Но́вая Во́ля, часам Но́ва Во́ля С. 97. (, падляшск.: Но́ва Во́ля) — вёска ў Беластоцкім павеце Падляскага ваяводства Польшчы. Знаходзіцца ў гміне Міхалова.

Праз вёску праходзіць ваяводская дарога .

Гісторыя Новая Воля была заснавана ў пачатку XVIII стагоддзя ў межах заблудаўскіх маёнткаў Радзівілаў, тутэйшыя мужыкі працавалі ў фальварку ў Геранімове. У 1743 годзе Ганна Кацярына Радзівіл фундавала тут уніяцкую царкву ў гонар Нараджэння Божай Маці. Вёска добра развівалася і ў 1763 годзе налічвала 125 хатаў. У 1771 годзе непадалёк Новай Волі адбылася бітва паміж барскімі канфедэратамі і расійскім войскам, у выніку чаго вёска была часткова знішчаная (у 1789 годзе было тут 112 хат). Верагодна ў канцы 18 ст. ва ўрочышчы Камянны Брод была пабудавана царква Узнясення Гасподняга.

Пасля бунту тутэйшых мужыкоў у 1815 годзе Міхал Геранім Радзівіл паменшыўся памер паншчыны для Новай Волі. У 1845 годзе царква з Каменнага Брода была перанесена на могілкі. Чарговы пратэст адбыўся ў 1846 годзе, калі пад кіраўніцтвам Рыгора Серады мужыкі адмовіліся працаваць у лесе на загад уладальніка маёнтка ў Геранімове генерала Казіміра Дзяконскага. 38 мужыкоў было арыштавана царскімі ўладамі і прымушана да прыняцця прысягі на вернасць царскаму ўраду і ген. К. Дзяконскаму. Калі ў Новую Волю прыбылі 4 роты царскага войска, пасля катавання нававольцы прынялі пад прымусам прысягу. У 1859 года стараннямі айца Яна Раздзялоўскага была тут адкрыта першая школа. Нававольскія мужыкі атрымалі асабістую свабоду і надзелы зямлі ў 1866 годзе. Вёска пачала хутка развівацца і ў 1806 годзе пачалася пабудова новай царквы ў гонар Нараджэння Яна Хрысціцеля. Была асвячона епіскапам беластоцкім Уладзімірам.

У час Першай сусветнай вайны большасць нававольцаў падалося ў бежанства ў глыб Расіі, а большая частка вёскі (са старой царвой) была спалена ў выніку нямецка-расійскіх змаганняў. Вяртанне з бежанства працягалася ажно да 1922 года.

У міжваенны перыяд Новая Воля прыналежала да гміны Міхалова Беластоцкага павета Беластоцкага ваяводства. Паводле польскага перапісу насельніцтва 1921 года пражывала тут 224 жыхароў (8 каталікоў і 216 праваслаўных, 9 палякаў і 215 беларусаў).

У 1939—1944 гадах уваходзіла ў склад Беластоцкай вобласці БССР.

З 17 да 22 ліпеня 1944 года немцы абараняліся тут ад савецкага наступлення, што стала прычынай вялікіх пажараў у вёсцы — згарэла 75 хат. Вёска хутка адбудавалася, але ўжо ў 1950-х гадах пачаўся працэс адплыву моладзі і з гэтага часу Новая Воля пастаянна меншае. З 2012 года ў будынку былой школы дзейнічае Падляскі анкалагічны хоспіс.

Насельніцтва

Большасць насельніцтва вёскі складаюць этнічныя беларусы, пераважна праваслаўныя (прыход Нараджэння Яна Хрысціцеля ў вёсцы). Невялікую частку насельніцтва вёскі складаюць каталікі (парафія Божага Провіду ў Міхалове), пераважна з польскай нацыянальнай ідэнтыфікацыяй.

Крыніцы

Спасылкі