Спаса-Праабражэнская царква — праваслаўны храм у вёсцы Порплішча Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці. Помнік драўлянага дойлідства.

Гісторыя Царква пабудавана ў 1627 годзе, фундатарамі яе былі Францішак і Ганна ЗебржыдоўскіяСайт Віцебская абласная бібліатэка ім. У. І. Леніна . дата доступа 27.12.2016. Перабудавана ў 1794 г. мясцовым святаром Ждановічам і прыхажанамі, з элементамі класіцызму. У 1883 годзе прыбудавана званіца.

У 1988 г. праводзіўся капітальны рамонт пабудовы.

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.

Архітэктура Крыжова-купальны храм з планам у выглядзе лацінскага крыжа. Усе зрубы роўнай вышыні і накрытыя ўзаемна перпендыкулярнымі двухсхільнымі дахамі з 3-вугольнымі франтонамі на тарцах. На сяродкрыжжы масіўны васьмігранны светлавы барабан, завершаны гранёным купалам з галоўкай. Абапал пяціграннага алтарнага зрубу невялікія прамавугольныя ў плане рызніцы.

У 1883 г. да галоўнага фасада прыбудаваныя трох’ярусная вежа-званіца з бабінцам у ніжнім ярусе, накрытая невысокім чатырохсхільным шатром.

Сцены гарызантальна ашаляваныя. Вокны прамавугольныя.

Інтэр’ер

Унутры барабан купалу апіраецца на папружныя аркі з парусамі. Ад старой царквы ацалелі фрагменты разьбянога іканастаса XVII стагоддзя. Хоры размешчаныя ў асноўным аб’ёме. У інтэр'еры захаваліся фрагменты разнога драўлянага алтара XVII ст., якія выкарыстаны пры афармленні ўцалелых дагэтуль іканастаса і ківотаў. Разьба іканастаса выкананая ў тэхніцы нізкага рэльефу: варыяцыі раслінных парасткаў з букетамі кветак і пладоў, галовак анёлаў, жаночых фігур. У іканастасе ёсць каштоўныя абразы XVIII—XIX стагодздяў. Разьбой пакрыты таксама плоскасці філёнгаў, калоны і абрамленні ківотаў.

Літаратура

Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4

Спасылкі

Катэгорыя:Порплішча Катэгорыя:Помнікі беларускага народнага дойлідства Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Докшыцкага раёна Катэгорыя:Драўляныя цэрквы Беларусі Катэгорыя:1794 год у Беларусі Катэгорыя:Храмы Полацкай і Глыбоцкай епархіі