Касцёл Святога Духа — каталіцкі храм, размешчаны за 1,5 км ад вёскі Язвіны Драгічынскага раёна. Пабудаваны ў 1750 годзе. Помнік архітэктуры барока.

Занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння.

Архітэктура

Асноўны квадратны ў плане аб'ём невялікім уступам пераходзіць у паўкруглую апсіду, арыентаваную на ўсход. Уся пабудова накрыта стромкім двухсхільным дахам, паўкруглым над алтарнай часткай. Сцяна галоўнага фасада завершаная франтонам маляўнічага ўвагнута-пукатага абрысу. Вось сіметрыі пабудовы падкрэсленая праёмам уваходу. Пры перабудове касцёла ў праваслаўны храм, у сярэдзіне вільчыка даху зробленая цыбулепадобная галоўка на высокім васьмерыковым барабане. Пластыку архітэктарства ўзбагачаюць скругленыя вуглы будынку, лапаткі і нішы з ракавінамі на галоўным фасадзе. Галоўнае памяшканне перакрытае цыліндрычным скляпеннем, апсіда — конхай. Будынак асветлены чатырма лучковымі вокнамі і круглай люнетай у апсідзе.

Літаратура «Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік», Мінск 1993

Спасылкі

Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі барока Катэгорыя:Колішнія касцёлы Брэсцкай вобласці Катэгорыя:Язвіны (Драгічынскі раён) Катэгорыя:Касцёлы Драгічынскага раёна Катэгорыя:1750 год у Беларусі