«Сем камянёў» — кніга беларускага аўтара Аляксея Шэіна. Жанр — мастацкая проза, фэнтэзі. Выдадзена ў 2015 годзе выдавецтвам «Пазітыў-цэнтр».
Сюжэт Галоўны герой кнігі, хлопец па імі Ясь, апынуўся ў дзівоснай краіне Эферыі. Ён імкнецца разгадаць загадку крышталёў, тайна якіх схавана ў вяках, для выратавання жыцця сваёй сяброўкі. Пра прыход героя, якім акажацца сам Ясь, гаворыцца ў старажытных летапісах, якія называюць яго «Дастойным». Толькі ён адзін зможа раскрыць таямніцу Сямі Камянёў.
У чароўнай краіне Эферыі хлопцу Ясю даводзіцца змагацца за жыццё сваёй невылечна хворай сяброўкі Міркі. Выпадкова хлопец чуе, што ў гэтай краіне калісьці была крыніца жывой вады. Але, каб яе адшукаць, трэба спачатку знайсці сем камянёў, якія і падкажуць, дзе схаваная гэта крыніца.
Сама ж краіна знаходзіцца пад прыгнётам самазванца, які захапіў уладу і несправядліва кіруе народам. І паралельна галоўны герой змагаецца і за вяртанне свабоды краіне Эферыі.
Змест Першы дзень Другі дзень Трэці дзень Чацвёрты дзень Пяты дзень Шосты дзень Сёмы дзень
Водгукі Літаратурны крытык Ганна Янкута пісала пра кнігу: «Гэта раман пра цуды, якія, хоць і здараюцца ў дзівосным свеце, закліканыя падкрэсліць, што ў цудзе няма нічога надзвычайнага. А яшчэ — пра прыгоды, перажыць якія таемна марыць ці не кожны захоплены чытач. Падазраю, што ад узросту гэта не залежыць».
На думку журналісткі і адной з аўтарак праекту Velvet.by Ганны Севярынец: «Раман — вельмі цікавы. Неспрактыкаваны чытач знойдзе ў ім асаблівы свет, захапляльны сюжэт і цікавых герояў, спрактыкаваны — выявіць глыбокую хрысціянскую падаплёку. Сем частак рамана, сем цудоўных камянёў, сем дзён стварэння свету, персанажы, у якіх так раптоўна адгадваюцца героі, вядомыя нам паводле зусім іншых гісторыяў… Па-мойму, у беларускай літаратуры нічога падобнага пакуль яшчэ не было. Зусім. І вось з’яўляецца».
Прэміі 2017 год — кніга адзначана Еўрапейскім таварыствам навуковай фантастыкі як лепшы літаратурны дэбют. Прэмія штогод уручаецца прадстаўнікамі Таварыства на Eurocon — еўрапейскім кангрэсе навуковай фантастыкі, які ў 2017 годзе прайшоў у нямецкім Дортмундзе.
Намінацыі 2016 год — намінавана на літаратурную Прэмію Цёткі ў катэгорыі «Найлепшая кніга для дзяцей і падлеткаў». 2016 год — намінавана на літаратурную Прэмію Ежы Гедройця. 2016 год — намінавана на літаратурную прэмію «Кніга году».
Крыніцы
Катэгорыя:Літаратурныя творы Беларусі Катэгорыя:Кнігі ў жанры фэнтэзі