Нацыянальная бібліятэка Беларусі (НББ), поўная назва Дзяржаўная ўстанова «Нацыянальная бібліятэка Беларусі» — галоўная ўніверсальная навуковая бібліятэка Беларусі. Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі — Вадзім Францавіч Гігін.

Гісторыя бібліятэкі

Заснаванне Нацыянальная бібліятэка Беларусі заснавана паводле пастановы Савета Народных Камісараў БССР ад 15 верасня 1922 года як Беларуская дзяржаўная і ўніверсітэцкая бібліятэка. На працягу амаль 40 гадоў яе ўзначальваў Іосіф Бенцыянавіч Сіманоўскі.

Фонды бібліятэкі на момант адкрыцця налічвалі толькі 60 тысяч асобнікаў, якімі карысталіся 1,1 тысяч чалавек. Але ўжо ў 1926 годзе яны павялічыліся да 300 тысяч, якімі карысталіся 5,5 тысяч чытачоў, стаўшы такім чынам найбуйнейшым універсальным бібліятэчным зборам па ўсіх галінах ведаў, і ў першую чаргу па беларусазнаўчай тэматыцы. Бібліятэка актыўна ўдзельнічала ў культурна-нацыянальным будаўніцтве, беларусізацыі, развіцці дзяржаўнай структуры. Рост фондаў і павелічэнне актыўнасці чытачоў прывялі да вываду яе са складу БДУ і рэарганізацыі ў Беларускую дзяржаўную бібліятэку пастановай СНК БССР ад 14 мая 1926 года.

У 1932 годзе Беларуская дзяржаўная бібліятэка пераехала з Юбілейнага дому ў новы будынак у модным тады канструктывісцкім стылі (архітэктар Георгій Лаўроў).

Другая сусветная вайна На пачатку Вялікай Айчыннай вайны фонды бібліятэкі налічвалі больш за 2 млн тамоў, якімі карысталіся 15 тысяч чалавек. За тры гады акупацыі фонды бібліятэкі былі фактычна цалкам разрабаваны, багатае спецыяльнае абсталяванне знішчана, моцна пашкоджаны і сам будынак.

Яшчэ ў 1943 годзе пры эвакуіраванай у Маскву Акадэміі навук БССР была створана рабочая група па фармаванні кніжнага фонду. Рашэнне пра ўзнаўленне працы бібліятэкі было прынята адразу па вызваленні Мінска, у ліпені 1944 года, а ўжо ў кастрычніку 1944 года адкрыліся яе чытальныя залы. Велізарная дапамога ва ўзнаўленні фонду, як і ў першапачатковай яго арганізацыі, была аказаная шматлікімі бібліятэкамі саюзных рэспублік.

Пасля Другой сусветнай вайны Сістэматычны пошук вывезеных кніг у Германіі, Польшчы, Чэхаславакіі, Венгрыі распачаўся ў 1945 годзе. У 1947 годзе фонды бібліятэкі дасягнулі даваеннага ўзроўню.

250px|thumb|Уваход у стары будынак бібліятэкі на паштовай марцы Беларусі У 1962 годзе бібліятэка атрымала новы корпус на вуліцы Кірава, які дазволіў на час вырашыць праблему з недахопам працоўных плошчаў для работы чытачоў і захоўвання фондаў. У 1972 годзе бібліятэка з нагоды 50-гадовага юбілею ўзнагароджана найвышэйшай грамадскай і дзяржаўнай узнагародай СССР — ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Бібліятэка ў незалежнай Беларусі 19 мая 1992 года, пасля набыцця Рэспублікай Беларусь дзяржаўнай незалежнасці і суверэнітэту, Дзяржаўная бібліятэка БССР імя У. І. Леніна была перайменавана ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі. Да таго часу яна ўжо мела вострую неабходнасць у будаўніцтве новага комплексу, бо стары комплекс будынкаў быў не ў стане задаволіць патрабаванні грамадства ў галіне бібліятэчна-інфармацыйнага абслугоўвання. Але на працягу 1990-х гадоў бібліятэка была вымушана весці працу на фоне абмежаваных магчымасцей старых будынкаў для захоўвання фондаў, абслугоўвання чытачоў, службовых памяшканняў.

7 сакавіка 2002 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў загад «Аб будаўніцтве будынка дзяржаўнай установы „Нацыянальная бібліятэка Беларусі“». 1 лістапада 2002 года адбылася закладка падмурка новага будынка бібліятэкі, паводле праекта творчага калектыву М. К. Вінаградава і В. У. Крамарэнкі, які яшчэ ў 1989 годзе перамог на міжнародным конкурсе на найлепшае архітэктурнае рашэнне новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Датычна Нацыянальнай бібліятэкі, асабліва ў дзяржаўных СМІ, часта ўжываюцца клішэ «беларускі дыямент» або «алмаз ведаў», бо архітэктурнае рашэнне новага будынка сваёй формай нагадвае ўжывальнікам агранены алмаз (дыямент) і, паводле іх, сімвалізуе каштоўнасць ведаў, прыгажосць і разнастайнасць свету. У народзе, таксама праз архітэктурную форму, атрымала мянушку «Чупа-Чупс». Новы будынак адкрыўся для карыстальнікаў 16 чэрвеня 2006 года.

Нацыянальная бібліятэка — найбуйнейшы інфармацыйны цэнтр Беларусі. На 1 студзеня 2023 года аб’ём фонду бібліятэкі дасягнуў 10,5 млн асобнікаў і ўключае друкаваныя выданні, рукапісы, мікракопіі дакументаў, электронныя і іншыя матэрыялы на больш чым 80 мовах, створаныя ў Беларусі і замежных краінах.

Бібліятэка валодае самай вялікай у краіне калекцыяй рукапісных кніг — больш за 1 тыс. адзінак на старажытнарускай, царкоўнаславянскай, польскай, рускай, лацінскай і іншых мовах.

У 2022 годзе Нацыянальную бібліятэку наведалі 79 тыс. карыстальнікаў, якім было выдадзена 1,8 млн экзэмпляраў кніг і часопісаў. Колькасць віртуальных карыстальнікаў па выніках 2022 года склала звыш 126 тыс. чалавек.

Сёння для чытачоў працуюць 17 чытальных залаў, разлічаных на 1,5 тыс. пасадачных месцаў. Для карыстальнікаў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі ў бібліятэцы абсталяваны спецыяльны санітарны пакой, пандусы, ліфт, механічны пад’ёмнік (для наведвальнікаў з парушэннямі апорна-рухальнага апарата). Для людзей з дрэнным зрокам прадугледжаны працоўныя месцы са спецыяльным абсталяваннем.

На 1 чэрвеня 2023 года бібліятэка забяспечвае доступ да 71 базы даных (19 айчынных, 43 — краін СНД і Балтыі, 9 — замежных) ад 37 найбольш аўтарытэтных і сусветна вядомых вытворцаў і агрэгатараў інфармацыйных рэсурсаў.

На сённяшні дзень з дапамогай інтэрнэт-партала бібліятэка ажыццяўляе анлайн-паслугі праз спецыялізаваныя віртуальныя службы: «Электронная дастаўка дакументаў», «Спытай бібліятэкара», «Віртуальны цэнтр прававой інфармацыі», «Адкрытая інфармацыя» і інш.

Віртуальная чытальная зала Нацыянальнай бібліятэкі забяспечвае аддаленым карыстальнікам доступ да паўнатэкставых, рэфератыўных, бібліяграфічных і фактаграфічных баз даных.

Ідзе працэс стварэння электроннай бібліятэкі, аб’ём якой на пачатак 2023 г. склаў амаль 670 тыс. дакументаў. Гэта самы вялікі збор дакументаў у электронным выглядзе сярод бібліятэк краіны. Каб толькі прагартаць дадзены масіў з хуткасцю 1 старонка ў секунду, спатрэбіцца 75 сутак. Для праслухоўвання музычнай калекцыі НББ, якая ўвайшла ў электронную бібліятэку, спатрэбіцца 26 600 гадзін, або больш за 3 гады, калі слухаць 24 гадзіны ў суткі без перапынку.

Нацыянальная бібліятэка сёння — гэта не толькі найбуйнейшы інфармацыйны, але і сацыякультурны, адукацыйны цэнтр краіны. Штогод у яе сценах праводзіцца больш за 200 сацыякультурных, адукацыйных і навуковых мерапрыемстваў.

Да ўвагі наведвальнікаў — зменныя экспазіцыі ў пяці мастацкіх галерэях («Атрыум», «Лабірынт», «Ракурс», «Панарама» і «Мабільная»).

Нязменнай цікавасцю карыстаецца і музей кнігі, у якім прадстаўлена больш за 300 унікальных кніжных помнікаў — рукапісных, старадрукаваных, рэдкіх выданняў XV—XXI стагоддзяў.

Штогод у бібліятэцы праходзіць каля 30 мастацкіх і больш за 150 кніжных выставак.

Нацыянальная бібліятэка з’яўляецца навукова-даследчым цэнтрам па бібліятэчнай справе. Сярод найбуйнейшых навуковых праектаў міжнароднага ўзроўню апошніх гадоў — грандыёзны праект 2017 г. па факсімільным узнаўленні кніжнай спадчыны Ф. Скарыны (21 том), прымеркаваны да 500-годдзя выдання першай беларускай і ўсходнеславянскай кнігі.

Акрамя таго, бібліятэкай рэалізаваны праекты па факсімільным узнаўленні ўнікальных рукапісных помнікаў славянскага пісьменства — Слуцкага Евангелля (XVI ст.), Полацкага Евангелля (кан. XII — пач. XIII ст.), Тураўскага Евангелля (XI ст.); а таксама першадрукаў — Берасцейскай Бібліі 1563 г. (самай вялікай кнігі ў гісторыі айчыннага друку вагой 15 кг), першага «Буквара» 1618 г. і інш.

8 студзеня 2013 года праца калектыву Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі была адзначана Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за значны ўклад у развіццё бібліятэчнай справы, рэалізацыю комплексу мерапрыемстваў па захаванні і папулярызацыі кніжнай спадчыны Беларусі.

Па выніках 2017 года калектыў бібліятэкі ўзнагароджаны прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» за працу па факсімільным аднаўленні і папулярызацыі кніжнай спадчыны Францыска Скарыны.

Асноўныя параметры будынка

Агульная плошча будынка — 113 669 кв. м; Плошча фондасховішча — 54 960 кв. м; Будаўнічы аб’ём будынка — 420 558 куб. м; Аб’ём фондасховішча — 200 580 куб. м; Вышыня будынка — 73,67 м; Умяшчальнасць фондасховішча — 14 млн адзінак захоўвання; Колькасць чытацкіх месцаў — 2000; Колькасць чытальных залаў — 17; Колькасць аўтаматызаваных рабочых месцаў карыстальнікаў і персаналу — больш за 1500.

Вядомыя супрацоўнікі Юлія Бібіла Ніна Ватацы Вольга Малініна Мар’я Масенжнік Раман Матульскі Фаіна Мерына Іосіф Сіманоўскі Мікола Улашчык

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Інтэрнэт-партал Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Беларусь Катэгорыя:Бібліятэкі Мінска Катэгорыя:Першамайскі раён (Мінск) Катэгорыя:З’явіліся ў 1922 годзе Катэгорыя:1922 год у Мінску Катэгорыя:Праспект Незалежнасці (Мінск)

Катэгорыя:Аб’екты на марках