Мехаво́е (, ) — вёска ў Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці. Уваходзіць у склад Бычыхінскага сельсавета. За 29 км на поўнач ад Гарадка, 4 км ад чыгуначнай станцыі Бычыха на лініі Віцебск — Невель, 65 км ад Віцебска. Рэльеф раўнінны. На паўночным захадзе працякае ручай (прыток ракі Дубаўка), на поўначы, паўднёвым захадзе і ўсходзе ляжаць участкі лесу. У паўднёвым напрамку забалочаныя ўчасткі. Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе і далей па шашы Гарадок — Невель. Гісторыя У канцы 18 стагоддзя сяло ў Гарадоцкім павеце Полацкай губерні. У 1784 годзе цэнтр Мехаўскага ўніякага прыхода, пабудавана Пакроўская царква. У 1841 годзе ў Гарадоцкім павеце Віцебскай губерні, маёнтак памешчыкаў Савельевых, пагост у складзе казённага маёнтка (староства) Езярышча. У 1860-х гадах вёска ў складзе Старасельскага сельскага таварыства Старынскай воласці таго ж павета, адносілася да дзяржаўнага маёнтка Стар. Працавала школа (у 1867 годзе 20 хлопчыкаў). У 1876 годзе дзейнічала народнае вучылішча (1 настаўнік, 40 вучняў), якое размяшчалася ў драўляным будынку, мела ўчастак зямлі (1,5 дзесяціны), бібліятэку. У 1885 годзе сяло, Пакроўская праваслаўная царква, вучылішча, хлебазапасны магазін. У 1905 годзе сяло ў складзе Аскерынскай сельскага грамады Старынскай воласці Гарадоцкага павета, 233 дзесяціны зямлі, народнае вучылішча з класам рукадзелля. Побач быў пагост Мехавое, належаў прычту царквы, 5 двароў, 26 жыхароў, 62 дзесяціны зямлі, вінная крама. У 1920 годзе працавала пачатковая школа, у пагосце 5 двароў, 29 жыхароў. З 15 лютага 1923 года ў Невельскім павеце. У сакавіку 1924 года вернута ў склад БССР. З 20 жніўня 1924 года цэнтр Мехаўскага сельсавета Езярышчанскага раёна Віцебскай акругі. У 1925 годзе ў вёсцы працавала калектыўная гаспадарка «Мехавое» (3 двары, 17 чалавек), саматужныя сталярная і шкляная майстэрні, 4-гадовая школа 1-й ступені. У 1927 годзе дзейнічала школа (2 настаўнікі, 49 хлопчыкаў і 31 дзяўчынка), хата-чытальня, пры якой былі гурткі драматычны, палітычны, сельскагаспадарчы, беларусазнаўства. З 12 кастрычніка 1929 года ў Гарадоцкім раёне Віцебскай акругі (да 26 ліпеня 1930 года). У 1933 годзе дзейнічаў калгас Віцебскага гарадскога Савета, працавала кузня. З 12 лютага 1935 года ў Мехаўскім раёне (цэнтр на ст. Езярышча). З 20 лютага 1938 года ў Віцебскай вобласці. У Другую сусветную вайну ў снежні 1943 года падчас Гарадоцкай наступальнай аперацыі войск 1-га Прыбалтыйскага фронту на тэрыторыі Мехаўскага сельсавета загінулі 610 савецкіх салдат (вядомы імёны 510), якія пахаваны на вайсковых могілках. З франтоў не вярнуўся 61 жыхар. У 1944-59 гадах цэнтр калгаса «Сталінскі заклік». Пасля вайны працавала няпоўная сярэдняя школа. З 18 сакавіка 1958 года ў Езярышчанскім раёне. З 16 верасня 1960 года ў Бычыхінскім сельсавеце. З 25 снежня 1962 года ў Гарадоцкім раёне. У 1970 годзе - цэнтр калгаса Карла Маркса (у 1959-2003 гадах). У 2012 годзе ў складзе КУСП імя Дзімітрава.
Насельніцтва 12 двароў, 106 рэвізскіх душ (1785) 13 двароў, 86 жыхароў (1841) 14 двароў, 90 жыхароў (1885) 23 двары, 138 жыхароў (1905) 30 двароў, 165 жыхароў (1920) 33 двары, 169 жыхароў (1925) 231 жыхар (1959) 250 жыхароў (1970) 104 гаспадаркі, 272 жыхары (1997) 94 гаспадаркі, 245 жыхароў (2002) 69 гаспадарак, 129 жыхароў (2018) Інфраструктура У 2018 годзе працавалі магазін і ФАП. Памятныя мясціны Вайсковыя могілкі 627 савецкіх салдат, якія загінулі ў Другую сусветную вайну. Помнік 150 землякам, якія загінулі ў Другую сусветную вайну. Сярод пахаваных Героі Савецкага Саюза І.М.Антонаў (6.10.1913-16.12.1943), М.М.Рудык (5.12.1918-16.12.1943). Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Бычыхінскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Гарадоцкага раёна