Сядзіба Чарноцкіх «Нача Брындзоўская» — помнік сядзібнай архітэктуры класіцызму. Пабудаваны ў 1810—1815 гг. у вёсцы Нача Ляхавіцкага раёна.

Ансамбль сядзібы мае рэгулярную планіроўку з мураваным палацам у цэнтры. За палацам разбіты пейзажны парк, злучаны з садам і з захаду абмежаваны вадаёмам. Адасоблена з усходняга боку стаяць гаспадарчыя пабудовы. Помнік рэспубліканскага значэння.

Гісторыя

Да канца XVIII ст. маёнтак знаходзіўся ва ўласнасці езуіцкага ордэна.

Сядзібай валодалі Неміровічы, Табаровічы, езуіты, Брындзы, Масальскія, Чарноцкія.

Палац, які існаваў да 1905 г. у нязменным выглядзе, быў узведзены ў 1810—1815 гг. Міхаілам Чарноцкім, сынам Францішка Ксаверыя. У 1905—1910 гг. паводле праекта архітэктара А. Крыжаноўскага быў значна перабудаваны і пашыраны.

Занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння.

Сядзіба Палац

Мураваны аднапавярховы прамавугольны ў плане будынак стаіць на высокім цокалі і накрыты двухсхільным дахам. Высокія прамавугольныя вокны завершаныя сандрыкамі. Цэнтральная частка галоўнага фасада вылучаная манументальным шасцікалонным порцікам з трохвугольным франтонам, прарэзаным круглым акном. Да тарцоў будынку прыбудаваныя тэрасы.

Гаспадарчыя пабудовы Адасоблена з усходняга боку стаяць гаспадарчыя пабудовы. Першы будынак мураваны прамавугольны ў плане накрыты двухсхільным дахам. Яго фасады рытмічна члянёны лапаткамі. На тарцовым паўднёвым фасадзе шырокі дзвярны і аконныя праёмы. Дэкор адсутнічае. Да паўночнага тарцовага фасада прыбудаваны пазнейшы будынак. У адну лінію з ім стаіць другая гаспадарчая пабудова. Яна складаецца з цагляных слупоў і драўляных сцен. Накрыта двухсхільным дахам, франтоны драўляныя.

Флігель Флігель размешчаны з паўднёвага боку ад сядзібнага дома. Зарос дрэвамі і хмызняком. Прамавугольны ў плане накрыты двухсхільным дахам будынак. Да яго паўночнага фасада прыбудаваны пазнейшы выцягнуты ў плане аб’ём.

Парк Парк у асноўным захаваў кампазіцыйную форму. У парку растуць ліпы, ясені, клёны, вязы. Групы дрэў і асобныя дрэвы (салітэры) спалучаюцца з невялікімі палянамі. У 2-й палове XIX ст. у парку з’явіліся экзатычныя дрэвы. Паступова ён набываў рысы натуралістычнага парку.

У Начы захаваліся рэшткі сонечнага гадзінніка і вельмі рэдкія для Беларусі віды раслін. Старэйшы ў рэспубліцы экзэмпляр арэха чорнага дасягае ў вышыню 25 м пры дыяметры ствала 81 см. Расце таксама горкі каштан васьмітычынкавы з Паўночнай Амерыкі. Раней на парадным фасадзе вілася адна з найпрыгажэйшых ліян з усходняга Кітая — вістэрыя кітайская.

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Славутасці Ляхавіцкага раёна Катэгорыя:Палацава-паркавыя і сядзібна-паркавыя ансамблі Беларусі Катэгорыя:Нача (Ляхавіцкі раён) Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі класіцызм