Дэрпцкае біскупства () — духоўна-феадальнае княства ў Лівонскай Канфедэрацыі, якое існавала ў 1224—1558 гадах у паўднёва-ўсходняй частцы сучаснай Эстоніі на тэрыторыі паветаў Тартумаа, Пылвамаа, Вырумаа, Йыгевамаа і Валгамаа. Цэнтр у горадзе Дэрпце (Юр’еве). Межы біскупства не супадалі з межамі замацаванай за біскупам каталіцкай дыяцэзіі: апошняя, апроч самога біскупства, уключала землі на захад ад яго, якія належалі Лівонскаму ордэну.
У гады свайго росквіту Лівонскі ордэн, Рыжскае архібіскупства, Дэрпцкае, Курляндскае і Эзэль-Вікскае біскупствы ўтваралі так званую Лівонскую канфедэрацыю пяці феадальных дзяржаў сярэдневяковай Прыбалтыкі , якая ўвесь час канфліктавала як са славянамі (Наўгародская рэспубліка, Вялікае Княства Літоўскае, Каралеўства Польскае), так і са скандынаўскімі краінамі (Швецыя, Данія).
Фармальнай нагодай да паходаў нямецкіх крыжакоў было заваяванне і хрысціянізацыя эстаў, а асноўнай мэтай — каланізацыя земляў. Першым біскупам дэрпцкім быў Герман Буксгеўдэн, брат рыжскага біскупа і кіраўніка Лівонскага крыжовага паходу Альберта Буксгеўдэна.
На чале біскупства стаяў каталіцкі біскуп, якога выбіралі капітулам саборных канонікаў, гэта значыць калегіяй вышэйшых мясцовых кафедральных святароў. Біскуп быў таксама найбуйнейшым феадалам-землеўладальнікам княства, хоць частка яго земляў была перададзена ў рукі ваенных, якія сталі васаламі біскупа. Нямецкае духавенства і рыцары-феадалы наклалі феадальныя павіннасці на раней свабоднае мясцовае эсцкае і славянскае сялянства.
Гісторыя У 1211 г. біскуп рыжскі Альберт заснаваў Леальскую дыяцэзію на захадзе Эстоніі. У 1223—1224 гадах эсты ў саюзе са славянскім князем Вячкам беспаспяхова абаранялі горад Юр’еў ад нямецкіх рыцараў-крыжакоў. Пасля ўзяцця немцы пераназвалі яго ў Дорпат (), ці Дэрпт, а біскуп леальскі Герман у 1224 г. выбраў яго ў якасці сваёй новай рэзідэнцыі, стаўшы біскупам дэрпцкім. 6 лістапада 1225 г. рымскі кароль Генрых зацвердзіў яго дэрпцкім князем.
У 1242 г. эсцкае войска біскупа Германа пацярпела паражэнне ад наўгародскага князя Аляксандра Неўскага ў знакамітым Лядовым пабоішчы.
Дакументальна вядома, што ў 1268 г. біскуп дэрпцкі Фрэдрык называў сябе яшчэ і «біскупам карэльскім», але паходжанне гэтага тытула застаецца незразумелымExcerpt from sources . In Latin. Hosted by the National Archive of Finland . See and Diplomatarium Fennicum from the menu..
Дэрпцкае біскупства таксама вяло актыўны гандаль у рамках Ганзейскага саюза.
У канцы XIV ст. біскупам дэрпцкім стаў Дытрых Дамераў, закляты вораг Лівонскага ордэна, які ўступіў у кааліцыю супраць яго з Вялікім Княствам Літоўскім, Мекленбургам і віталійскімі братамі (вядомымі піратамі Балтыйскага мора). Ён нават папрасіў англійскага караля Рычарда II узяць Дэрпт пад яго пратэкцыю. Ордэн беспаспяхова атакаваў біскупства ў 1379 г. і пасля заключэння мірнага пагаднення страціў права закліку васалаў біскупа да ўдзелу ў ваенных кампаніях.
У апошнія гады існавання біскупства ў яго пагоршыліся адносіны з Расіяй, што пазней стала асноўнай нагодай да Лівонскай вайны. Цар Іван Грозны запатрабаваў, каб біскупства выплаціла яму велізарную даніну ў 40 000 талераў. Ён настойваў, што Дэрпт з’яўляўся старажытнай славянскай крэпасцю Юр’евам, маючы на ўвазе кароткі перыяд славянскага ўплыву ў землях эстаў, якія падпарадкаваў князь Яраслаў Мудры ў 1030—1061 гг. Кіраўніцтва біскупства спрабавала паменшыць суму даніны для працягу перамір’я, але цар адмовіўся ад дыпламатычных мер і абвясціў вайну. У 1558 г. Дэрпт быў узяты расійскімі войскамі і Дэрпцкае біскупства спыніла сваё існаванне.
Знешняя палітыка
Агульная плошча Дэрпцкага біскупства ў перыяд найбольшай экспансіі германскіх крыжакоў склала каля 9600 км². Пазней, па волі Ордэна, дэрпцкі біскуп таксама стаў вырашаць царкоўныя пытанні ў ордэнскіх землях непасрэдна на захад ад біскупства (да Рыжскага і Пярнускага заліваў Балтыйскага мора). З усіх бакоў, акрамя ўсходняга, біскупства акружалі землі рыцараў Лівонскага ордэна, на ўсходзе з ім спачатку межавала Наўгародская рэспубліка, былыя васальныя землі якой ордэн і біскупства, уласна, і займалі. Затым пасля аб’яднання рускіх земляў галоўным усходнім суседам стала Рускае царства (Маскоўская дзяржава).
Біскупства мела ўскраіннае становішча, а таму праводзіла вельмі варожую палітыку крыжовых паходаў у дачыненні да суседніх славянскіх земляў пры падтрымцы ордэна і Папы Рымскага. Галоўную ролю ў стрымліванні біскупства ў пачатку XII стагоддзя адыгрывала старажытная крэпасць Ізборск, якая атрымала за гераічнасць сваіх абаронцаў мянушку «Жалезны горад».
У XVI стагоддзі Дэрпцкае біскупства перажыло востры ўнутраны крызіс з-за феадальнай міжусобіцы, а таксама барацьбы каталікоў з пратэстантамі у працэсе Рэфармацыі. Часткова славянізаваныя ў X—XIII стст. эсты-сету пры гэтым захоўвалі прыхільнасць да праваслаўя нават ва ўмовах моцнага рэлігійнага ціску з боку нямецкага духавенства. Скарыстаўшыся рэлігійнымі канфліктамі ў біскупстве, у 1558 годзе Іван Грозны спыніў яго існаванне, захапіўшы яго сталіцу Дэрпт. Пасля гэтага ў праваслаўе перайшла і частка мясцовых балтыйскіх немцаў, якая стамілася ад каталіцка-пратэстанцкіх звад.
Замкі Цэнтрам біскупства быў Дэрпцкі замак (). Ён быў пашкоджаны падчас Паўночнай вайны і ў XVIII ст. быў разабраны, пазней (у пачатку XIX ст.) на яго месцы была пабудавана абсерваторыя. Дэрпцкі сабор быў пашкоджаны падчас пратэстанцкай рэфармацыі і знаходзіцца ў разбураным стане з XVII ст.
Акрамя Дэрпта, у біскупстве было яшчэ пяць каменных замкаў: Одэнпэ — старажытны цэнтр Угандзі і першая каменная крэпасць у біскупстве; Кірумпэ і Нейгаўзен знаходзіліся на важнай і старажытнай дарозе, якая злучала Дэрпт са Псковам; Ольдэнтарн і Варбеке (Кастэр) знаходзіліся на рацэ Эмбах, якая злучала Дэрпт з Чудскім возерам.
Дэрпцкія біскупы Герман Буксгеўдэн 1224—1248 Аляксандр 1263—1268 Фрыдрых Газельдорф 1268—1288 Бернгард I 1289—1302 Дытрых II Фюсгузен 1302—1312 Мікалай 1312—1323 Энгельберт Долен 1323—1341 Весцэлус 1342—1344 Іаган I Фіфгузен 1346—1373 Генрых I Фельдэ 1373—1378 Дытрых III Дамераў 1378—1400 Генрых II Урангель 1400—1410 Бернгард II Бюлаў 1410—1413 Дытрых IV Рослер 1413—1441 Варфаламей Завіервэ 1441—1459 Гельміх Малінкрат 1459—1468 Андрэас Пеплер 1468—1473 Іаган II Берткаў 1473—1485 Дытрых V Гаке 1485—1498 Іаган III Ропэ 1499—1505 Герард Шрофэ 1505—1513 Іаган IV Дзюсбарг 1513—1514 Крысціян Бомгавер 1514—1518 Іаган V Бланкенфельд 1518—1527 Іаган VI Бей 1528—1543 Ёдакус Рэке 1544—1551 Герман II Везель 1552—1560
Спасылкі
Замак Дэрпцкага біскупства
Катэгорыя:Лівонская канфедэрацыя Катэгорыя:Сярэдневяковая Эстонія Катэгорыя:Гісторыя Тарту Катэгорыя:Рымска-каталіцкія дыяцэзіі Эстоніі