Яўген Сяргеевіч Кулік () — беларускі мастак пасляваеннага перыяду, аўтар эталона гербу «Пагоня» як дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь у 1991—1995 гадах.

Біяграфічныя звесткі Нарадзіўся 31 кастрычніка 1937 года ў Менску. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, а пасля — Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. З 1963 года браў удзел у мастацкіх выставах. Майстэрня Куліка, што знаходзілася ў Мінску насупраць будынка КДБ, стала ў 1960-я гады нацыянальным асяродкамі сталіцы і атрымала назву «На паддашку».

Памёр 12 студзеня 2002 года ў Мінску. Пахаваны ў Мінску на Кальварыйскіх могілках.

Творчасць У станковых творах распрацоўвае тэмы гісторыі і культурнай спадчыны беларускага народа: серыі «Помнікі дойлідства Гродзеншчыны» (1974), «Славутыя дзеячы гісторыі і культуры Беларусі» (з 1993), малюнкаў рэканструкцый «Замкі Беларусі», лісты «Кірмаш на Беларусі ў XVIII ст.» (усе 1977), «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» паводле рамана У. Караткевіча (1978), «На куццю» паводле паэмы Я. Купалы (1982), «Памяці Алены Кіш» (1983), «Паўстанне 1863 г. на Беларусі» (1988), трыпціх «Усяслаў Чарадзей, Ефрасіння Полацкая, Лазар Богша» (1996).

У 1970-1980-я гады займаўся кніжнай графікай, аформіў дзясяткі кніжак, і найлепшымі з іх былі: «Слова аб палку Ігаравым», «Ад гоману бароў» Александровіча, «Мушка-зелянушка і Камарык-насаты тварык» Багдановіча, «Сонечны клубочак» Зуёнка. Але сапраўдным шэдэўрам Яўгена Куліка стала кніга «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага. Завершанасцю кампазіцый, сінтэзам выяўленчых сродкаў вылучаюцца ілюстрацыі да кніг А. Вольскага і іншых.

Вельмі вядомы яго графічныя серыі «Помнікі дойлідства Гродзеншчыны», «Замкі Беларусі», «Паўстанне 1863 г. у Беларусі».

У 1991 годзе быў адным з аўтараў мадэрнізаванага варыянту герба «Пагоня».

Ушанаванне памяці У лістападзе 2005 года на магіле на Кальварыйскіх могілках пастаўлены помнік.

Крыніцы

Літаратура Кулік Яўген Сяргеевіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 тамах / Беларуская энцыклапедыя; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) [і інш.]. Том 9: Кулібін — малаіта. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 1999. — С. 6. Гаранская Т. Энцыклапедыст / Т. Гаранская // Род. слова. — 1997. — № 10. — с. 162. Марачкін А. Яўген Кулік — творца і чалавек / А. Марачкін // Род. слова. — 1997. — № 10. — с. 155.

Спасылкі Сяргей Харэўскі. Мастацтва таталітарызму. ПАЎСТАНЕЦ

Катэгорыя:Нарадзіліся ў Мінску Катэгорыя:Памерлі ў Мінску Катэгорыя:Пахаваныя на Кальварыйскіх могілках Катэгорыя:Мастакі Беларусі Катэгорыя:Выпускнікі Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава Катэгорыя:Графікі Беларусі Катэгорыя:Графікі паводле алфавіта Катэгорыя:Выпускнікі Беларускай акадэміі мастацтваў Катэгорыя:Экслібрысісты Беларусі