Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар дамініканцаў — страчаны рэлігійны комлекс у Полацку.

Гісторыя Заснаваны ў 1672 г. па фундацыі віленскага каноніка Ф. М. Гарскага з дазволу віленскага біскупа А. Сапегі. У 1774 г. быў закладзены мураваны касцёл Прасвятой Дзевы Марыі. Аднак з-за недахопу сродкаў, яго будаўніцтва было адкладзенае да 1801 г. і завершанае ў 1804 г. Уваходзіў у ансамбль Полацкай параднай плошчы. У 1837 г. і 1843 г. будынкі кляштару гарэлі.

Комплекс разбураны ў час Другой сусветнай вайны.

Архітэктура

Касцёл

Касцёл — трохнефная шасцістаўповая базіліка, цэнтральны неф якой завяршаўся паўкруглай апсідай (30х18,9 м). У інтэр'еры касцёлу былі ўбудаваны пяць алтароў, упрыгожаныя разьбой і размалёўкай, на хорах быў дванаццацігалосы арган Касцёл меў два ўваходы: першы з боку плошчы быў аформлены порцікам з шасцю іанічнымі калонамі і балконам, на якім быў уваход на хоры, другі — з боку кляштару.

Кляштар

Кляштар пабудаваны ў 1781—1804 гг., уяўляў сабой двухпавярховы Г-падобны ў плане корпус з калідорнай планіроўкай. Першы паверх меў скляпеністыя перакрыцці, другі — драўляныя. Будынкі кляштару былі пакрыты дахоўкай. У комплекс уваходзілі таксама гаспадарчыя пабудовы, сад, палісаднік і каменная агароджа з уязной брамай. Кляштарны двор быў выбрукаваны. У 1864 г. пасля закрыцця кляштару касцёл стаў прыходскім.

Святары

Ігнат Юр’евіч Рудзіс (1896—1902); Нікадзім Андрэевіч Дзядуль (1900—1901); Казімір Юзафавіч Батура (1903—1906?); Іеранім Іеранімавіч Будрыс (1905); Міхал Юр’евіч Тамашэўскі (1906—1908); Эмерыт-Віценцій Юр’евіч Юркевіч (1908—1915?); Леанард Якаўлевіч Бараноўскі (1908—1914); Францішак Карлавіч Будзька (1908—12, 1917?); Станіслаў Антонавіч Ярашэвіч (1912—1914); Юзаф Казіміравіч Дзям’ян (1914—1923); Язэп Язэпавіч Барадзюля (1919); Юзаф Станіслававіч Лук’янін (1922); Адольф Готлібавіч Філіп (1924—1925?); Міхал Хрыстафоравіч Цакуль (1925); Казімір Францавіч Яновіч (пасля 1934); Антон Святаполк-Мірскі (1941—1942); Чэслаў Матусевіч (з 1941);

вартаўнік: Юзаф Янавіч Цывінскі (1920-я). Паводле некаторых звестак, у касцёле таксама служылі: Валінскі, Ваяводскі, Дзеражынскі, Сяніцкі Войцэх, Яркевіч (Юркевіч).

Літаратура

Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 232.

Спасылкі

Катэгорыя:Храмы паводле алфавіта Катэгорыя:Манастыры Полацка Катэгорыя:Колішнія касцёлы Полацка Катэгорыя:Колішнія кляштары Беларусі Катэгорыя:Дамініканскія кляштары Беларусі Катэгорыя:1804 год у Беларусі Катэгорыя:XIX стагоддзе ў Полацку