Аблога Быхава праводзілася расійскім войскам і ўкраінскімі казакамі пад камандаваннем Івана Залатарэнкі ў час вайны Расійскай імперыі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў.
Перадумовы У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Багдан Хмяльніцкі выступіў на баку расійскага цара Аляксея Міхайлавіча і даручыў атаману Івану Залатарэнка кіраваць 20-тысячнай групоўкай казакаў у Беларусі. Залатарэнка захапіў Рэчыцу, Жлобін, Стрэшын, Рагачоў, Гомель, Чачэрск, Прапойск і Новы Быхаў. Стары Быхаў перашкаджаў казацкаму войску развіваць наступленне на Падняпроўі, «за пазухою аки змею маючи». Горад быў добра ўмацаваны, меў вялікі гарнізон, пагалоўна ўзброенае мужчынскае насельніцтва. «А в то і Быхове, — пісаў цару Залатарэнка 29 жніўня, — шляхты немало и волощане, до того горада належачие, заперлися и Вашему Царскому Величеству поклонитеся не хотят». Яны праяўлялі, па словах атамана, «гордыню и непокорение дьявольское».
Аблога Аблога пачалася ў жніўні 1654 года і працягвалася 11 месяцаў. Горад абаранялі мясцовая шляхта, 18 харугваў мяшчан, сяляне Быхаўскага графства, 1000 чалавек наёмнай пяхоты, асобнае фарміраванне з 1000 яўрэяў. Жыхары Быхава не рэагавалі на «прелестные грамоты» атамана Залатарэнка, якія дасылаліся ў горад ад імя цара. Паводле дакументаў, адной з прычын упартага супраціўлення гараджан быў страх перад Залатарэнкам (большасць мяшчан яму не верыла). Другой прычынай з’яўляліся звесткі пра трагічны лёс жыхароў суседніх гарадоў: «а именно Шклов, Копысь и иные города, и тех городов всяких жилецких людей неволят, грабят и в полон емлют и до Москвы отвозят, и те де все городы ныне разорены н опустошены и быховцы де, слыша то, все на том и порешили, лучше де им в домех своих хотя помереть, нежели в неволю из воли самим себя отдавать». Залатарэнка прасіў цара «об огненной пушке и об огненных ядрах, чтобы есмя могли тех разорителей веры нашей православныя христианския с городом их зажечь, понеже город деревянный и зело домы большие и частые».
У сярэдзіне снежня 1654 года пасля 10-тыднёвай аблогі Стары Быхаў дэблакіравала войска гетмана ВКЛ Януша Радзівіла і Вінцэнта Гансеўскага і заняло яго, адцясніўшы казакоў да Новага Быхава. Толькі ў маі 1655 года войска Залатарэнкі зноў прыступіла да аблогі горада. У грамаце да насельніцтва ад 7 мая наказны атаман пісаў:
Праз 10 дзён была паслана яшчэ адна грамата, на якую «Старого Быхова всяких чинов люди наказному гетману отказали: сдаваться де мы не хотим, а будем де сидеть, покаместа нашей мочи будет». Раздражнёны няўдалай аблогай горада Багдан Хмяльніцкі загадаў Залатарэнку выкапаць перад гарадскімі брамамі роў, каб перашкодзіць вылазкам гарнізона, паставіць заслон з пяхоты і «оставить курятник» у спакоі. Казакі былі пераведзены ў цэнтр Беларусі, а іх месца заняла армія князя Трубяцкога (11 палкоў на чале з наёмнымі палкоўнікамі Е. Цыклерам, X. Юнкманам, Г. Фанстаданам, Л. Марцятусам, Я. Ронартам, А. Гохгардам, К. Крафертам, Е Франзбекам, А. Гамонтам, а таксама Т. Кундліным і Л. Р. Азар’евым).
У чэрвені 1655 года да быхаўскіх мяшчан з граматамі аб здачы горада звярнуўся сам цар. Ён абяцаў «всей врожоной шляхте и всему рыцерству, также всем бурмистрам, радцам и лавникам и всем всякого чину градским и уездным людям» не чыніць разарэння, выдаць усім жыхарам жалаванне, захаваць за шляхтай правы, маёнткі і розныя льготы. Адначасова было паабяцана тым, хто будзе працівіцца здачы, «тех всех предадим мечу». Ваенныя дзеянні расійскай арміі князя Трубяцкога працягваліся да 26 ліпеня. Князь некалькі разоў заклікаў быхаўцаў здацца, але тыя адхілялі прапановы. У данясенні цару ён пісаў: «И быховцы твоей милостивой грамоты не приняли, и тебе, великому государю, не добили челом, и город не сдали, и из городу на солдатские шанцы вылазки у них были не по один день и ночьми, и с твоими государевыми людьми пеших полков с солдаты, и с стрельцы, они, быховцы, бились; и твои, государевы ратные люди, быховцев побивали, и от шанцев в ров отбивали». Прычыну такога ўпартага супраціўлення царскія ваяводы бачылі ў магутнасці «каменного городка» — Быхаўскага замка,— а таксама ў тым, што «хлебных и железных запасов в городе много». Сваю ролю адыграла і грамата караля Рэчы Паспалітай Яна Казіміра ад 31.5.1655, паводле якой за мужнасць жыхары Быхава як уладанне падканцлера ВКЛ Казіміра Льва Сапегі на 20 гадоў вызваляліся ад усіх падаткаў, за кошт каралеўскай казны дадаткова наймалася 300 чалавек нямецкай пяхоты для далейшай абароны горада.
У пачатку жніўня частка расійскіх войск з-пад Старога Быхава была перакінута да Слуцка і на Панямонне, аднак у пачатку кастрычніка сюды вярнуліся казакі пад камандаваннем Залатарэнкі. 7 кастрычніка аблога горада аднавілася. 8 кастрычніка «быховские сидельцы» зрабілі вылазку, у выніку якой загінуў Залатарэнка. У гэты час выбухнула паўстанне супраць казацкай старшыны. Запарожскае войска страціла баяздольнасць і «не могучи… болше держати Быхова в облеженю и оный узяти не могучи, отступили назад на Украину». У канцы 1655 расійскія войскі былі вымушаны паступова знімаць аблогу горада. Тут застаўся толькі 1 полк з 22 сотняў на чале з палкоўнікам Іванам Нячаем, які складаўся пераважна з «пописавшихся» ў казакі сялян Усходняй Беларусі. У Быхаве, які моцна цярпеў ад абстрэлаў, асабліва ад «огненного наряду», прысланага царом, бушавалі частыя пажары, змяншаліся запасы хлеба, хоць рускія палонныя салдаты-ўцекачы паведамлялі, што з хлебам тут «нескудно». Найбольш цярпелі бедныя людзі, якія, паводле звестак тых жа салдат, «от того скучают, что де животины ў их в городе много» (дрэнна было з кармамі).
У пачатку 1656 аблога была фактычна спынена ў сувязі з Віленскім перамір’ем, якое забараняла расійскім войскам і казакам чыніць «зацепки и наезды» незаваяваным населеным пунктам, асабліва Быхаву. Расійскі цар чакаў вырашэння пытання пра абранне яго на трон Рэчы Паспалітай. У пачатку 1657 года баявыя дзеянні ўзнавіліся, казакі на чале з Іванам Нячаем і расійскія войскі захапілі Быхаў.
Гл. таксама Абарона Быхава (1659) Аблога Быхава (1660—1661)
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Гісторыя Быхава Катэгорыя:Аблогі XVII стагоддзя Катэгорыя:Бітвы вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў Стары Быхаў (1654) Стары Быхаў (1654) Стары Быхаў (1654) Стары Быхаў (1654) Катэгорыя:1654 год у Еўропе Катэгорыя:1655 год у Еўропе Катэгорыя:Канфлікты 1654 года Катэгорыя:Канфлікты 1655 года