Свята-Раства-Багародзіцкая царква — мураваны праваслаўны храм у гарадскім пасёлку Наваельні Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Размешчана на паўднёвай ускраіне мястэчка, на вуліцы Наваельненская плошча. Пабудавана ў 1876—1879 гадах з цэглы паводле праекта архітэктара А. Лазінскага на месцы спаленай царквы.

Гісторыя У 1872 годзе члены Наваельненскага папячыцельства хадайнічаюць перад гродзенскай царкоўна-будаўнічай прысутнасцю: «Давно мы имеем необходимую нужду в новой церкви. Более десятка лет после того как сгорела от громового удара наша деревянная церковь мы должны были ходить на богослужение в ближайшую Дворецкую церковь… Мы в 1864 году устроили на свои скудные средства маленькую кладбищенскую церковь, покрыта соломой». У хадайніцтве далей просяць пабудаваць калі не мураваную, то хаця б драўляную царкву. Хадайніцтва было задаволена, і ў 1876—1879 гадах на месцы спаленай узводзіцца новая мураваная царква паводле праекта архітэктара А. Лазінскага.

У выданні «Гродненский православно-церковный календарь. Православие в Брестско-Гродненской земле в конце XIX века» апісваецца каменная царква з каменнай званіцай, абнесеная драўлянай агароджай. Царква пабудавана ў 1878 годзе на месцы былой драўлянай царквы, пастаўленай ў 1755 г., якая згарэла ў 1847 г. Пры царкве было заснавана царкоўна-прыходскае папячыцельства, працавалі дзве школы ў Ведравічах і Наваельні з 84 навучэнцамі хлопчыкамі і 11 дзяўчынкамі. Настаяцелем храма быў Аляксандр Дубінскі, рукапаложаны 2 ліпеня 1895 г.

У склад прыходу ўваходзілі вёскі Наваельня, Аханяны, Ведравічы, Варакомшчына, Карыца, Ліжэйкі, Навасёлкі, Рабкі, Селівонкі, Талкуны. Да царквы належала 814 прыхаджан мужчын і 888 жанчын, а разам 1702 чалавекі.

Памятныя кніжкі Гродзенскай губерніі захавалі прозвішчы некаторых святароў Свята-Раства-Багародзіцкай царквы, г.п. Наваельня: Уладзімір Шалкоўскі (1882), Якаў Іллюкевіч (1890—1892), Аляксандр Дубінскі (1895—1897), Віталь Лукашэвіч (1902), Ілля Маісевіч (1904), Канстанцін Кладніцкі (1906—1915) (даты пададзены па гадах выхаду Памятных кніжак Гродзенскай губерніі).

У 2010 годзе царква была занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіяльнага значэння.

Архітэктура Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Складаецца з кубападобнага аб’ёму малітоўнай залы пад пакатым 4-схільным дахам, прамавугольнай трапезнай (званіца над ёй была разбурана) і апсіды. На даху — цыбулепадобны купал на 8-гранным барабане. Над уваходам і апсідай — макаўкі. Арачныя аконныя праёмы і круглыя люкарны бакавых фасадаў аб’яднаны ў 2 ярусы агульнай кілепадобнай ліштвай. Кілепадобнымі аркамі вырашаны ўваходныя парталы 3 паперцей і абрамленні арачных аконных праёмаў. Дэкор фасадаў уключае крапаваныя шырынкамі пілястры, прафіляваныя карнізы, аркатурныя фрызы, нішы. Зала царквы перакрыта цыліндрычным скляпеннем на падпружных арках.

Літаратура Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін, З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мн.: БелЭн, 2007. — стар. 292. Памяць: Дзятлаўскі раён. Мінск: Універсітэцкае, 1997, стар.362. Гродненский православно-церковный календарь. Православие в Брестско-Гродненской земле в конце XIX века, издание второе, Воронеж 1899 г. Памятныя кніжкі Гродзенскай губерніі на 1866, 1867, 1869, 1874, 1877, 1882, 1890, 1892, 1896, 1897, 1902, 1904, 1906, 1908, 1909, 1912, 1915 гады.

Спасылкі

Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Дзятлаўскага раёна Катэгорыя:Наваельня Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў псеўдарускім стылі Катэгорыя:Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь Катэгорыя:Храмы Навагрудскай епархіі Катэгорыя:1879 год у Беларусі