Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі — каталіцкі храм у в. Дзераўная (Стаўбцоўскі раён), колішні кальвінскі збор. Размешчаны ў цэнтры вёскі. Помнік архітэктуры готыкі і рэнесансу.

Гісторыя

Мураваны храм заснаваны ў 1590 г. па фундацыі Мікалая Крыштофа Радзівіла і яго жонкі Яўфіміі Вішнявецкай паводле тэстаменту Яўфіміі Вярбіцкай (жонкі валынскага ваяводы Андрэя Вішнявецкага). У другой палове XVII ст. прыбудавана вежа. Рэстаўрыраваўся ў пачатку XVIII ст. У XVIII ст. збудавана новая вежа.

Архітэктура Храм аднавежавы прамавугольны ў плане з пяціграннай алтарнай часткай і прыбудаванымі да яе з бакоў прамавугольнымі сакрысціямі. Галоўны фасад вылучаны трох’яруснай вежай, увянчанай шатром. Ніжні ярус чатырохгранны. Вуглы вежы ў ніжняй частцы ўмацаваны контрфорсамі. Верхнія ярусы чатырохгранны і васьмігранны. Грані апрацаваны плоскімі арачнымі нішамі. Сцены асноўнага аб’ёму ўмацаваны контрфорсамі. Вокны паўцыркульныя, размешчаны ў верхняй частцы сцен.

Будынак перакрыты цыліндрычным скляпеннем на падпружных арках з распалубкамі над аконнымі праёмамі. Алтарная частка адкрываецца ў асноўнае памяшканне вялікім арачным праёмам. Бабінец і сакрысціі перакрыты крыжовымі скляпеннямі. У асноўным памяшканні над уваходам хоры, якія падтрымліваюцца чатырма калонамі. На хоры вядуць дзве бакавыя лесвіцы, размешчаныя ў тоўшчы сцен. Пад вокнамі — плоскія арачныя нішы.

Літаратура

Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 104—105.

Спасылкі

Катэгорыя:Зборы Беларусі Катэгорыя:Дзераўная (Стаўбцоўскі раён) Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі рэнесанс Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў гатычным стылі Катэгорыя:Касцёлы Стаўбцоўскага раёна Катэгорыя:Касцёлы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі