Сядзібна-паркавы комплекс Скірмунтаў — колішняя сядзіба ў в. Моладава (Іванаўскі раён), якая існавала ў канцы XVIII — пачатку XX ст. Належаў Скірмунтам.

Гісторыя

Палац пабудаваны ў 1795—1798 гг. Сымонам Скірмунтам паводле праекту архітэктара фон Гроса (von Gross); меў рысы стылю ампір.

У 1905—1908 гг. перад уездам да сядзібы паводле праекта архітэктара Т. Раствароўскага Генрыхам Аляксандравічам Скірмунтам пабудавана капліца-пахавальня Скірмунтаў, якая захавалася да нашых дзён.

У 1939 г. палац быў разрабаваны. У 1943 г. — спалены, пазней разабраны на цэглу, а парк знішчаны.

Архітэктура

Мураваны аднапавярховы прамавугольны ў плане на высокім цокалі будынак з трыма рызалітамі, накрыты вальмавым дахам. Сцены, аздобленыя рустам, завяршаліся антаблементам і карнізам на сухарыках. Цэнтральны рызаліт на галоўным фасадзе быў вылучаны дарычным порцікам з дзвюма парамі калон і трохвугольным франтонам, на фасадзе, што выходзіў у парк, — трохграннай галерэйкай з вальмавым пакрыццём. Бакавыя рызаліты на галоўным і паркавым фасадах былі вылучаны чатырохкалоннымі порцікамі з трохвугольнымі франтонамі. Высокія прамавугольныя вокны з франтончыкамі ў завяршэнні і скульптурнымі ўстаўкамі пад карнізамі.

Каля палаца стаяў мураваны аднапавярховы прамавугольны ў плане флігель з порцікам на галоўным фасадзе.

Літаратура

Несцярчук Л. М. Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х-ХХ стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы) / Л. М. Несцярчук. — Мінск: БЕЛТА, 2002. — 334 с.: іл. ISBN 985-6302-37-4.

Спасылкі

Молодово

Катэгорыя:Палацава-паркавыя і сядзібна-паркавыя ансамблі Беларусі Катэгорыя:Скірмунты Катэгорыя:Колішнія сядзібы Беларусі Катэгорыя:Знішчаныя збудаванні Беларусі Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі ампір Катэгорыя:Зніклі ў XX стагоддзі Катэгорыя:Моладава (Іванаўскі раён) Катэгорыя:1798 год у Беларусі