Яўген Эрліх (, 14 верасня 1862, Чарнаўцы , Аўстра-Венгрыя – 2 мая 1922, Вена,Аўстрыя) - аўстрыйскі правазнаўца, адзін з заснавальнікаў сацыялогіі права як навукі. З 1900 г. быў дэканам юрыдычнага факультэта, а ў 1906-1907 гг. - рэктарам Чарнавіцкага універсітэта. У сваіх навуковых інтарэсах спачатку засяродзіўся на рымскім і сучасным грамадзянскім праве, пазней на сацыялогіі права. Эрліх з'яўляецца аўтарам такіх вядомых прац, як "Аб прабелах у праве" (1888), "Асновы сацыялогіі права" (1913), "Юрыдычная логіка" (1918).

Эрліх сцвярджаў, што права стварае само грамадства, а не дзяржава альбо судовая практыка. Значную ўвагу навуковец надаваў эмпірычным даследаванням юрыдычных феноменаў. Эрліх спрабаваў распрацаваць методыку вывучэння звычаяў, выкарыстоўваючы вопыт Фрыдрыха Карла фон Савіньі, які стварыў апытальнік для даследавання звычаяў Славеніі.

Эрліх распрацаваў канцэпцыю "свабоднага права", аснову якой складаў "свабодны" падыход да права, перш за ўсё, з мэтай таго, каб суддзя мог вырашаць справу па сваім унутранным меркаванні. Юрыспрудэнцыя, на думку Эрліха, не павінна кіравацца толькі тым, што дыктуе закон, а павінна высветліць, што адбываецца на самой справе, асабліва ў выпадках, прама не прадугледжаных законам, якія дапускаюць магчымасць прымянення аналогіі.

Раннія гады

Яўген Эрліх нарадзіўся 14 верасня 1862 года на берагах ракі Прут – у тагачаснай сталіцы аўстра-вянгерскай Букавіны – Чарнаўцах. Эліяс (так назвалі яго бацькі) з дзяцінства адчуў ўплыў шматнацыянальнага асяроддзя. Скончыў польскамоўную семінарыю ў Самборы (недалёка ад Львова), куды пераехаў з бацькам, які ў 1865 годзе стаў адвакатам у Галічыне.

Менавіта дзякуючы прафесіі бацькі Яўген Эрліх вырашыў стаць юрыстам. Правучыўшыся два гады ў Львоўскім універсітэце, з вясновага семестра 1881/82 н. г. Эрліх працягвае навучанне ў Венскім універсітэце. Сярод любімых дысцыплін малодога правазнаўцы – "Працэсуальнае права" (выкладчык Антон Менгер), "Навука фінансавага права" (Карл Менгер) і "Гандлёвае права" (Грунгут). Пасля завяршэння навучання ў жніўні 1883 (ва ўзросце 20 гадоў), Эрліх пачаў паспяхова займацца навукай, дзякуючы чаму 8 красавіка 1886 г. атрымаў ступень "доктара правоў". Застаўшыся ў Вене, Эрліх збольшага займаецца адвакацкай практыкай (афіцыйна з 4 красавіка 1893 года па 20 снежня 1896 года), але ў асноўным – вывучэннем сучаснага агульнага і рымскага права.

Дзейнасць ў Чарнавіцкім універсітэце

У 1893 годзе ў Берліне выходзіць праца "Маўклівае волевыяўленне", дзякуючы якой 4 жніўня 1894 года Эрліх становіцца прыват-дацэнтам па спецыяльнасці "рымскае права". 5 лістапада 1896 года Эрліх займае пасаду пазаштатнага прафесара рымскага права Чарнавіцкага універсітэта, а 23 студзеня 1900 года - пасля смерці папярэдняга загадчыка кафедры і выхаду ў 1899 годзе манаграфіі "Імператыўнае і дыспазітыўнае права ў Грамадзянскім кодэксе для Германскай імперыі" – становіцца штатным прафесарам універсітэта. З 1901 года - Дэкан юрыдычнага факультэта, а ў 1906-1907 гадах – Рэктар універсітэта і па пасадзе – дэпутат мясцовага парламента. Рэктарская інаўгурацыйная прамова "Факты звычаёвага права" была апублікаваная ў 1907 годзе.

У 1909 годзе Эрліх заснаваў навукова-практычны семінар (праўда, для выпускнікоў, а не для студэнтаў), прысвечаны “жывому праву”. Семінар займаўся даследаваннямі звычаёвага права Букавіны, хоць сродкаў для рэалізацыі ўсіх планаў бракавала. Дзейнасць семінара і Эрліха станавілася вядомай, пра гэта сведчыць, напрыклад, апублікаванная ў 1911 годзе ў Львоўскім часопісе "Юрыдычны веснік" і асобным выпускам працы “Пра жывое права” з апісаннем метадалогіі даследавання, працы “Жывое права народа Букавіны” ў 1913 годзе. Вынікамі дзейнасці семінара стала запрашэнне ў 1914 годзе ў ЗША з мэтай прачытаць даклады і лекцыі ў Гарвардзе і іншых навуковых цэнтрах, але падарожжу перашкодзіла Першая сусветная вайна. Таксама ў 1914 годзе Універсітэт Гронінген (Галандыя) прысудзіў Эрліху ганаровую доктарскую ступень.

Эпоха паўплывала на ідэі і даследчыя інтарэсы Эрліха. Гэта быў час актыўнага вывучэння звычаёвага права, пра што сведчыць, напрыклад, цікавасць да сацыялагічных пытанняў права ў ЗША, дзе ідэі Эрліха дапамаглі ў развіцці сацыялагічнай юрыспрудэнцыі і прававога рэалізму. Эрліх выступае ў прэсе па актуальных пытаннях сацыяльна-культурнага жыцця, займаецца праватворчай працай у мясцовым парламенце. Пасля Першай сусветнай вайны прымае ўдзел у міжнародных канферэнцыях, прадстаўляючы Аўстрыю.

Асабістае жыццё

Пра асабістае жыццё Эрліха вядома няшмат. Ён пражываў у Чарнаўцах на вуліцы Штайнгассе, 28. Быў халасты. Знешне быў падобны на Лорда Байрана; меў стройную постаць, вясёлы характар, пачуццё гумару. Студэнты ўспаміналі, што ніхто не мог параўнацца з Эрліхам ў хуткасці хады, а дома застаць яго было практычна немагчыма, таму што амаль увесь час ён праводзіў ва ўніверсітэцеFoullkes Albert S. On the German Free Law School (Freirechtschule) // Archiv für Rechts und Sozialphilosophie. – 1969..

Эрліх валодаў шматлікімі мовамі (англійскай, дацкай, іспанскай, італьянскай, нямецкай, нарвежскай, польскай, рускай, румынскай, сербскай, венгерскім, французскай, харвацкай). Карл Рэннера, аўстрыйскі навуковец, аўтар адной з класічных сацыялагічна-прававых прац таго часу, а пасля першы прэзідэнт Аўстрыі, назваў Эрліха “чалавекам нястомнай працы і несуцішнага імкнення да ведаў”Renner Karl. Ein Buch vom juristischen Überbau // Zeitschrift für soziales Recht. – 1930..

Пасля распаду Аўстра-Венгрыі

Пачатак Першай сусветнай вайны, распад Аўстра-Венгрыі, пераход Букавіны да Румыніі, перафармаванне новай уладай Чарнавіцкага універсітэта драматычна паўплывалі на жыццё і акадэмічную працу Эрліха. Ён едзе ў Вену, а затым у Швейцарыю, не ведаючы свайго далейшага лёсу. Спачатку Эрліх планаваў выйсці на датэрміновую пенсію, прапанаваную румынскімі ўладамі, і спадзяваўся пасяліцца ў Швейцарыі; аднак, атрымаўшы адмову, якую ён цяжка перанёс, пачынае думаць пра тое, каб “адасобіцца ў якім-небудзь гняздзечку, у ідэале ў Італіі, каб спакойна завяршыць свае дні: назаўжды пакінуць навуковую і публіцыстычную дзейнасць”Neues über Leben und Werk von Eugen Ehrlich // Festschrift für Helmut Schelsky zum 65. Geburtstag. – Berlin, 1978.. У рэшце рэшт Эрліх вырашае вярнуцца ў Чарнаўцы.

Між тым, у 1919 годзе Кафедру, якую раней узначальваў Эрліх, заняў ягоны вучань. Супраць вяртання Эрліха адкрыта выступіла новае кіраўніцтва ўжо румынскага ўніверсітэта і частка радыкальна настроенага нацыянальнага студэнцтва. Эрліха называлі "здраднікам", звярталі ўвагу на змену рэлігійнай канфесіі (прыняў каталіцызм), яўрэйскае паходжанне, а таксама на выказаныя ў свой час рэфарматарскія ідэі па пераўтварэнні ўніверсітэта ў спецыялізаваную вышэйшую навучальную ўстанову (Эрліх лічыў недарэчным для рэгіёна існаванне ўніверсітэта, у якім амаль усе становяцца юрыстамі, філосафамі, службоўцамі, тады як адсталы, на яго думку край, мае патрэбу ў спецыялістах прыкладных спецыяльнасцяў)Die rechtsund staatswissenschaftliche Faku-ltät der Franz-Josephs-Universität Czernowitz. Ihr Beitrag zur Erforschung des Rechts in einer multikulturellen Gesellschaft. Festschrift Hans Stoll. – Tübingen, 2001.. Дзякуючы аўтарытэту Эрліха (менавіта з імем Эрліха доўгі час асацыявалі ў Еўропе Чарнавіцкі ўніверсітэт), ўплывовым знаёмствам у сталіцы, у ліпені 1921 года рашэннем Міністра асветы ва ўніверсітэце была створана кафедра філасофіі і сацыялогіі права. Нягледзячы на далейшыя пратэсты (універсітэцкія ўлады лічылі рашэнне ўмяшаннем у аўтаномію ўніверсітэта), Эрліх змог аднавіць навукова-выкладчыцкую дзейнасць. І хоць планаў было шмат, ім не было наканавана спраўдзіцца: прагрэсавала хвароба цукровага дыябету, далей была вымушаная ампутацыя ног. Жыццё Яўгена Эрліха абарвалася 2 мая 1922 года ў Вене, дзе ён і пахаваны.

Асноўныя працы

Друкаваная навуковая спадчыня Эрліха - больш за 70 прац. Сярод асноўных манаграфій – “Асновы сацыялогіі права” (1913), “Юрыдычная логіка” (1917, у 1918 – асобнай кнігай), якія неаднаразова перавыдаваліся, перакладаліся на замежныя мовы. Варта адзначыць і такія працы, як «Аб прабелах у праве» (1888), "Свабоднае правазнаходжанне і свабоднае правазнаўства" (1903), "Сацыялогія і юрыспрудэнцыя" (1906), "Пра жывое права" (1911), "Сацыялогія права" (1922). Эрліх не завяршыў працу над «Тэорыяй судзейскага правазнаходжання» (часткова яе апублікаваўшы ў 1917). Эрліх выдаў шэраг работ, прысвечаных іншым правазнаўчых, сацыяльна-культурным, палітычным пытанням (напрыклад, "Да пытання аб навучанні жанчын" (1895), "Міжнароднае прыватнае права" (1906), "Задачы сацыяльнай палітыкі на аўстрыйскім усходзе" (1916), «Нацыянальныя праблемы Аўстрыі" (1917), "Бісмарк і сусветная вайна" (1920).

Поўны збор прац Эрліха мог бы скласці некалькі тамоў. Пасмяротна апублікаваныя два зборнікі яго прац: "Права і жыццё" (1967), "Закон і жывое права" (1986) – абедзве пад рэдакцыяй М. Рэбіндэра. Большасць прац Эрліха перакладзеныя на англійскую (у прыватнасці, навуковай падзеяй стаў пераклад у 1936 годзе "Асноў сацыялогіі права".

Погляды Эрліха

Погляды Эрліха абумоўленыя некалькімі грунтоўнымі прынцыпамі. Па-першае, гэта сацыяцэнтрычнасць – прызнанне таго, што соцыум з'яўляецца цэнтрам развіцця права. Па-другое, эмпірычнасць (у прыватнасці, эмпірычнасць ягоных даследаванняў) і гістарычнасць (веданне гісторыі права, заканамернасцяў яго эвалюцыі) як асновы абгрунтавання сацыяльнасці права. Па-трэцяе, кансерватыўнасць светапогляду самога Эрліха – арыентаванасць на захаванне традыцый, якія існуюць ў грамадстве.

Назіраючы за жыццём поліэтнічнай Букавіны, Эрліх заўважыў, што "побач пражываюць прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў: русіны, румыны, немцы, яўрэі, рускія, славакі, венгры, цыганы. Юрыст старой школы, напэўна, скажа, што ўсе яны маюць адно і тое ж цалкам аднолькавае права, што дзейнічае ва ўсёй Аўстрыі. Аднак ужо нават павярхоўны погляд пераканаў бы яго, што кожны з народаў прытрымліваецца ва ўсіх сваіх прававых адносінах паўсядзённага жыцця адметных прававых асноў. Старажытны прынцып асабовасці ў праве працягвае жыць, толькі на паперы ён саступіў прынцыпу тэрытарыяльнасці"Die Erforschung des lebendes Rechts, Schmollers Jahrbuch für Gesetzgebung, Verwaltung und Volkswirtschaft im Deutschen Reich. – 1911.. Менавіта па-гэтаму існуе розніца паміж нормамі законаў і нормамі, па якіх жывуць розныя этнічныя групы. Законы толькі часткова, і далёка няпоўна адлюстроўваюць жыццё грамадства, іх нормы ўтрымліваюць шматлікія прабелы; альбо, складаючы выразныя прадпісанні, законы застаюцца "мёртвымі", таму што ў грамадстве дзейнічаюць іншыя нормы. "У Букавіне, - пісаў Эрліх у працы "Сацыялогія і юрыспрудэнцыя", – дзейнічае аўстрыйскі Грамадзянскі кодэкс, чужы закон, сямейнае права якога паўстала на аснове зусім іншай арганізацыі сям'і"Soziologie und Jurisprudenz // Österreichische Richter-Zeitung. – 1906..

Таму, каб зразумець, якое права сапраўды дзейнічае, лічыў Эрліх, варта "знайсці жывое права", дзеля чаго неабходна даследаваць сераду ўзнікнення і дзеяння права як эмпірычнай рэальнасці. Крыніцай пазнання права павінны стаць не законы ці юрыдычная літаратура, а непасрэднае назіранне жыцця, учынкаў, вывучэнне звычаяў, дакументаў, якія адлюстроўваюць "жывое права". Эрліх прапаноўваў выкарыстоўваць метады эмпірычных сацыялагічных даследаванняў (анкетаванні, апытанні, збор і аналіз дакументаў).

Эрліх заклікае іншых і сам даследуе права, якое насамрэч практыкуецца ў грамадстве. Звяртаецца да сваіх калег у іншых краях з заклікам "прыступіць да збору ўсіх звычаяў і прававых норм, якія жывуць у народзе, не аглядваючыся на афіцыйныя законы. Калі гэтага не зрабіць цяпер, то ёсць небяспека, што скарбніца народнага права знікне бясследна, таму што яно і так саступае месца мёртвай літары закона".

Сацыялагічнае праваразуменне Эрліха