ZX Spectrum — 8-разрадны хатні камп’ютар, створаны англійскай кампаніяй Sinclair Research на аснове мікрапрацэсара Z80 фірмы «Zilog». У працэсе распрацоўкі камп’ютар называўся «ZX81 Colour» і «ZX82»specLOGO02 і specModel01 у фотаархіве Рыка Дыкінсана, назва «ZX Spectrum» мусіла падкрэсліць адно з галоўных адрозненняў ад яго папярэдніка ZX81 — каляровую выяву. Прыхільнікі гэтага камп’ютара часта называюць яго «Спэкі» ().
На пачатку 1980-х «ZX Spectrum» быў адным з найпапулярнейшых камп’ютараў у Еўропе (яго шматлікія клоны на пачатку 1990-х займелі шырокае распаўсюджанне на тэрыторыі былога СССР/СНД). Дзякуючы невысокаму кошту за першыя 17 месяцаў было прададзена больш за мільён гэтых машын. Нізкі кошт быў абумоўлены шэрагам фактараў: выкарыстаннем тэхналогіі ULA (Uncommitted Logic Array), з дапамогай якой большая частка схемы змяшчалася ў адным чыпе; нізкімі тэхнічнымі і карыстальніцкімі характарыстыкамі ў параўнанні з даражэйшымі камп’ютарамі; выкарыстаннем бытавога тэлевізара як манітора і касетнага магнітафона як знешняга накапляльніка.
У 1980-х асноўным канкурэнтам ZX Spectrum на еўрапейскім рынку быў Commodore 64. Іншымі значнымі супернікамі былі 8-бітныя Atari, BBC Micro, Amstrad CPC і ў некаторых краінах MSX.
Тэхнічныя характарыстыкі «Sinclair ZX Spectrum» быў прэзентаваны ў красавіку 1982 у двух варыянтах — з 16 і 48 КБ аператыўнай памяці.
«ZX Spectrum 48» меў 16 КБ ПЗП, куды быў прашыты дыялект мовы праграмавання BASIC, гэтак званы Sinclair BASIC. Гэтая ж праграма ПЗП забяспечвала базавы ўвод-вывад і карыстальніцкі інтэрфейс. Сістэмнымі працэдурамі (напрыклад, друкам на экран) можна было скарыстацца з машыннага кода, выклікаўшы іх па абсалютных адрасах. Архітэктары камп’ютара прынялі палітыку не змяняць праграму ПЗП, нягледзячы на наяўнасць у ёй памылак. Размяшчэнне такой «аперацыйнай сістэмы» і мовы праграмавання ў пастаяннай памяці забяспечвала перазагрузку камп’ютара за некалькі секунд, уключна з тэсціраваннем ПАД і, што істотна, змяншала памер праграм (праграміст мог выкарыстоўваць «стандартныя» працэдуры ПЗП, не выдаткоўваючы даступную аператыўную памяць і не губляючы пры гэтым сумяшчальнасць).
Першая мадэль «ZX Spectrum» мела недарагую ў вырабе клавіятуру на 40 гумовых клавіш. Яе характэрнай адметнасцю была шматфункцыянальнасць: алфавітна-лічбавыя клавішы мелі да сямі значэнняў у розных рэжымах. Пры гэтым рэжым уводу адлюстроўваўся з дапамогай курсора. Такімі рэжымамі былі: L — для ўводу малых літар, C — для ўводу вялікіх; K — для ўводу асноўных ключавых словаў BASIC, E — для ўводу дадатковых ключавых слоў і аператараў; G — для ўводу псеўдаграфічных, кіруючых сімвалаў і сімвалаў, вызначаных карыстальнікам. Рэжым пераключаўся як аўтаматычна, так і з дапамогай кіраўнічых клавіш і . Напрыклад, у пачатку набору BASIC чакае нумар радка або каманду, таму курсар знаходзіцца ў рэжыме K. Аднаразовае націсканне клавішы у гэтым рэжыме пацягне аўтаматычны ўвод аператара GO TO. Пасля гэтага курсар пераходзіць у рэжым L і дазваляе набіраць лік, імя пераменнай альбо матэматычны выраз (у тым ліку з дапамогай рэжыму Е). Пазнейшыя мадэлі (пачынаючы ад ZX Spectrum 128) дазвалялі ў якасці альтэрнатывы набіраць каманды мовы па літарах.
Не менш характэрным быў адзіны графічны рэжым камп’ютара пры адсутнасці тэкставага. Колеры (8 колераў і два ўзроўні яркасці плюс атрыбут мігцення) і ўласна графіка захоўваліся ў розных месцах памяці. Пры гэтым, хоць графічнае разрозненне складала 256×192 пунктаў, колерныя атрыбуты задаваліся па знакамесцах. Кожнае знакамесца памерам 8×8 пікселяў магло мець толькі два прыпісаныя яму колеры (гэтак званыя колеры «чарніла» (ink) і «паперы» (paper) у Sinclair BASIC) і па адным атрыбуце яркасці і мігцення. Такім чынам, вобласць 8×8 пікселяў кадавалася 9 байтамі ПАД (8 байтаў — пабітавы малюнак, 1 байт — атрыбуты колеру: 3 біты — колер знаку, 3 біты — колер фону, 1 біт яркасці і 1 біт мігцення знакамесца). Такая арганізацыя выклікала пэўныя праблемы пры стварэнні камп’ютарнае графікі. З іншага боку, малы аб’ём экраннай памяці (каля 7 КБ) дазваляў хутчэй перамалёўваць экран і павялічыць долю ПАД для выкарыстання «ўласна праграмай», што было важным для камп’ютарных гульняў. Акрамя таго, асаблівая арганізацыя графічнага рэжыму дазваляла значна аптымізаваць вывад тэксту пры адсутнасці тэкставага рэжыму.
Першыя мадэлі ZX Spectrum мелі аднабітны выхад гуку праз убудаваны дынамік. Прайграванне музыкі, асабліва шматгалоснай, патрабавала выкарыстання амаль усяго рэсурсу працэсара, бо ўвесь гук генераваўся праграмна. У мадэлі ZX Spectrum 128 была дададзена мікрасхема гукагенератара AY-3-8912, што дазваляла прайграваць трохканальны гук без вялікіх выдаткаў працэсарнага часу. Падключэнне гэтай мікрасхемы было магчымым і для мадэляў з аб’ёмам памяці 48 КБ.
Мадэлі
Sinclair Research Арыгінальныя мадэлі «ZX Spectrum», выпушчаныя «Sinclair Research»: ZX Spectrum 16K/48K (1982) ZX Spectrum+ (1984) ZX Spectrum 128 (1986)
Апаратную частку ZX Spectrum 16K/48K распрацаваў Рычард Альтвасер з «Sinclair Research», корпус машыны быў створаны прамысловым дызайнерам Рыкам Дыкінсанам. Праграмнае забеспячэнне для новага камп’ютара распрацаваў Стыў Вікерс па кантракце з кампаніяй «Nine Tiles Ltd», у якой быў створаны «Sinclair BASIC». Мадэль мела гумовыя клавішы, мініяцюрны корпус і характэрны лагатып — відарыс каляровага спектра. Камп’ютар быў выпушчаны на рынак у 1982 годзе коштам 125 фунтаў за мадэль з 16 КБ ПАД і 175 фунтаў — за мадэль з 48 КБ; гэтыя кошты пазней былі зніжаны да £99,95 і £129,95. Уласнікі мадэлі з 16 КБ памяці маглі набыць абнаўленне на 32 КБ; для абнаўлення карыстальнікі маглі выслаць свой «Spectrum» у «Sinclair Research» поштай. Староннія фірмы таксама прапаноўвалі ПАД-модуль на 32 КБ, які падключаўся ў порт пашырэння.
З чэрвеня 1984 года распрацоўшчыкі рыхтавалі ZX Spectrum+, які выйшаў у кастрычніку таго ж года. Гэта быў «Spectrum» з 48 КБ ПАД, абноўленым корпусам і клавіятурай; на корпусе з’явілася кнопка перазагрузкі. Даволі скора новая мадэль стала прадавацца ўдвая лепей за папярэднюю; тым не менш, некаторыя прадаўцы паведамлялі пра высокі працэнт паломак.
«Sinclair Research» распрацоўвала ZX Spectrum 128 сумесна са сваім іспанскім дыстрыб’ютарам «Investrónica». «Investrónica» дапамогла адаптаваць «ZX Spectrum+» да іспанскага рынку пасля таго, як іспанскі ўрад абклаў асобным падаткам усе камп’ютары з памяццю 64 КБ і меней, якія не падтрымліваюць іспанскую мову. Новая мадель змяшчала 128 КБ ПАД, трохканальны гук праз AY-3-8912, сумяшчальнасць з MIDI, порт RS-232, RGB-вывад на манітор, а таксама 32 КБ ПЧД з палепшаным Бэйсік-рэдактарам. Машына была ўпершыню прэзентавана і выпушчана ў продаж у верасні 1985 года ў Іспаніі. У Вялікабрытаніі пачатак продажу быў адкладзены да лютага 1986 з-за вялікай колькасці нераспраданых «Spectrum+»; пачатковы кошт «ZX Spectrum 128» быў вызначаны ў £179,95.
Працэсар Z80 мае 16-разрадную шыну адраса, таму можа адрасаваць прама толькі 64 КБ памяці. Дзеля доступу да дадатковых 80 КБ ПАД выкарыстоўвалася тэхніка пераключэння банкаў памяці, такім чынам аператыўная памяць была даступная ў выглядзе васьмі старонак, падключаных у верхнюю частку адраснай прасторы. Падобным чынам выконвалася пераключэнне між новымі 16 КБ ПЗП і арыгінальнымі 16 КБ ПЗП у ніжняй частцы адраснай прасторы.
Дзеля выкарыстання новых гукавых магчымасцей у «Sinclair BASIC» з’явілася інструкцыя PLAY, дзеля пераключэння ў рэжым «Spectrum 48K» — SPECTRUM. Новыя інструкцыі занялі месца двух існуючых «сімвалаў, вызначаных карыстальнікам», што выклікала праблемы сумяшчальнасці з некаторымі старымі BASIC-праграмамі.
Amstrad
Мадэлі «ZX Spectrum», выпушчаныя кампаніяй «Amstrad» пасля перадачы правоў на ўсю лінейку машын: ZX Spectrum +2 (1986) ZX Spectrum +3 (1987) ZX Spectrum +2A / +2B (1987)
У 1986 годзе, неўзабаве пасля набыцця брэнду «Sinclair» і правоў на ўсю лінейку «Spectrum», кампанія «Amstrad» выпусціла ZX Spectrum +2. Машына мела шэры корпус са спружыннай клавіятурай, двума партамі джойстыкаў, а таксама ўбудаваным касетным магнітафонам, названым «Datacorder» (як у «Amstrad CPC 464»), а ўсё астатняе было як у «ZX Spectrum 128». Цана вытворчасці была зніжана, у выніку чаго раздробныя цэны знізіліся да £139-£149.
Новая клавіятура не мела надпісаў з ключавымі словамі BASIC, за выняткам LOAD, CODE і RUN, якія былі трэба для запуску праграм. Аднак гэта не было вялікай праблемай, бо «+2» меў сістэму меню, падобнага да «ZX Spectrum 128», дзе можна было пераключацца між старым BASIC 48K і BASIC 128K з наборам ключавых слоў палітарна.
Не выйшлі на рынак У 1983 годзе Марцін Брэнен распрацоўваў у Sinclair Research гульнявую прыстаўку LC3 (Low Cost Colour Computer), рэалізаваную ўсяго на дзвюх мікрасхемах, з гульнямі на картрыджах. Стыў Бэры распрацоўваў для LC3 шматзадачную аперацыйную сістэму з ваконным графічным інтэрфейсам. Пасля перанакіравання высілкаў на Sinclair QL праект быў спынены ў лістападзе 1983.
У сярэдзіне 1980-х Sinclair Research распрацоўвала праект LokiSuperSpectrum! Amstrad has Sinclair’s secret weapon — the £200 SuperSpectrum. It’s everything the Amiga should have been , нашмат таннейшы (каля £200) канкурэнта камп’ютара Amiga. Планавалася, што Loki будзе працаваць на Z80H з частатой 7 МГц і мець не менш за 128 КБ ПАД. Для гуку і відэа выкарыстоўваліся дзве спецыялізаваныя мікрасхемы. Праект быў закрыты ў 1986 годзе пасля ўгоды з Amstrad.
Вытворныя і клоны
«Sinclair» ліцэнзавала «Spectrum» амерыканскай кампаніі «Timex». Яе мадэлі, вытворныя ад «Spectrum»: Timex Sinclair 2068 (TS2068) — значна больш складаная машына: даданы порт картрыджа, гукавы чып AY-3-8912, а таксама палепшаная ULA з некалькімі графічнымі рэжымамі. Мадэль прадавалася збольшага ў ЗША, хоць амаль ідэнтычныя версіі распаўсюджваліся ў Партугаліі і Польшчы пад назвамі «Timex Computer 2068» (TC2068) і «Unipolbrit Komputer 2086» (UK2086). Timex Computer 2048 — з палепшанай ULA, якая дазваляла пераключацца ў іншыя графічныя рэжымы; прадавалася толькі ў Партугаліі. Timex Sinclair 2048 — версія TS2068 з 16 КБ ПАД; не выйшла на рынак.
Пад канец 1989 у Вялікабрытаніі кампанія «Miles Gordon Technology» (вытворца перыферыі) выпусціла камп’ютар «SAM Coupé», патэнцыйны спадчыннік «Spectrum», сумяшчальны з ім. Аднак на той час ужо выйшлі на рынак «Commodore Amiga» і «Atari ST».
Дзякуючы таннасці і прастаце канструкцыі шырокае распаўсюджанне займелі «неафіцыйныя» клоны «Spectrum» на тэрыторыі былога СССР адразу пасля падзення «жалезнай заслоны». Дзясяткі варыянтаў камп’ютара выпускаліся на заводах і збіраліся радыёаматарамі. Неліцэнзійныя клоны выпускаліся таксама ў Польшчы, Усходняй Германіі, Румыніі, Чэхаславакіі, Аргенціне, Бразіліі і іншых краінах.
Цікавосткі За ўнёсак у развіццё брытанскай прамысловасці заснавальнік фірмы Sinclair Research Ltd Клайв Сінклэр па хадайніцтву Маргарэт Тэтчэр быў узнагароджаны званнем «Рыцар каралеўскага Ордэна» з наданнем звання «сэр». У 1983 прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Маргарэт Тэтчэр прэзентавала «ZX Spectrum» японскаму прэм’ер-міністру Ясухіро Накасонэ як сімвал брытанскага тэхналагічнага прагрэсу. Ёсць некалькі «неафіцыйных» версій ПЗП для Spectrum 48K, у прыватнасці, ZX Spectrum +4, распрацаваная Эндру Оўэнам у 2000 годзеZX Spectrum +4 Unofficial ROM.
Гл. таксама Байт (камп’ютар)
Заўвагі
Крыніцы
Спасылкі
World of Spectrum — фанацкі сайт, афіцыйна ўхвалены кампаніяй Amstrad Старонка Spectrum на Planet Sinclair архіў праграм для ZX Spectrum з дыскавай сістэмай TR-DOS Энцыклапедыя на вікі-рухавіку ZX Planet — Spectrum Heaven Старонка пра ZX Spectrum на old-computers.com MySpeccy.com — браўзерныя гульні для ZX Spectrum Невядомыя Sinclair Online бібліятэка электронных газет і часопісаў Версіі гульняў і праграм, знойдзеныя на касетах
Катэгорыя:Гісторыя камп’ютарнай тэхнікі Катэгорыя:З’явіліся ў 1982 годзе