Правая Лясная, або Ле́сьна Пра́ва () — рака ў Падляскім ваяводстве Польшчы і Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці Беларусі, у басейне Буга. Даўжыня ракі 132,7 км.
Гідраграфія Правая Лясная бярэ свой пачатак на поўначы ад Гайнаўкі, каля вёскі Дубіны. Рака працякае праз Белавежскую пушчу. Пасля 33 км рака пакідае Польшчу і ўваходзіць у Беларусь. Цячэ па Высокаўскай раўніне, перасякае тэрыторыю Нацыянальнага парку «Белавежская пушча». За 1 км на ўсход ад вёскі Вугляны Камянецкага раёна Правая Лясная сустракае Левую Лясную, і дзве гэтыя ракі ўтвараюць раку Лясная.
Даліна трапецападобная, месцамі не выражаная, у ніжнім цячэнні шырынёй да 4 км. Схілы спадзістыя, вышынёй ад 3 да 7 м, пакрытыя сеткай меліярацыйных каналаў. Пойма двухбаковая, збольшага завільгочаная, у нізоўі значна забалочаная, шырынёй 200–400 м, бліжэй да вусця паступова пашыраецца да 1 км. Рэчышча звілістае, свабодна меандруе, слабаразгалінаванае, шырынёй 20–25 м у ніжнім цячэнні; каналізаванае ў 1970 г. па ўсёй даўжыні ракі. Берагі адкрытыя ці пад хмызняком, нізкія, пераважна балоцістыя.
Асноўныя прытокі: Хвішчэй Пэрэбэль Перавалока Белая
Гідралагічны рэжым Максімальны ўзровень вясновага разводдзя звычайна ў 2‑й палове сакавіка. На перыяд вясновага разводдзя прыпадае 40 % гадавога сцёку. Замярзае ў канцы снежня, ускрыццё ў сярэдзіне сакавіка.
Водзяцца шчупак, лешч, гусцяра, верхаводка, карась залаты і сярэбраны, язь, ялец, галавень, плотка, пячкур, лінь, мянтуз, сом, акунь, ёрш.
Зноскі
Спасылкі
Катэгорыя:Рэкі Падляскага ваяводства Катэгорыя:Рэкі Камянецкага раёна Катэгорыя:Басейн Буга