Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж імя М. С. Высоцкага, у 1945—2001 гадах Мінскі аўтамеханічны тэхнікум — адукацыйная ўстанова ў Мінску.

Заснаваны ў 1945 годзе. Адно з найстарэйшых ССНУ Беларусі. За гады існавання выпусціў больш за 20 тысяч выпускнікоў.

У маі 2014 года каледжу нададзена імя Героя Беларусі, акадэміка М. С. Высоцкага. Станам на 2014 год у каледжы навучалася каля 2 тысяч навучэнцаў дзённага і завочнага аддзялення. МДАК імя М. С. Высоцкага ўключае ў сябе 2 навучальныя корпусы, навучальныя майстэрні, навучальны аўтадром і інтэрнат.

З мая 2011 года адкрыты кабінет для вывучэння замежнай мовы, які абсталяваны самай сучаснай тэхнікай.

Гісторыя

29 кастрычніка 1945 года Галоўным упраўленнем навучальных устаноў НКСМ тэхнікуму вылучана грузавая машына з Масквы, на якой быў перададзены груз: навучальныя дапаможнікі, кнігі, папера, спальны інвентар. Створаны прафсаюзны камітэт, першасныя камсамольская і партыйная арганізацыі тэхнікума, а ўжо 29 жніўня загадам НКСМ № 340/с ад 29.08.1945 г. і пастановай Дзяржаўнага камітэта абароны СССР 9905с ад 26.08.1945 г. Мінскі аўтамеханічны тэхнікум увайшоў у строй дзеючых. 31 мая 1945 Загадам Народнага камісарыята сярэдняга машынабудавання (НКСМ) № 287 ад 1945.05.31 г. тэхнікум быў уключаны ў спіс мінскіх навучальных устаноў з указаннем плана прыёму навучэнцаў на 1945/46 навучальны год.

12 сакавіка 1963 года здадзены ў эксплуатацыю будынак інтэрната па вул. Касманаўтаў агульнай плошчай 3287 кв.м.

У 1991 годзе здадзены ў эксплуатацыю другі вучэбны корпус, пабудаваны на сродкі МАЗ (генеральны дырэктар — выпускнік тэхнікума Лаўрыновіч М. Ф.). У 1992 годзе, пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 07.02.1992 г. тэхнікум прыняты ў рэспубліканскую ўласнасць і падпарадкаванне Міністэрству адукацыі Рэспублікі Беларусь. У гэтым жа годзе быў створаны вылічальны цэнтр.

У 2000 годзе тэхнікум быў узнагароджаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. У кастрычніку гэтага года быў адкрыты музей гісторыі тэхнікума. Загадам Міністра адукацыі № 53 ад 5 жніўня 2001 года Мінскі аўтамеханічны тэхнікум быў перайменаваны ў УА «Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж».

Музей гісторыі каледжа У 2000 годзе ў аўтамеханічным тэхнікуме адкрыўся Музей гісторыі тэхнікума (з 2001 года — каледжа). Актыўную працу па яго стварэнню праводзіў гісторыка-краязнаўчы гурток, якім кіравала ветэран тэхнікума выкладчык гісторыі Г. М. Ганчарова.

Музейныя матэрыялы падабраны ў залежнасці ад іх магчымасці раскрыць канкрэтную тэму ў храналагічнай паслядоўнасці. Асноўныя, найбольш значныя падзеі і факты з жыцця МДАК выкладзены ў раздзеле «Хроніка найважнейшых падзей у гісторыі каледжа». Па тэксце «Хронікі» ў памяшканні музея паслядоўна размяшчаюцца асобныя стэнды.

Вядомыя выпускнікі Міхаіл Сцяпанавіч Высоцкі Мікалай Мікітавіч Слюнькоў Мікалай Пятровіч Вяршынін (нар. 1940) — беларускі паэт-сатырык.

Спасылкі Афіцыйны сайт каледжа

Катэгорыя:Заводскі раён (Мінск) Катэгорыя:Каледжы Мінска Катэгорыя:З’явіліся ў 1945 годзе Катэгорыя:1945 год у Мінску Катэгорыя:Сацыялістычная вуліца (Мінск)