«Масакра» — беларускі містычны трылер, зняты ў 2010 годзе рэжысёрам Андрэем Кудзіненкам на Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм».

Дзея «Масакры» адбываецца на беларускіх землях у 60-я гады XIX стагоддзя, пасля жорсткага задушэння паўстання Кастуся Каліноўскага 1863—1864 гадоў. За сцэнарную аснову ўзята навела «Локіс» Праспэра Мерымэ пра мядзведзя-пярэваратня і матывы старабеларускіх легенд.

Збольшага фільм здымалі ў палацава-паркавым комплексе Святаполкаў-Чацвярцінскіх у мястэчку Жалудок (Шчучынскі раён, Гродзенская вобласць).

Назва Слова «Масакра» (; ; ) з'яўляецца запазычаннем з англійскай мовы і мае сінанімічнае значэнне са словамі «кровапраліцце», «забойства», «разня», «вынішчэнне», «бойня».

Паводле словаў галоўнага рэжысёра аднайменнага фільму Андрэя Кудзіненка:

Масакра — гэта азначае «крывавая бойка», што было заўсёды на тэрыторыі Беларусі, ва ўсе часы. Заўсёды партызаншчына, акупацыя… Тэрыторыя крыві тут была заўсёды. І вось такая метафара — барацьбы і за зямлю, і за каханне. Заўсёды ўсе фільмы — пра любоў: любоў да жанчыны, любоў да зброі.

Сюжэт У 60-я гады XIX стагоддзя на Беларусі (у Паўночна-Заходнім краі Расійскай імперыі) жорстка задушана нацыянальнае паўстанне. Усталёўваецца атмасфера страха і смутку, радавыя маёнткі пераходзяць да новых уладальнікаў.

Мастак і авантурыст з Санкт-Пецярбургу Мікалай Казанцаў з мэтай зарабіць грошай на адукацыю ў Італіі прыяжджае пад выглядам навукоўца ў таемны маёнтак старажытнага графскага роду Пазуркевічаў каталагізаваць рэдкую бібліятэку. Граф Уладзімір рыхтуецца да шлюбу. У маёнтку збіраюцца госці, прычым у кожнага ёсць свай прэтэнзіі да гаспадара. Пры гэтым Ганна, нявеста графа Уладзіміра Пазуркевіча, аказваецца каханкай Казанцава.

Акцёрскі склад Дзмітрый Мілер — граф Уладзімір Пазуркевіч Андрэй Назімаў — Мікалай Казанцаў, мастак-авантурыст Марыя Курдзяневіч — Ганна, нявеста пярэваратня, каханая авантурыста Аляксандр Кашпераў — Ілья Фаміч Белазёрскі, генерал Святлана Зелянкоўская — памешчыца Астроўская Аляксандр Колбышаў — святы айцец

Гісторыя стварэння Першапачаткова здымкі фільму мусілі адбывацца сумесна з польскімі і расійскімі кінавытворцамі ў Польшчы, але з-за эканамічнага крызісу рэжысёр фільму Андрэй Кудзіненка быў вымушаны адмовіцца ад гэтай ідэі. Новай пляцоўкай для кіназдымкаў стала вёска Жалудок у Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці. Як адзначае мастак-пастаноўшчык Артур Клінаў, маёнтак Чацвярынскіх у Жалудку быў абраны пасля наведвання больш за дзясятак аб'ектаў па ўсёй краіне. Стваральнікам фільму нават прыйшлося часткова ўмацоўваць будынак. Дадатковым здымачным месцам таксама стала вёска Грушаўка Ляхавіцкага раёна. Большая частка стужкі здымалася ў лістападзе — снежні 2009 года.

Катэгорыя:Фільмы студыі «Беларусьфільм» Катэгорыя:Фільмы Андрэя Кудзіненкі Катэгорыя:Містычныя фільмы Катэгорыя:Трылеры Катэгорыя:Гістарычныя фільмы Катэгорыя:Фільмы 2010 года