Масарабскі абрад (іспанскі абрад, вестгоцкі абрад, ) — адзін з заходніх літургічных абрадаў, які практыкуецца ў некаторых гарадах Іспаніі, галоўным чынам у Таледа.

Назва абраду паходзіць ад слова масарабы (), якое абазначала хрысціян, што жылі на тэрыторыі мусульманскіх княстваў Іспаніі, але паколькі дадзены абрад паходзіць са старажытнага іспанскага ці вестгоцкага абраду, назвы «іспанскі» ці «вестгоцкі» ўжываюцца нароўні са словам «масарабскі». Асаблівы тып спеву, які практыкуецца ў масарабскім абрадзе, называецца масарабскім спевам.

Гісторыя

Ранняя гісторыя

Масарабскі абрад вельмі старажытны і ў асноўных сваіх рысах склаўся ў вестгоцкай Іспаніі яшчэ да арабскай заваёвы і з’яўлення саміх масарабаў. Доўгі час меркавалі, што асаблівы літургічны абрад быў прынесены ў Іспанію заваёўнікамі — вестготамі, таму масарабскую літургію каталіцкія літургісты Новага часу часта называлі «гоцкай». Меркавалася таксама, што карэнныя жыхары Іспаніі выкарыстоўвалі да V стагоддзя рымскую імшу і толькі пад ціскам вестготаў-арыян прынялі новы абрад. Аргументам на карысць гэтай тэорыі былі шматлікія ўсходнія рысы масарабскай літургіі, не ўласцівыя заходнім літургічным абрадам; гэтыя рысы і маглі быць прынесеныя ў Іспанію вестготамі. Слабым месцам гэтай тэорыі былі тэалагічныя непаразуменні католікаў і арыян у Іспаніі, что зводзіла да нуля магчымасць запазычвання католікамі літургіі іх заваёўнікаў-ерэтыкоў.

У цяперашні час гэтая версія адкінутая, і лічыцца пэўным, што масарабскі абрад ужо існаваў у Іспаніі да вестгоцкай заваёвы .

Усходнія рысы масарабскай літургіі сапраўды маглі пранікнуць у яе ў вестгоцкі перыяд, але яны з’яўляюцца вынікам бесперарыўных кантактаў іспанскіх каталіцкіх біскупаў, якія палемізавалі з арыянамі і кантактавалі з Візантыяй. У ліку гэтых біскупаў можна назваць Марціна Брагскага, які да абрання на пасаду жыў на Усходзе больш за 20 гадоў і пераклаў на лаціну ўсходнія саборныя правілы; Яна, біскупа Герундскага, гота паводле паходжання, які правёў у Канстанцінопалі 17 гадоў і вярнуўся адтуль супернікам арыян; Леандра Севільскага, сябра Папы Грыгорыя Вялікага і канстанцінопальскага патрыярха Яна IV. Пра гэтых трох біскупаў вядома, что яны палемізавалі з арыянамі і пацярпелі за веру ад вестгоцкіх каралёў, а таксама ўносілі змены і выпраўленні ў іспанскую літургію.

Дзейнасць Ісідора Севільскага

Найбольшае значэнне для адзінага масарабскага абраду мелі працы Ісідора Севільскага, таму гэты абрад часта называюць таксама ісідарыянскім. У сваёй кнізе De ecclesiasticis officiis («Пра царкоўныя службы») Ісідор падрабязна выклаў і патлумачыў сучасны яму парадак літургіі, а ва ўводзінах да кнігі адназначна назваў сапраўднымі складальнікамі і натхняльнікамі літургіі Святое Пісанне, традыцыю апосталаў і царкоўную традыцыю.

Чацвёрты Таледскі сабор (633 год), які прайшоў пад кіраўніцтвам Ісідора, даручыў біскупу Севільі напісаць узорныя літургічныя кнігі для здзяйснення адзінага служэння па ўсім Вестгоцкім каралеўстве. У наступныя гады Ісідор Севільскі склаў імшал і брэвіярый, якія з’яўляюцца найважнейшымі помнікамі масарабскага абраду. Можна лічыць пэўным, што Ісідор не складаў новы парадак літургіі, а толькі правёў кампіляцыю існуючых мясцовых літургічных традыцый і на іх аснове выпрацаваў адзіныя для ўсяго каралеўства літургічныя кнігі.

Аўтарытэт Ісідора Севільскага і яго літургічных кніг быў настолькі высокі, што наступныя змены масарабскага абраду, звязаныя з дзейнасцю біскупаў Яўгена Малодшага, Ільдэфонса і Юліяна Таледскіх і Кананцыя Паленцкага датычылі толькі напісання літургічных тэкстаў для новых царкоўных святаў ці новых кананізаваных святых.

Масарабскі абрад пасля арабскай заваёвы

Пасля ўварвання арабаў у Іспанію ў 711 годзе іспанскі абрад захоўваўся ў хрысціянскіх супольнасцях на захопленых тэрыторыях, а таксама на поўначы краіны, у раёнах, якія не былі акупаваны. У наступныя стагоддзі каралі Кастыліі, Леона і Навары дазволілі шэрагу кляштараў прыняць правілы святога Бенедыкта, што аўтаматычна прыводзіла да прыняцця імі і рымскага абраду. Тым не менш, на працягу Рэканкісты Кастыліі масарабскі абрад захоўваўся да кіравання караля Альфонса VI.

Сабор у Каянцы (1050 год) даў дазвол капітулам дыяцэзіяльных сабораў і братам манастыроў пераходзіць на рымскі абрад, аднак клірыкі і народ супраціўляліся рэформе. 22 сакавіка 1071 года ў кляштары Сан-Хуан-дэ-ла-Пенья ў прысутнасці караля Санча Рамірэса і папскага легата Гуга Прастадушнага ў апошні раз у каралеўстве Арагон адбылася служба паводле масарабскага абрадуМенендес Пидаль, Рамон. Сид Кампеадор. — С. 52.. Гэты ж манарх, заняўшы наварскі пасад у 1076 годзе, распаўсюдзіў рымскі абрад і на гэтае каралеўства. У 1080 годзе Альфонс VI склікаў у Бургасе сабор духавенства Кастыльі і Леона, на якім было вырашана перайсці з масарабскага на рымскі абрад. Пра непапулярнасць рэформы кажуць два захаваныя паданні пра Божы суд, які супраціўляўся рэформе. Паводле рашэння караля ў 1077 годзе адбыўся паядынак двух рыцараў, якія абаранялі адпаведна рымскі і масарабскі абрады, і перамог у бітве «масарабскі» ідальга. У 1085 годзе масарабскі і рымскі імшалы паводле распараджэння Альфонса VI былі кінутыя ў агонь, і масарабская кніга не згарэла, але кароль, тым не менш, аб’явіў аб перамозе рымскага імшала.

У перыяд сарацынскага гасподства ў Іспаніі з’явілася назва «масарабы», якая абазначала хрысціян, што жылі пад мусульманскай уладай. У Таледа хрысціянам было дазволена захаваць за сабой шэсць храмаў (святых Марка, Лукі, Себасцьяна, Торквата, Эўлаліі і Юсты), якія і сталі ў далейшым цэнтрамі масарабскага абраду. У 1085 годзе Альфонс VI адняў Таледа ў сарацынаў, і ва ўсіх адбудаваных ці асвечаных гарадскіх храмах была ўведзеная літургія паводле рымскага абраду. У тых жа шасці храмах, якія належалі масарабам падчас мусульманскай улады, Альфонс VI дазволіў захаваць гістарычную літургію. Такі ж прывілей кароль даў каралеўскай базіліцы Сан-Ісідора ў Леоне.

Цягам далейшай Рэканкісты каралі Кастыліі і Арагона прымусова ўводзілі на вызваленых тэрыторыях рымскі абрад, таму па меры адступлення мусульманаў на поўдзень змяншалася і тэрыторыя распаўсюджання масарабскага абраду. Адзіным выключэннем з гэтага правіла была Кордава: масарабскай супольнасці гэтага горада Фердынанд III дазволіў у 1236 годзе захаваць гістарычную літургію. Аднак цягам наступнай паловы стагоддзя масарабская супольнасць пакінула горад, які, у сваю чаргу, быў заселены выхадцамі з Кастыліі, таму масарабскі абрад у Кордаве таксама знік.

Такім чынам, да канца XIII стагоддзя адзіным месцам, дзе захаваўся масарабскі абрад, стаў Таледа. Прывілеі, дараваныя Альфонса VI, паслядоўна пацвярджаліся каралямі Альфонса VII (1118 год), Педра Жорсткім (1350 год), Энрыке II (1379 год), Ізабелай I і Фердынандам Каталіцкім (1480 год). У такой сітуацыі абрад быў асуджаны на паступовае выміранне: літургічныя кнігі псаваліся, іх гоцкая мова была незразумелая большасці клірыкаў, вусная традыцыя масарабскага спеву была страчаная.

Адраджэнне масарабскага абраду пры кардынале Хіменесе

У 1500 годзе кардынал Хіменес, арцыбіскуп Таледа, са згоды каралевы Ізабелы Кастыльскай сабраў у Таледа навукоўцаў, якія ведалі гоцкую мову, і даручыў ім правесці рэвізію захаваных масарабскіх літургічных кніг, паправіць знойдзеныя недакладнасці, не скажаючы арыгінальны тэкст, і перавесці іх на лаціну. У тым жа годзе Хіменес выдаў масарабскі імшал (Missale mixtum secundum regulam Beati Isidori, dictum Mozarabes), а ў 1502 годзе — брэвіярый. У капліцы Цела Хрыста кафедральнага сабора Таледа Хіменес заснаваў калегію з 13 святароў для штодзённага здзяйснення набажэнстваў па выдадзеных масарабскіх кнігах. Далей Хіменес дамогся ад Папы Юлія II дазволу на выкарыстанне масарабскага абраду. У 1517 годзе Радрыга дэ Талавэра заснаваў капліцу Сан-Сальвадор у саборы Саламанкі і таксама заснаваў там масарабскія набажэнствы. У 1567 годзе масарабскі абрад быў адроджаны ў царкве Марыі Магдалены ў Вальядалідзе.

У 1553 годзе Папа Юлій III урэгуляваў пытанне пра змяшаныя шлюбы католікаў рымскага і масарабскага абрадаў. Дзеці, народжаныя ў такіх шлюбах, павінны былі наследаваць абрад бацькі, а жонкі — пераходзіць у абрад мужа. Выключэнне было зробленае для адзіных дачок і наследніц масарабскіх сем’яў: яны мелі права захаваць свой абрад і выхаваць у ім сваіх дзяцей.

У выніку дзейнасці Хіменеса масарабскі абрад атрымаў другое нараджэнне і законнае месца ў Каталіцкай царкве Іспаніі. Кампілятары Хіменеса не ўнеслі значных зменаў у арыгінальныя тэксты, таму масарабскі абрад (у адрозненне ад амбразіянскага ці брагскага, якія працягвалі знаходзіцца пад ціскам рымскага абраду ў наступныя стагоддзі) быў рэканструяваны ў выглядзе, максімальна набліжаным да таго, якім ён быў пры Ісідоры Севільскім.

Рэформы XX стагоддзя

Яшчэ адну рэформу абрад перанёс у сярэдзіне XX стагоддзя — ён быў рэфармаваны па тых жа прынцыпах, што і рымскі. Папа Ян Павел II дазволіў выкарыстанне масарабскага абраду па ўсёй Іспаніі, аддаўшы канчатковае рашэнне па гэтым пытанні мясцовай канферэнцыі біскупаў. У 1992 годзе першы том новага масарабскага імшала быў прадстаўлены Яну Паўлу II і ім ухвалены; 28 мая таго ж года, у свята Унебаўшэсця Пана, Папа ўпершыню здзейсніў у Рыме масарабскую імшу.

Зараз масарабскі абрад рэгулярна выкарыстоўваецца ў дыяцэзіі Таледа, перыядычна ў горадзе Саламанка і іншых гарадах Іспаніі.

+Базіліка Сан-Ісідора (Леон) — адна з нешматлікіх цэркваў, дзе захаваўся масарабскі абрад пасля рэформаў Альфонса VIСтары сабор Саламанкі, у якім знаходзіцца капліца Талавэра — яшчэ адзін цэнтр масарабскага абрадуЦарква Санта-Марыя-Маддалена ў Вальядалідзе — гістарычны цэнтр масарабскай літургіі

Асаблівасці

У абрадзе прысутнічаюць шматлікія рысы сінагагальнага габрэйскага набажэнства, таксама відавочны ўплыў рымскага абраду, па шматлікіх аспектах масарабскі абрад пераклікаецца з галіканскім абрадам. Царкоўны спеў масарабскага абраду называюць масарабскім спевам.

Парадак імшы значна адрозніваецца ад рымскага, а ў некаторых выпадках не мае паралеляў ні ў адным з вядомых зараз літургічных абрадаў. Сярод асаблівасцяў можна вылучыць наступныя:

Папярэднія малітвы і Confiteor адрозніваюцца ад прынятых у рымскім абрадзе. На літургіі заўсёды былі тры чытанні, у тым ліку адно са Старога запавету (у рымскі абрад старазапаветнае чытанне ўвайшло толькі пасля рэформаў Папы Паўла VI). Алілуя спяваецца пасля, а не перад евангельскім чытаннем . Складаная структура знака супакою, якая мае паралелі толькі з галіканскім абрадам. Літургія ўтрымлівае значную колькасць зменных малітваў, у тым ліку сем з імшала Ісідора Севільскага, у эўхарыстычным каноне зменнымі з’яўляюцца тры малітвы (у рымскім — адна), у візантыйскім і іншых усходніх абрадах — ніводнай). Анафара мае наступную структуру: уступны дыялог, прэфацыя, Sanctus і Post Sanctus, першая эпіклеза, устаноўчыя словы і анамнеза, другая эпіклеза, даксалогіяВолков А. А. Повествование о Тайной вечере в анафоре испано-мосарабского обряда // Вестник ПСТГУ. Серия I. Богословие, философия. М.: Издательство ПСТГУ, 2011. Выпуск 2 (34). С. 20-33. У складзе анафары няма інтэрцэсіі, якая выдзеленая ў асобную частку і здзяйсняецца ў пачатку Эўхарыстычнай літургіі пасля аферторыя перад знакам супакою. Сімвал веры чытаецца пасля анафары, а не перад ёй, як у візантыйскім і сірыйскім абрадах, ці пасля чытанняў, як у рымскім. Тэкст сімвала веры мае адрозненні. Літургічны тэкст утрымлівае шэраг неперакладзеных грэцкіх выразаў. Эўхарыстычны хлеб пераламляецца на дзевяць ці сем частак, якія выкладаюцца на патэне ў форме крыжа .

Існуюць таксама адрозненні ў структуры літургіі гадзін.

Структура імшы масарабскага абраду

Пачатковыя абрады

Антыфона Лк 15:17-19 — парафраза прыпавесці пра блуднага сына: «Ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою; прымі мяне як аднаго з наймітаў тваіх. Колькі наймітаў у доме айца майго маюць удосталь хлеба, а я гіну з голаду; устану і пайду да айца майго і скажу яму: прымі мяне як аднаго з наймітаў тваіх». Kyrie eleison, Ойча наш. Антыфона: Пс 18:13-14, Пс 101:2.