Скарыназна́ўства — комплексная навуковая дысцыпліна, якая вывучае жыццё і дзейнасць Францыска Скарыны, яго творчую і духоўную спадчыну, асяроддзе, эпоху, а таксама публікацыю крыніц і крыніцазнаўчыя даследаванні.

У шырокім сэнсе ў скарыназнаўства ўключаюцца навуковыя і папулярныя публікацыі, мастацкія творы (літаратурныя творы, кінафільмы, тэатральныя пастаноўкі, творы выяўленчага мастацтва, паштовыя маркі і гэтак далей), канферэнцыі, юбілейныя форумы, прысвечаныя Скарыне і яго пераемнікам. Скарыназнаўства асэнсоўвае ролю Скарыны ў развіцці айчыннай, еўрапейскай і сусветнай культуры ад Сярэднявечча да сучаснасці.

Гісторыя Ужо ў XVI—XVII стагоддзях выданні Скарыны прыцягваюць увагу пісьменнікаў, палемістаў, гісторыкаў. Пачынаючы з канца XVIII — пачатку XIX стагоддзяў гісторыкі Расійскай імперыі сталі вывучаць спадчыну Францыска Скарыны (І. Бакмейсцер, І. Штрытэр, П. Аляксееў, Д. Равінскі, У. Стасаў, А. Віктараў). Чэшскі славіст Ёсеф Добраўскі адзначаў, што кнігі Скарыны прызначаліся для «простых русінаў». У сярэдзіне XIX стагоддзя мастацтвазнаўцам Равінскім закладзены асновы навуковага даследавання мастацкай спадчыны Скарыны. У 1878 і 1883 гадах Іван Каратаеў зрабіў поўнае апісанне ўсіх вядомых віленскіх і пражскіх выданняў першадрукара.

У 1888 годзе Пётр Уладзіміраў выдае доктарскую дысертацыю «Доктар Францыск Скарына: Яго пераклады, друкаваныя выданні і мова», у якой прааналізаваны ўсе вядомыя на той час спісы выданняў друкара, чыя дзейнасць у працы ўпершыню разглядаецца на фоне духоўнага жыцця Вялікага Княства Літоўскага. Яўхімам Карскім зроблены значны ўклад у вывучэнне дзейнасці Францыска Скарыны, звязанай з развіццём на той час беларускай мовы, культуры і асветніцтва. Вацлаў Ластоўскі ў 1926 годзе выдае манаграфію «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі», у якой апісаны ўсе кнігі першадрукара. Кніга Ластоўскага паклала пачатак уласна беларускага спектра ў скарыназнаўстве. У тым жа годзе, калі выйшла ў Літве кніга Ластоўскага, у Мінску ў сувязі з юбілеем віленскіх выданняў першадрукара выдадзены зборнік артыкулаў «400-лецце беларускага друку, 1525—1925». Для скарыназнаўства значнымі з’яўляюцца артыкулы «Скарыніяна» Уладзіміра Пічэты і «Гравюры і кніжныя аздобы ў выданнях Францыска Скарыны» Міколы Шчакаціхіна, які ў іншай працы паставіў пытанне пра дату выхаду «Малой падарожнай кніжкі». У канцы 1920-х — 1930-я гады скарыназнаўства перарываецца.

У Савецкім Саюзе з-за палітычнага заказу дзейнасць Скарыны ацэньвалася сацыяльна-вульгарызатарскі. У 1958 годзе выйшла манаграфія Мікалая Алексютовіча «Скарына, яго дзейнасць і светапогляд». У манаграфіях Віктара Шматава асвятляецца праблема мастацкага афармлення выданняў першадрукара як у рэчышчы еўрапейскіх, так і ўласна беларускіх традыцый. Яўген Неміроўскі, Юрый Лабынцаў, Георгій Галенчанка і іншыя даследчыкі далі сучаснае кнігазнаўчае апісанне большасці выданняў Скарыны, асвятляючы пры гэтым іх паходжанне, уладальнікаў, маргіналіі і іншае. Перавыданні кніг, прадмоў і бібліяграфічнай працы беларускіх, расійскіх і іншых даследчыкаў заклалі моцны падмурак пад скарыназнаўства. У працах па скарыназнаўству 1960—1990-х гадоў паглыбіўся прафесійны прынцып, у Беларусі пачынаюць складацца даследчыя школы скарыназнаўства, арыентаваныя на розныя падыходы — лінгвістычныя, гісторыка-культурныя, філасофскія, літаратуразнаўчыя. Прыкладамі такіх падыходаў з’яўляюцца публікацыі Уладзіміра Анічэнкі, Валянціны Чапко, Уладзіміра Конана, Сямёна Падокшына.

Новай вяхой у скарыназнаўстве былі мерапрыемствы, прысвечаныя святкаванню 500-гадовага юбілею Скарыны. Юбілею былі прысвечаны зборнікі дакументаў, навукова-папулярныя і літаратурныя творы пра Скарыну. У 1988 годзе выйшаў даведнік «Францыск Скарына і яго час», у якім сістэматызаваны вялікі матэрыял. Важкі ўклад у скарыназнаўства зрабілі замежныя даследчыкі. У 1930-я гады ў Чэхіі артыкулы пра Скарыну публікуе гісторык Антоній Флароўскі. У манаграфіі «Чэшская Біблія ў гісторыі рускай культуры і пісьменнасці: Францыск Скарына і прадаўжальнікі яго справы» даследчык паказвае ўплыў чэшскай Бібліі на выданні Скарыны. Асобныя пытанні скарыназнаўства разглядалі беларускія замежныя дзеячы (Вітаўт Тумаш, Аляксандр Надсан).

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Літаратуразнаўства Катэгорыя:Францыск Скарына