 240 м.кв. (раскоп IV). У 1967 г. было даследавана 2 раскопы на вялікім гарадзішчы (раскопы V і VI), кожны па 80 м.кв, і адзін раскоп плошчай 64 м.кв на малым гарадзішчы (раскоп VII). Акрамя таго, было пачата даследаванне абарончых збудаванняў гарадзішча. З боку ўнутранай пляцоўкі ў вал былі ўрэзаны траншэі на ўсходняй частцы вялікага гарадзішча (траншэя 2) і на малым гарадзішчы (траншэя 3). У паўночна-ўсходнім прарэзе вала была даследавана траншэя 1. У 1968 г. было праведзена даследаванне траншэй 2 і 3 з вонкавых бакоў вала. Э. М. Загарульскі быў першым з даследчыкаў, хто зразумеў і даказаў, што гарадзішча на Менцы трэба датаваць IX — пачаткам XI ст.
У 1969 г. М. А. Ткачоў даследаваў паўднёвы прарэз вала вялікага гарадзішча (траншэя 4). У 1975 і 1983 гг. раскопкі археалагічных помнікаў на р. Менцы пачаў полацка-мінскі атрад Інстытута гісторыі АН БССР пад кіраўніцтвам Г. В. Штыхава. На селішчы на поўдзень ад гарадзішча быў даследаваны раскоп 30х30 м (раскоп VIII). Паводле Г. В. Штыхава, на селішчы знойдзена ляпны посуд, які датуецца IX ст. і сведчыць, што селішча ўзнікла раней за гарадзішча. У 1976—1977 гг. Г. В. Штыхавым даследаваўся раскоп плошчай 168 м.кв амаль у цэнтры вялікага гарадзішча (раскоп IX).
Паводле Г. В. Штыхава, помнік характарызуе таксама пад’емны матэр’ял, сабраны на гарадзішчы і на селішчы мясцовым настаўнікам С. П. Ерамчуком і яго вучнямі. Яго калекцыя налічвае вялікую колькасць рэчаў, у т.л. звыш за сто пацерак X — 1-й пал. XI ст. (сярод іх 26 пацерак-лімонак), бронзавыя упрыгожанні XI ст. (сякерка, конік, манетападобная падвеска з зернем).
У 1992, 1996—2001 гг. вывучэннем археалагічнага комплекса займаўся Ю. А. Заяц.
Гарадзішча У раскопе I на малым гарадзішчы А. Р. Мітрафанавым быў выяўлены вугал драўлянай пабудовы з рэшткамі печы, пры разборцы якога былі знойдзены срэбрная завушніца з падвескай (валынскага тыпу X — 1-х дзесяцігоддзяў XI стст.; аналогіі — Гушчынскі клад 1930 г. ля Чарнігава), пацерка-лімонка (X ст. — 1020 -я гг.), сердалікавая прызматычная пацерка (X ст.), наканечнік стралы (блізкі да стрэлаў Новатроіцкага гарадзішча VIII—IX стст.) Знойдзены таксама абпаленае зерне са слядамі мяшка з суровай тканіны, серп, жалезныя нажы, жорны. У раскопе II (А. Р. Мітрафанаў, 1954) на вялікім гарадзішчы была выяўлена печ-каменка і «каменная выкладка».
У раскопе III на малым гарадзішчы Э. М. Загарульскім былі знойдзены 5 наканечнікаў стрэл, з якіх адзін (чарашковы) мае аналаг сярод знаходак Новатроіцкага гарадзішча (IX—X стст.), а чатыры астатнія (утульчатыя) адносяцца да тыпаў стрэл, якія распаўсюджаны з канца IX да пачатку XI стст.; арчатае стрэмя 2-й пал. 1 тыс. да пач. 2 тыс.; цуглі ранняга перыяда Русі; фрагмент ключа X—XI стст.; долаты, сярпы; бронзавая падковападобная фібула са спіральна загнутымі канцамі (X — 1-я пал. XI ст.); бронзавы бубенчык с крыжападобнай прораззю (X — 1-я пал. XI ст.); пацеркі (X — пач. XI ст.); керамічны посуд выраблены на ганчарным крузе і большасць венцаў у посудзе характэрны для раннеганчарных пасудзін з венцам «ў выглядзе карнізіка» (IX—X стст.); сярод цікавых знаходак — днішчы некаторых пасудзін з княскай тамгой — трызубцам.
Аналіз рэчаў, знойдзеных у раскопе III, дазволіў Э. М. Загарульскаму сцвярджаць, што гарадзішча магло функцыянаваць ужо на мяжы IX — Х ст., а гаворачы аб верхняй даце, амаль ўсе знойдзеныя датаваныя рэчы дажываюць да пачатку XI ст. (наканечнікі стрэл, пацеркі, фібула). Прычым на іх месца, па словах даследчыка, не прыходзяць рэчы тых самых катэгорый, якія былі характэрны да пазнейшага часу — 2-й пал. XI—XII стст., што ў першую чаргу заўважна па поўнай адсутнасці шкляных вырабаў. Як адзначае даследчык, у слаях наогул няма шкляных бранзалетах — самай тыповай катэгорыі рэчаў канца XI, асабліва XII ст. і наступных стагоддзяў. І хаця ў матэр’ялах раскопак ёсць рэчы, якія бытуюць на працягу ўсяго XI ст. і нават дасягаюць XII ст. (ключ ад драўлянага накладнога замка) яны, на думку Э. М. Загарульскага, не могуць змяніць прапанаванае датаванне.
Рэчавы матэр’ял раскопа VII, як адзначае Э. М. Загарульскі, у асноўным звязаны з гаспадарчай дзейнасцю жыхароў паселішча: наральнікі (аналогіі ў матэр’ялах Старой Ладагі, X ст.), матыка; з упрыгожанняў — фібула з макападобнымі канцамі.
Падсумоўваючы даследаванні раскопак на малым гарадзішчы, даследчык выказвае меркаванне, што ўзнікненне паселішча на гэтым месцы адносіцца да ранняга жалезнага веку і звязана з культурай штрыхаванай керамікі. Другі этап ахоплівае X — 1-я пал. XI ст. Трэцяму этапу пачатку засялення гэтай часткі паводле Э. М. Загарульскага найбольш адпавядаюць XIV—XV ст.
На думку Э. М. Загарульскага, знойдзеныя прадметы матэрыяльнай культуры ніяк не могуць характарызаваць малое гарадзішча як частку гарадской тэрыторыі — дзядзінец. Што знойдзеныя рэчы дастаткова тыповыя для старажытнарускіх паселішчаў X — пач. XI стст., што няма дадзеных пра развіццё мясцовых рамёстваў. Акрамя таго, як ён лічыць, сама тэрыторыя малога гарадзішча вельмі малая і на ёй, у лепшым выпадку мог размяшчацца адзін двор.
Э. М. Загарульскі заўважае таксама, што ў старажытнарускім слоі няма археалагічных сведчанняў разбурэння паселішча, якія можна было б звязаць з ваеннымі дзеяннямі ў 2-й палове XI ст. Сляды пажару выяўлены ў больш ранніх напластаваннях, якія можна датаваць X ст. Таксама няма ў верхніх слаях і сканцэнтравання прадметаў узбраення.
Рэчы, знойдзеныя ў выніку раскопак Э. М. Загарульскага на вялікім гарадзішчы (раскоп V і раскоп VI) таксама ўкладваюцца ў храналагічныя рамкі X — 1-й пал. XI ст., аднак, як ён адзначае, пад старажытнарускім слоем тут не выяўлены слой са штрыхаванай керамікай, як гэта было на малым гарадзішчы.
У раскопках Г. В. Штыхава было знойдзена тое самае кола рэчаў, што і ў раскопках Э. М. Загарульскага, а таксама некалькі днішчаў керамічнага посуду з княжацкай тамгой Рурыкавічаў ранняга варыянта. Г. В. Штыхавым таксама было вызначана, што на помніку няма шкляных бранзалетаў, з чаго вынікае, што культурных адкладанняў XII—XIII ст. на гарадзішчы няма.
Ю. А. Заяц адзначае, што першапачаткова малое гарадзішча займала мысавае ўзвышша ў сутоках Дуная і Мены. Даследчык даводзіць, што ніжнія пласты малога гарадзішча змяшчаюць матэр’ялы культуры штрыхаванай керамікі, а вялікага — банцараўскай культуры, а таксама, акрамя старажытнарускага перыяда, часоў ВКЛ і новага часу.
Сярод знаходак на гарадзішчы Ю. А. Заяц згадвае наступныя рэчы: пацерка (амулет) з егіпецкага фаянсу (II—III стст.), срэбрная завушніца з прывескай валынскага тыпу, бронзавыя спражкі, нагрудны абразок з выявамі лекараў святых Казьмы і Дзяміяна, якіх бласлаўляе Спас-Эмануіл, наканечнік ножнаў мяча, шкляныя і сердалікавыя пацеркі, фрагменты амфар, ляпнога і вырабленага на крузе керамічнага посуду, донцы гаршкоў з клеймамі ў выглядзе знака Рурыкавічаў (трызубза), жорны (IX—XII стст.), кафля, манеты, керамічны посуд і вырабы з жалеза (XVII—XIX стст.).
Абаронныя збудаванні У 1969 годзе М. А. Ткачоў праводзіў раскопкі каля паўднёвага прарэза валу, заклаўшы там раскоп, па сведчанні Г. В. Штыхава, у 4 м.кв. Пад валам вялікага гарадзішчы быў выяўлены слой паселішча жалезнага века. Першапачатковы ж вал складзены з пяску, змешанага з культурным слоем і рэчамі IX—X стст. Першапачатковы вал быў накрыты другім валам, у якім знойдзены рэчы XI ст. Па меркаванні М. А. Ткачова, першы вал быў насыпаны ў пачатку XI ст., другі — у XI ст.
Э. М. Загарульскі, які праводзіў раскопкі вала як на малым так і на вялікім гарадзішчы, прыйшоў да высновы, што пад насыпам вала знаходзіцца напластаванні не толькі жалезнага веку, але і ўсяго старажытнарускага перыяду. Так (паводле Э. М. Загарульскага) прарэзка валу малога гарадзішча (траншэя 3) паказала, што пад яго насыпам ёсць вялікі культурны слой, які цягнецца да самага схілу ўзвышша, на якім размяшчалася паселішча, і што да ўзвядзення вала плошча малога гарадзішча была прынамсі ў тры разы большай, чым пасля яго ўмацавання. На думку Э. М. Загарульскага, узвядзенне вала можна датаваць не раней за канец XIV—XV стст. і малое гарадзішча не мела штучных земляных умацаванняў ні ў жалезным веку, ні ў старажытнарускі час, бо пасля іх узвядзенння карысная плошча малога гарадзішча стала настолькі малой, што яно не магло служыць дзядзінцам.
У падножжы траншэі на вялікім гарадзішчы (траншэя 2), па сведчанні Э. М. Загарульскага, выяўлены культурны слой з керамікай X — 1-й паловы XI стст. перакрыты насыпам вала. Значная таўшчыня слоя ў асобных месцах вала (да 1,2 м), на думку даследчыка, можа тлумачыцца тым, што пры насыпцы валу была выкарыстана частка старажытнага слоя. У ніжніяй частцы гэтых напластаванняў знойдзена скапленне абпаленых бярвёнаў. Як лічыць даследчык, вал насыпаўся аднаразова і адначасовыя па часе ўзвядзення ў абеіх частках замка, які быў ўзведзены некалькі стагоддзяў пазней на месцы старажытнага паселішча.