«Зоркі» ― першы дзіцячы часопіс у Беларускай ССР. Выдаваўся на беларускай мове Наркаматам асветы БССР з лютага 1921 па чэрвень 1922 года. Выйшла 10 нумароў. Назва часопіса адбівалася ў вокладцы: пяціпраменныя зоркі адзначалі святло іх прамянёў у кожны куток беларускай зямлі. Галоўны рэдактар ― Змітрок Бядуля.

Змест

У часопісе друкаваліся творы беларускіх пісьменнікаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Змітрака Бядулі, Міхася Чароты, Янкі Журбы, Канстанцыі Буйло і іншых.

Першы нумар адкрываўся вершам Янкі Купалы «У школу», казкай Змітрака Бядулі «Панская хвароба», вершам Міхася Чароты «За зоркамі»: За зоркамі яснымі, дзеці, Ідзіце вы к шчасьцю і долі, Хоць цемра пануе на свеце, Ня згубіце сьцежкі ніколі.

У перакладах Янкі Купалы на старонках часопіса з'явіліся «У лесе нарадзілася ёлачка» Раісы Кудашавай, «Дзед і баба» Юзафа Крашэўскага). Публікаваліся апавяданні пра жывёл, у раздзеле для маленькіх ― загадкі, гульні, песенькі.

Літаратуразнаўцы адзначаюць народную накіраванасць часопіса: зварот да беларускага фальклору, да побытавага матэрыялу, зразумелага сялянскім дзецям.

Літаратура Гурэвіч Э. С. Беларуская дзіцячая літаратура (1917—1967) / Пад рэд. В. В. Барысенка — Мн.: Навука і тэхніка, 1970. — 312 с.

Катэгорыя:Часопісы Беларусі Катэгорыя:Часопісы на беларускай мове